У тарыфы на газ і электраэнергію для насельніцтва плануюць уключыць ПДК
З 2016 года плануецца адмяніць падатковую льготу пры рэалізацыі насельніцтву паслуг па газа- і электразабеспячэнні. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэтую меру прадугледжвае праект бюджэту на наступны год.
Фота: sb.by
З 2016 года прапануецца ўстанаўліваць тарыфы на газ і электраэнергію для насельніцтва з улікам падатку на дададзены кошт (ПДК). Сёння ПДК
складае 20%.
Як растлумачылі БелаПАН спецыялісты, знаёмыя з сітуацыяй, прапанова аб уключэнні ПДК у тарыфы для насельніцтва з'яўляецца адной з мер, скіраваных на ліквідацыю практыкі перакрыжаванага
субсідавання.
Зараз сумы ПДК газа- і энергазабеспячальныя арганізацыі адносяць на свае затраты, звязаныя з аказаннем насельніцтву паслуг газа- і электразабеспячэння. Чакаецца, што ў выніку ўключэння ПДК
у тарыфы на газ і электраэнергію павялічыцца працэнт кампенсавання насельніцтвам затрат на аказанне такіх паслуг.
Тэма ўключэння ПДК у тарыфы для насельніцтва на газ і электраэнергію ўжо стала, паводле звестак БелаПАН, прадметам дыскусій на афіцыйным узроўні.
Нагадаем, рэформа тарыфаў з'яўляецца адной з умоў міжнародных фінансавых арганізацый, з якімі Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненні новых крэдытаў.
Трэба адзначыць, што тэмпы росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі вызначаюцца дзяржавай і рэгламентуюцца рашэннямі прэзідэнта. Згодна з указам № 550, прынятым у 2013 годзе,
штогод 1 студзеня тарыфы на такія паслугі павышаюцца ў памеры, эквівалентным 5 доларам.
Беларускія эканамісты чакаюць, што з улікам патрабаванняў крэдытораў тэмпы павышэння тарыфаў могуць паскорыцца. "Тэмпы росту тарыфаў будуць, верагодна, вышэйшымі, чым раней
запланаваныя 5 долараў у год. Паскарэнне тэмпаў павышэння тарыфаў, магчыма, будзе адной з умоў МВФ", — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага
цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Згодна з апошнімі звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у другім квартале 2015 года на аплату жыллёва-камунальных паслуг у сярэднім прыпадала 6% расходаў беларускіх
сем'яў.
"У сувязі з чаканым павышэннем тарыфаў, а таксама з улікам зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, можна меркаваць, што рэформа тарыфаў прывядзе да змены структуры расходаў беларускіх
сем'яў. Доля сямейнага бюджэту, якую трацяць дамашнія гаспадаркі на платныя паслугі, узрасце", — лічыць Барнукова.
Даследаванне Сусветнага банка 2014 года, заснаванае на выніках працы фокус-груп, паказала, што ў выпадку значнага росту тарыфаў частка насельніцтва пачне эканоміць на прадуктах
харчавання. "Для адаптацыі да павышэння тарыфаў на цеплазабеспячэнне малазабяспечаныя дамашнія гаспадаркі з вялікай верагоднасцю зменшаць расходы на харчаванне і адзенне, чым на
ацяпленне", — адзначылі эканамісты СБ.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН