Ледзь не кожную ноч Брэст паглынае цемра
Больш за тысячу жыхароў Брэста падпісаліся за вяртанне святла на начныя вуліцы горада.
euroradio.by
З 17 лістапада па начах у Брэсце адключаюць ліхтары. Вярнуць асвятленне ў цэнтры чыноўнікі абяцаюць да 30 лістапада, паведамляе Еўрарадыё.
"У мэтах аптымізацыі расходу энергетычных рэсурсаў і эканоміі бюджэтных сродкаў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт вырашыў забяспечыць з 17-га лістапада адключэнне ў поўным аб'ёме знешняга асвятлення горада з 24-й гадзіны да 5-й раніцы штодзённа", ― гаворыцца ў заяве гарадскіх уладаў.
У першыя дзве “эканомныя” ночы святло адключалася апоўначы. Цяпер вулічнае асвятленне працуе даўжэй ― да першай гадзіны. У выхадныя дні святло выключаецца, у ноч з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю ліхтары працуюць.
Гараджанне не збіраюцца мірыцца з цёмнымі вуліцамі ў горадзе. Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) сабралі ўжо больш за тысячу подпісаў за вяртанне святла па начах.
“І міліцыя, і пракуратура атрымалі больш за тысячу электронных зваротаў. Мы будзем чакаць рэакцыі ўладаў. Першыя вынікі мы ўжо маем – на адну гадзіну працягнулі начное асвятленне вуліц. З’явілася інфармацыя, што пачынаецца паэтапнае ўключэнне святла. Але ж пакуль толькі на цэнтральных вуліцах горада», — адзначыў у інтэрв’ю Радыё Рацыя брэсцкі актывіст Ігар Маслоўскі.