Сляпы пенсіянер — пагроза для памежнікаў

Праваабаронцы неаднаразова заўважалі, што практыка складання адвольных адміністратыўных пратаколаў супраць «палітычных апанентаў рэжыму» непазбежна адаб’ецца і на шараговых грамадзянах. Пра яскравы прыклад гэтага распавёў вядомы астравецкі праваабаронца Іван Крук.



kantrolj.jpg

У вёсцы Лоша Астравецкага раёна жыве сям’я пенсіянераў: Станіслаў Антановіч, інвалід 1 групы па зроку (значыць — сляпы на абодва вока), і ягоная жонка Наталля Філістовіч. Яны маюць машыну, і часцяком ездзяць да родзічаў у Вільню. 17 верасня яны ехалі да сваякоў праз памежны пункт спрошчанага пропуску «Лоша». Там іх папрасілі загнаць машыну «на яму» для дэталёвага агляду.

З «ямай» у Антановіча і Філістовіч адносіны асаблівыя. У верасні 2013 года іх аўто таксама прайшло поўны агляд, і дакументаў гэтага агляду не складалася. Тады памежнікі не знайшлі нічога незаконнага, але пашкодзілі трубку радыятара і зламалі паплавок у паліўным баку. Рамонт абышоўся ў 70 долараў: для пенсіянераў — сума значная.

Таму пенсіянеры запатрабавалі праводзіць агляд па правілах: у прысутнасці панятых і са складаннем акту агляду, каб не было непаразуменняў. Аднак памежнікі павялі сябе дзіўна.

Начальнік змены заявіў, акту дагляду ён складаць не будзе. Потым супрацоўніца памежнай службы сказала, што анулюе візы. Праўда, якім чынам беларускі памежнік можа ануляваць візу, выданую літоўскім консульствам, яна не патлумачыла. Потым той жа начальнік змены паспрабаваў «дамовіцца»: вы праходзіце агляд, а мы вас прапускаем. На гэта Антановіч і Філістовіч пагадзіліся, але толькі са складаннем акту агляду. Начальнік змены ў чарговы раз з гэтым не пагадзіўся. Нарэшце Антановіч адчуў сябе кепска, і сям’я змушаная была вярнуцца дадому.

Якое ж было ў іх здзіўленне, калі яны даведаліся, што на наступны дзень, 18 верасня, на іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за «знявагу службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў»! Прычым, у пратаколах не было сказана, як яны зневажалі памежнікаў і ў сувязі з чым узнік канфлікт.

pasvedchanne.jpg

А 26 верасня на парозе іхняга дома з’явіўся старшы лейтэнант памежнай службы з дзіўнай просьбай. Ён патлумачыў: неабгрунтаваныя пратаколы суд вярнуў «на дапрацоўку». Памежнікі склалі новыя пратаколы, дзе ўжо канкрэтызавалася, што Антановіч у адказ на просьбу праехаць на агляд аўтамабіля, пагражаў памежнікам «даць кулаком у твар» і ўсяляк іх зневажаў. Зневажала памежнікаў і Філістовіч. Лейтэнант прасіў у гэтых пратаколах распісацца. Даволі арыгінальна…

Акрамя таго, паводле пратаколаў, просьба загнаць машыну «на яму» тычылася сляпога Антановіча, а не ягонай жонкі, якая была за рулём. І, дарэчы, як сляпы на абодва вока Антановіч мог пагражаць даць камусьці «ў твар»?

Падпісваць пратаколы Антановіч і Філістовіч адмовіліся ды звярнуліся за дапамогай да Івана Крука.

Разбіральніцтва па іх справе адбылося 24 кастрычніка. Суд Астравецкага раёна адмовіў грамадзянам у выкліку сведкаў і заплюшчыў вочы на парушэнні пры складанні пратаколаў. Суддзя не зацікавіўся адсутнасцю тлумачэнняў, якія павінны даць грамадзяне пры складанні пратаколаў, не прыняў пад увагу, што Антановічу і Філістовіч не былі патлумачаныя правы і абавязкі, не настойваў на запыце дадзеных з камер відэаназірання, задаволіўшыся даведкай, што яны «не працавалі», і галоўнае — ухіліўся ад прававой ацэнкі адмовы памежнікамі складаць пратакол адгляду транспартнага сродку.

Залішне казаць, што сведкамі і пацярпелымі пры разбіральніцтве выступалі выключна супрацоўнікі памежнага пункта пропуска.

У выніку Наталля Філістовіч была аштрафаваная на 3 мільёны 750 тысяч рублёў, а Станіслаў Антонавіч — на 3 мільёны.

Але справаю ўжо займаўся Іван Крук. Ад імя сям’і ён запатрабаваў матэрыялы справы, каб абскардзіць вырак у судзе Гродзенскай вобласці. Аднак (ізноўку дзіва!) з суда Астравецкага раёна матэрыялы справы амаль імгненна былі адпраўленыя ў той самы абласны суд, і азнаёміць з імі грамадзянаў для напісання скаргі магчымасці няма! Крук звярнуўся ў абласны суд з папярэдняй скаргай, у якой апісаў сітуацыю. І з абласнога суда матэрыялы справы зноўку адправілі ў суд Астравецкага раёна: на азнаямленне Антановічу і Філістовіч. Але папярэднюю скаргу суд прыняў, адтэрмінаваўшы яе разгляд.

Зразумела, з-за чаго ўзнік канфлікт: з-за адмовы памежнікаў выконваць правілы дагляду аўтамабіля. А вось чаму яны адмовіліся іх выконваць? Па законе, памежнік па першым патрабаванні грамадзяніна павінен складаць пратакол агляду, прычым, у двух экземплярах — адзін грамадзяніну, адзін сабе. Гэта прадугледжвацца менавіта для таго, каб пазбегнуць канфлікту ў выпадку пашкоджання аўто, альбо іншых непаразуменняў.

Па меркаванні кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) Алега Волчака, такія справы ўвогуле не павінны даходзіць да суда.

«Гледзячы па пратаколах, памежнікі не ведаюць адміністрацыйнага працэсу: як, дзе і ў якія тэрміны складаецца пратакол. Ён складаецца ў той жа дзень, калі было здзейснена правапарушэнне, з абвінавачаных бяруцца тлумачэнні, запісваюцца іх пярэчанні, тлумачыцца права на абарону. Калі гэтага не зроблена, згодна з тлумачэннямі Вярхоўнага суда, справа павінна быць закрытая, і ў далейшым у суд не вяртацца, — кажа Волчак. — Відэакамеры на памежным пункце не працавалі? Гэта зона асаблівага кантролю, відэазапіс там вядзецца 24 гадзіны на суткі. Мы ўжо не першы раз бачым, калі камеры «не працуюць» у патрэбны момант. Вырак суду заснаваны толькі на паказаннях зацікаўленых асобаў — памежнікаў. Спасылкі на тое, што сведкаў дапытаць немагчыма, бо яны грамадзяне Літвы, — недарэчныя. У нас з Літвой існуе дамова аб прававой дапамозе: сведкаў могуць дапытаць у Літве без выкліку ў Беларусь, і перадаць іх паказанні ў пісьмовым выглядзе».

Дарэчы, «Прававая дапамога насельніцтву» выпусціла «інфармацыйныя карткі» для жыхароў Астравецкага раёна, дзе напісана, на што маюць права грамадзяне пры пачатку адміністрацыйнай справы. А таксама Волчак прапануе Дзяржаўнаму памежнаму камітэту правесці прафілактычна-адукацыйную працу сваіх сярод работнікаў. Каб яны ведалі не толькі свае правы і абавязкі, але і правы і абавязкі грамадзянаў. «Як праваабаронцы, мы са свайго боку гатовыя паўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах», — адзначыў Волчак.