Горкі: суд пастанавіў спагнаць грошы з “Узгорка” і БелаПАН

У судзе Горацкага раёна 18 снежня пасля доўгага перапынку працягнуўся разгляд справы па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай да ЗАТ “БелаПАН” і прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", якое выдае газету пад такой жа назвай.



gorki_sud_uzgorak.jpg

Судовы працэс пачаўся ў 10-30 раніцы і з перапынкамі працягваўся амаль увесь дзень 18 снежня. На судовае пасяджэнне ні сама пазоўніца, ні яе абаронца не з’явіліся. Суддзя Віктар Яскевіч адзначыў, што прычыны адсутнасці пазоўніцы суду невядомыя і прыняў рашэнне разглядаць справу без прадстаўнікоў з боку пазоўніцы.

Падчас судовага пасяджэння ў якасці сведкаў выступілі прадстаўнікі з боку адказчыкаў — Соф’я Шатоба, Капіталіна Землякова, Валінціна Цішковіч і Святлана Міхеенка, якія пацвердзілі, што змешчаная ў публікацыях у перадрукаваных “Узгоркам” матэрыялах БелаПАН інфармацыя сапраўды дакладна перадае іх словы і меркаванні, якія былі выказаныя на судовым працэсе паміж чальцамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай, што праходзіў напрыканцы мінулага года.

Нягледзячы на гэта, а таксама на той факт, што ў публікацыях, змешчаных ва “Узгорку”, прыводзілася і супрацьлеглае меркаванне Тамары Калтуновай, суд Горацкага раёна прыйшоў да высновы, што ў журналісцкіх матэрыялах мела месца знявага гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Тамары Калтуновай.

Суддзя Віктар Яскевіч прыняў рашэнне спагнаць з прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", ЗАТ “БелаПАН” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў салідарным парадку 6 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай. Суд таксама абавязаў адказчыкаў аплаціць судовыя выдаткі, якія панесла Тамара Калтунова, у памеры 780 000 рублёў.

Нагадаем, што ў лютым 2014 года старшыня Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамара Калтунова падала пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Горацкага раёна да газеты “Узгорак” і яе рэдактара Галіны Буднай. Тамара Калтунова абвінавачвала газету “Узгорак” у паклёпе, патрабавала спагнаць з яе грошы ў памеры 50 мільёнаў рублёў і апублікаваць пісьмовае абвяржэнне апублікаваных у газеце матэрыялаў.

Пры разглядзе справы суд Горацкага раёна прыйшоў да высновы, што надрукаваная ў газеце інфармацыя была атрымана “Узгоркам” ад інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, таму Галіна Будная з’яўляецца неналежным адказчыкам. Суд вырашыў, што новым адказчыкам па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай будзе выступаць ЗАТ “БелаПАН”. Таксама ў якасці адказчыкаў было вызначана прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "УзГорак" і журналіст Уладзімір Лапцэвіч, які займаўся падрыхтоўкай перадрукаваных "УзГоркам" матэрыялаў агенцтва БелаПАН з судовых пасяджэнняў паміж горацкімі інвалідамі і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай, што адбываліся ў 2013 годзе.

Пасля некалькіх судовых пасяджэнняў 17 красавіка суддзя Віктар Яскевіч прыпыніў разгляд дадзенай грамадзянскай справы да заканчэння правядзення Горацкім раённым аддзелам Следчага камітэта праверкі па факту змены Тамарай Калтуновай пашпартных дадзеных. Выступіла з хадайніцтвам дачакацца прадстаўлення матэрыялаў праверкі сама пазоўніца Тамара Калтунова.

У чэрвені 2013 года пракуратура Горацкага раёна паведаміла, што з красавіка 2001 г. па травень 2004 г. Тамара Калтунова, выкарыстоўваючы пашпарт з несапраўднымі дадзенымі аб дні нараджэння, незаконна атрымала ў лік пенсіі каля 3,5 мільёна рублёў. 18 траўня 2013 года Тамара Калтунова гэту суму цалкам вярнула, прызнаўшы віну. У сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны крымінальная справа аб махлярстве ў адносінах да Тамары Калтуновай не ўзбуджалася. Супрацоўнікі праваахоўных органаў неаднаразова пісьмова пацвярджалі, што ў дзеяннях Тамары Калтуновай, якая выкарыстоўвала пашпарт з несапраўднай датай нараджэння, угледжваецца склад злачынства.

spring96.org