Алена Мальцава: Мой муж невінаваты

Жонка генеральнага дырэктара “Барысаўдрэва” Алена Мальцава адразу пасля вынясення абвінаваўчага выраку яе мужу Уладзіміру заявіла журналістам, што прысуд неправамерны і што лічыць асуджанага невінаватым.  



20141220_115721_logo.jpg

Жонка Уладзіміра Мальцава

У суботу, 20 снежня, Мінскі абласны суд прызнаў кіраўніка “Барысаўдрэва” Уладзіміра Мальцава вінаватым у злоўжываннях уладай або службовым становішчам з нанясеннем асабліва буйных стратаў. Дарэчы, сам Мальцаў праз адваката Дзмітрыя Гарачку папрасіў журналістаў, якія ўжо знаходзіліся ў залі суда, не весці фота- і відэаздымкаў (прынамсі яго асабіста).

“Суд прыгаварыў Уладзіміра Мальцава прызнаць вінаватым у здзяйсненні дзеянняў, якія пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаве і грамадскім інтарэсам, а таксама цяжкія наступствы, і на падставе часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў”, — гаворыцца ў выраку.

Апроч таго, суд пастанавіў спагнаць з Мальцава на карысць “Барысаўдрэва” суму ўрону ў памеры 1 мільярд 906 мільёнаў 67 тысяч 774 рублі, а таксама дзяржпошліну на карысць дзяржавы ў памеры 95 мільёнаў 303 тысячы 290 рублёў.

Паводле прысуду, Уладзіміру Мальцаву будзе залічаны тэрмін папярэдняга зняволення. Асуджаны правёў у следчым ізалятары больш за 9 месяцаў, ён быў арыштаваны 11 сакавіка бягучага года.  

Пасля завяршэння агалошання выраку журналісты падышлі да жонкі Уладзіміра Алены (маці асуджанага ў гэты момант залівалася слязьмі, прыгаворваючы: адкуль жа ён возьме такія грошы, у яго ж нічога няма!).

Я лічу, што майго мужа павінны былі апраўдаць. Я ад самага пачатку казала, што ніколькі не сумняваюся ў яго невінаватасці. Далей мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і згодна таму, што параіць адвакат”, — паведаміла Алена Мальцава.

20141220_115914_logo.jpg

 Адвакат Дзмітры Гарачка

Яна адзначыла, што не ведае, куды “падзеліся” тыя лічбы нанесенага дзяржаве ўрону ў памеры 17 мільярдаў рублёў, хоць абвінавачанне настойвала менавіта на такой суме. “Я не ведаю, якімі думкамі кіраваўся суддзя”, — сказала жонка асуджанага. 

Яшчэ адзін момант: суддзя даў Мальцаву адзін месяц пасля ўступлення прысуду ў законную сілу на выплату амаль двух мільярдаў рублёў, што выклікала недаўменне ў прысутных. “Наша маёмасць апісана на 400 мільёнаў рублёў. З іх 300 мільёнаў — гэта крэдыт на машыну, прычым крэдыт не проста нейкі фіктыўны, але вельмі істотны, і калі мужа арыштавалі, я перастала яго выплачваць. З якіх сродкаў я магу яго плаціць? Яго яшчэ плаціць гады тры-чатыры. Таму на сённяшні дзень наша галоўная маёмасць — гэта крэдыт за машыну 1991 года выпуску”, — паведаміла Алена Мальцава.

Як вядома, у 2014 годзе аб’яўлялася амністыя. Але суддзя ў сваім выраку ні слова не сказаў пра амністыю ў дачыненні да Мальцава.

І яшчэ. Суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас следчых органаў, якія вялі справу Мальцава: “Па справе таксама вынесена пастанова на адрас начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта, у якой звернута ўвага на выяўленыя падчас судовага разгляду парушэнні законаў пры вытворчасці папярэдняга следства”.

Пра якія парушэнні дакладна ідзе гаворка, невядома ні жонцы асуджанага, ні тым, хто прысутнічаў на працэсе. Тым не менш, канстатацыя фактаў парушэнняў з боку следчых не адбілася на лёсе Уладзіміра Мальцава. Як паведаміў адвакат Дзмітры Гарачка, пасля азнаямлення з прысудам будзе вырашана пытанне аб касацыйнай скарзе на вырак. Алена Мальцава сказала, што настроеная абскардзіць прыгавор яе мужу.