Standard & Poor’s панізіла крэдытны рэйтынг Расіі да «выбарачнага дэфолту»
Рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor's» раніцай 9 красавіка паведаміла пра рашэнне панізіць крэдытны рэйтынг Расіі па абавязальніцтвах у замежнай валюце да ўзроўню «выбарачны дэфолт» («SD»). Гэта азначае, што эмітэнт адмовіўся ад выплат па некаторых абавязальніцтвах.
Паніжэнне рэйтынгу выкліканае тым, што Мінфін Расіі 4 красавіка не змог расплаціцца па еўрабондах у замежнай валюце. Банк, праз які павінен быў прайсці плацёж, адмовіўся выконваць яго праз санкцыі. Тады расійскі Мінфін паведаміў, што правёў выплаты па пазыках у расійскіх рублях.
Аднак многія крэдыторы Расіі ўжо выказаліся супраць такога варыянту. Праз скачкі абменнага курсу пакупнікі расійскіх еўрабондаў не змогуць канвертаваць рублёвыя плацяжы ў доларавыя, эквівалентныя першапачатковым сумам.
У выпадку, калі краіна не можа выплаціць абавязацельствы па ўзятых пазыках, на правядзенне плацяжу даецца месяц. Далей абвяшчаецца дэфолт. У «S&P» не чакаюць, што ўрад Расіі зможа правесці плацяжы на працягу гэтых 30 дзён ільготнага перыяду. «Збольшага таму, што, на нашу думку, санкцыі ў дачыненні да Расіі, верагодна, будуць узмоцнены ў найбліжэйшыя тыдні», — зазначаюць у агенцтве.
У такім выпадку дэфолт Расіі можа быць абвешчаны 4 траўня. Тады ў лік пазык пойдуць расійскія актывы і маёмасць за мяжой.
Паводле «Еўрарадыё».