У Маскве затрымалі журналіста Яўгена Ляўковіча па падазрэнні ў «дыскрэдытацыі арміі»

Каб затрымаць Ляўковіча, паліцыя прыйшла да яго дадому. Пра затрыманне журналіста паведамляе «Свабода».

Яўген Ляўковіч

Яўген Ляўковіч

У Маскве ўвечары 8 красавіка па падазрэнні ў «дыскрэдытацыі арміі» затрыманы журналіст Яўген Ляўковіч. Ён супрацоўнічае з расійскай службай Радыё Свабода.
Як паведаміў сам Ляўковіч, паліцыя прыйшла да яго дадому. «Затрыманы па артыкуле "публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў мэтах абароны інтарэсаў Расійскай Федэрацыі і яе грамадзян, падтрымання міжнароднага міру і бяспекі або выканання дзяржаўнымі органамі Расійскай Федэрацыі сваіх паўнамоцтваў у названых мэтах"» – напісаў у фэйсбуку журналіст, якога вязуць у аддзел унутраных спраў праз усю Маскву. З чым менавіта звязаныя абвінавачанні, пакуль не вядома.
У Расіі адміністрацыйны артыкул аб дыскрэдытацыі быў уведзены пасля расійскага ўзброенага ўварвання ва Украіну. Паводле яго людзям пагражае штраф. У выпадку паўторнага парушэння па гэтым артыкуле могуць распачаць крымінальную справу з пакараннем да трох гадоў пазбаўлення волі. Па адміністрацыйным артыкуле штрафы былі прысуджаны дзясяткам людзей, у тым ліку за плакаты ці допісы з патрабаваннем міру. 
У расійскі крымінальны кодэкс пасля пачатку вайны быў уведзены і артыкул аб так званых фэйках пра войска. Па ім таксама распачалі дзясяткі спраў, у тым ліку супраць журналіста з Кемерава Андрэя Навашова, які супрацоўнічае з Радыё Свабода.