Лішнія міністэрствы?
«З Расіяй — усё», — прыкладна так павінна думаць наша кіраўніцтва пасля звестак ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. На датацыі і крэдыты «вялікай сястры» разлічваць ужо не даводзіцца. А значыць, трэба шукаць іншыя рэсурсы.
Расія не выдае Беларусі крэдыт у 600 мільёнаў долараў, які мы просім у яе з лютага. На міулым тыдні стала вядома, што краіна не атрымае і апошні транш крэдыту ад ЕФСР у 200 мільёнаў тых жа «зялёных». Маўляў, «тэрміны даступнасці крэдыту прайшлі». Насамрэч, па меркаванні экспертаў, Расія, якая з’яўляецца галоўным донарам ЕФСР, звязвае абмеркаванне фінансавых пытанняў з праграмай паглыблення інтэграцыі паміж краінамі.
Давядзецца ашчаджаць. Першы крок да «ашчаднай» палітыкі, падобна, зроблены. Прынамсі, яго пазначыў Аляксандр Рыгоравіч. У час нарады па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі ён прайшоўся па Міністэрстве інфармацыі. Паводле кіраўніка дзяржавы, нам патрэбная моцная антынаркатычная прапаганда па ўсіх напрамках, і на яе неабходна кінуць усе рэсурсы — ад традыцыйных СМІ да сацсетак.
Ён, урэшце, адзначыў, што наркаманамі ў большасці выпадкаў становяцца маладыя людзі, якія «не ўсведамляюць да канца небяспеку наркотыкаў». А таму «дзейнічаць неабходна на апярэджанне па лініі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і, вядома, перш за ўсё сям’і. Важнае значэнне мае ўдасканаленне антынаркатычнай прапаганды з улікам інтарэсаў моладзі. Нароўні з традыцыйнымі СМІ тут варта актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў», — сказаў Лукашэнка.
І адзначыў, што Мінінфармацыі ў гэтым пытанні практычна бяздзейнічае. «У гэтым плане дзейнасць Міністэрства інфармацыі зараз малапрыкметная. Я наогул нешта не бачу гэтага міністэрства. Можа, яно нам не трэба?» — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.
Пра тое, што Мінінфарм нам не трэба, даўно ўжо кажуць медыя-аналітыкі і журналісцкая супольнасць. Бо гэтае міністэрства фактычна дублюе іншыя дзяржаўныя органы. Напрыклад, каб зарэгістраваць СМІ, трэба спачатку зарэгістраваць фірму з правам выдавецкай дзейнасці — а навошта гэтая падвойная рэгістрацыя? Вынясенне папярэджанняў СМІ і прыпыненне іх выхаду ў выпадку парушэння заканадаўства — гэта пракуратура і суд. Разборам скаргаў грамадзян на СМІ цалкам можа займацца нейкая назіральная камісія. Ад 2009 года пры ўрадзе створана грамадская каардынацыйная рада ў сферы масавай інфармацыі — чым яна займаецца?
Вось і атрымліваецца «лішні» Мінінфарм.
На мінулым тыдні таксама адзначылася міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У праграме «Галоўны эфір» на БТ яна агучыла некалькі цікавых лічбаў. Паводле яе дадзеных, зарэгістраванае беспрацоўе ў гэтым годзе трымаецца на ўзроўні 0,3%. Сярэдні тэрмін пошуку працы — сем месяцаў, у той час як у мінулым годзе было амаль 8 месяцаў. Каля 20% беспрацоўных шукалі працу больш за год.
Па словах Ірыны Касцевіч, у дзяржаўную службу занятасці штогод звяртаецца каля 200 тысяч чалавек, а за першае паўгоддзе ў краіне было створана больш за 30 тысяч працоўных месцаў. У той жа час напружанай лічыцца сітуацыя на рынку працы ў 53 рэгіёнах Беларусі.
А зараз — крыху матэматыкі. Практыкаванне першае. У Беларусі ўсяго 118 раёнаў. Напружаная сітуацыя з працай у 53 з іх. Ці можам мы сказаць, што складанасці з пошукам працы — амаль у палове краіны?
Практыкаванне другое. Згодна з Белстатам, эканамічна актыўнае насельніцтва краіны ў верасні 2019 года складала 4 мільёны 341 тысячу 300 чалавек. Для роўнасці возьмем лічбу ў 4 мільёны 350 тысяч. Адпаведна, 1% — гэта 43500. Тыя 200 тысяч чалавек, што звяртаюцца штогод у цэнтры занятасці — гэта 4,59% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры гэтым «зарэгістраванае беспрацоўе» ў нас на ўзроўні 0,3%. І нельга казаць, што той, хто звярнуўся ў службу занятасці, адразу знаходзіць працу і вылятае са спісу «лайдакоў» — сама Касцевіч сказала пра тэрмін пошуку працы ў 7–8 месяцаў…
Такім чынам, можа быць нам і Міністэрства працы разагнаць? Хаця б да таго часу, пакуль міністарка і яе супрацоўнікі з матэматыкай пасябруюць?
Ім, напэўна, дапаможа Міністэрства адукацыі. Там якраз набыла моц пастанова аб зацвярджэнні навучальных праграмаў. Паведамляецца, што змены закрануць праграмы для вучняў з 5-га па 11-ы клас, больш за ўсё новаўвядзенняў — для 9-класнікаў.
Да кожнай вучэбнай праграмы прыводзіцца тлумачальная запіска. Напрыклад, па рускай мове яна такая: «Мэта навучання рускай мове — сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і гаворкі; навучыць іх карыстацца мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, пісьмо, маўленне) і ў абраных сферах прымянення мовы; развіваць інтэлектуальную, духоўна-маральную, камунікатыўную, грамадзянскую культуру вучняў», — гаворыцца ў дакуменце.
Не менш цікавая і запіска для мовы беларускай: «Вывучэнне беларускай мовы не можа абмяжоўвацца запатрабаваннямі асобы ў лінгвістычных ведах, азнаямленнем вучняў з моўнымі адзінкамі і законамі. Абавязак устаноў адукацыі — навучыць сваіх выхаванцаў карыстацца беларускім словам, дапамагчы ім авалодаць маўленчай этыкай і культурай. Вучням трэба даць такую лінгвістычную адукацыю, якая дапаможа ім не толькі граматычна правільна ствараць і афармляць свае вусныя і пісьмовыя паведамленні, але і выбіраць з багатага арсеналу выяўленчых моўных сродкаў самыя трапныя, самыя дасканалыя і пераканальныя. У сувязі з гэтым неабходна штодзённа ўдасканальваць маўленчую практыку вучняў, якая наладжваецца ў форме гутаркі, пісьма, чытання, публічных выступленняў, слухання радыё- і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў».
Цікава, а раней у школе не вучылі, кажучы моваю гэтых запісак, «карыстацца мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці»? Ці «граматычна правільна ствараць і афармляць свае вусныя і пісьмовыя паведамленні»? Чым раней займалася Мінадукацыі? Можа, і яно нам не патрэбнае, калі толькі зараз «скарэктавала праграму» для навучання відавочным рэчам?
Цікава, колькі можна зэканоміць на трох міністэрствах? І колькі мы будзем ашчаджаць, калі пашукаем яшчэ што-небудзь непатрэбнае?