«Татальная дэградацыя ўсёй беларускай турыстычнай галіны»

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паглядзеў на статыстыку Белстата, прысвечаную міжнароднаму дню турызму, які прайшоў 27 верасня. І параўнаў яе з «дакавіднай» статыстыкай 2019 года. Лічбы проста шакавальныя.

20170716mir010.jpg


Важна адзначыць, што статыстыка ахоплівае не зусім удалы перыяд для Беларусі ў цэлым — 2021 год, адзначаны пандэміяй, санкцыямі супраць беларускіх авіякампаній і іншымі непрыемнасцямі, якія стварылі масу праблем як уязному, так і выязному турызму. Але будзем вывучаць тое, што ёсць, спрабуючы параўноўваць і прапаноўваць здагадкі.

Усяго паводле афіцыйнай статыстыцы ў 2021 годзе ў краіну ўехала 3,4 мільёны замежных грамадзян, гэтая лічба ўключае ў сябе грамадзян, якія перасеклі беларуска-расійскую мяжу. Пры гэтым колькасць арганізаваных замежных турыстаў, якія наведалі Беларусь, значна больш сціплая — 71 388 чалавек, якія прыбылі з 105 краін свету.

Больш за сотню краін свету — гучыць пераканаўча, але ўзровень гонару за дзяржаву, якую імкнуцца ўбачыць грамадзяне амаль паловы дзяржаў свету, трохі спадзе пасля таго, як мы прааналізуем топ краін, з якіх да нас едуць госці.

На першым месцы чакана знаходзіцца Расія. З яе ў 2021-м годзе прыехала 51 869 чалавек, і пасля гэтай лічбы, у прынцыпе, можна ставіць кропку. Таму што нават другое месца на п'едэстале займае Казахстан з 773 турыстамі, — гэта проста несупастаўная лічба. На трэцім месцы нечакана размясцілася Швейцарыя, з якой да нас прыбыло 613 гасцей, на чацвёртым — Украіна з 591 турыстам (нагадаем, што мы гаворым аб часовым прамежку да 24 лютага гэтага года), і, урэшце, замыкае топ Турцыя з 552 турыстамі.

Жыхары астатніх 100 краін, якія пажадалі наведаць нашу краіну, падзялілі паміж сабой 17 тысяч турыстычных месцаў, што засталіся, таму іх прысутнасць паасобку і зусім выглядае не больш чым нязначнай статыстычнай хібнасцю.

photo_2022_10_03_19_59_45.jpg


Па вялікім рахунку, публікуючы гэтыя лічбы, статыстычны камітэт проста пацвярджае, што ўязны турызм у нашай краіне знаходзіцца ў катастрафічным стане. Для таго, каб гэта зразумець, дастаткова прасачыць тэндэнцыю за апошнія некалькі гадоў. Проста параўнайце: у 2019 годзе Беларусь наведала 405 472 арганізаваныя турысты, а ў 2020-м іх колькасць упала адразу ў пяць разоў, да 80 972.

Яшчэ адзін важны момант заключаецца ў тым, што катастрафічнае адставанне па турыстычным патоку ўсіх астатніх краін ад Расіі настолькі велізарнае, што іх цяпер, па сутнасці, можна не лічыць. Магчыма, прапагандысты з радасцю пра гэта заявяць, але тут важна разумець, што такога роду «імпартазамяшчэнне» — гэта не проста пераразмеркаванне турыстычных патокаў, гэта татальная дэградацыя ўсёй беларускай турыстычнай галіны, якая вельмі хутка адвучыцца працаваць па еўрапейскіх стандартах, на англійскай мове, увогуле, страціць усе тыя нясмелыя парасткі цывілізаванасці, якія з'явіліся пасля правядзення чэмпіянату свету па хакеі.

Расійскі турыст непатрабавальны і далёка не такі плацежаздольны, як падарожнік з Еўрасаюза. У расійскага турыста моцна адрозніваюцца патрэбы. Да таго ж важна адзначыць, што і ён эвалюцыянаваў і паступова губляў цікавасць да «запаведніку СССР» у апошнія гады. Калі ў 2019-м да нас прыехала 217 838 расійскіх турыстаў, то ўжо ў 2020-м — 52 263.


Праўда, у святле апошніх падзей, Беларусь у вачах расіяніна можа хутка стаць не «парталам у савецкае мінулае», а якраз «акном у Еўропу».

Хоць у гэтым бачыцца вельмі слабое суцяшэнне: страчаны турыстычны патэнцыял у апошнія гады проста ўражвае. Толькі ўдумайцеся: у 2019-м годзе Беларусь наведала 76 060 арганізаваных турыстаў з Літвы і 46 305 — з Польшчы. Статыстыка, якая сёння падаецца прынесенай з паралельнай рэальнасці. І там жа, у паралельнай рэальнасці, застаюцца даходы бюджэту ад турпатокаў, новыя працоўныя месцы і змякчэнне візавых абмежаванняў.