Тры змены да лепшага, якія ўгледзеў Кірыл Руды, калі вярнуўся ў Беларусь

«Мы не заходнікі, але і не рускія паводле нацыянальнага менталітэту», — мяркуе Кірыл Руды пра беларусаў і дадае, што гэтая дваістасць, акрамя мінусаў, можа даць і плюсы, паведамляе «Радыё Свабода».



Кірыл Руды

Кірыл Руды

Кірыл Руды, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі і віцэ-прэм’ер, цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі, прэзентаваў у Мінску сваю кнігу пра развіццё эканомікі ў Беларусі пад назвай Веcause We Decided So («Бо мы так вырашылі»). Рускамоўны варыянт кнігі быў прэзентаваны месяц таму.

— Чаму кніга выйшла па-англійску? Да каго вы хочаце дагрукацца ў свеце? — запытаў карэспандэнт “Радыё Свабоды” аўтара за некалькі хвілін да прэзентацыі.

— Бо кніга разлічаная на замежных інвестараў. Яны і сюды запрошаныя сёння на прэзентацыю, як і замежныя дыпламаты. Кніга павінна дапамагчы інвестарам весці справы ў Беларусі, дапамагае зразумець менталітэт беларусаў. Акрамя таго, адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны індустрыяльнаму парку «Вялікі камень», таму запрасілі адміністрацыю «Вялікага каменя», каб сумясціць прыемнае з карысным, яшчэ раз звярнуць увагу на наш індустрыяльны парк.

Кірыл Руды. «Бо мы так вырашылі»

Кірыл Руды. «Бо мы так вырашылі»


— Ваша новая кніга прысвечаная праблемам рэфармавання беларускай эканомікі. А што замінае гэтаму рэфармаванню? Ці, можа, хто замінае? Калі не гатовыя назваць персаналіі — дык, можа, якія групы замінаюць?

— Сама назва кнігі адказвае на гэтае пытанне. І менталітэт беларусаў у тым ліку. Што да персаналій — дык на сябе таксама магу паказаць.

— А якія рысы характару беларусаў не асабліва спрыяюць эканамічнаму росквіту Беларусі?

— У кнізе гэтаму аддадзена шмат увагі, у тым ліку ўплыву нашай культуры, яе асаблівасцяў. Але я больш пісаў пра тое, як гэта змяніць, як палепшыць сітуацыю. Тут і пытанні адукацыі, і вяршэнства права, ды яшчэ шмат чаго, у тым ліку запатрабаванасці рэформаў ад людзей. Але шмат што робіцца ўжо. Вось я паўтара года ня быў у Беларусі, прыехаў і адчуваю, што змены ў краіне ёсць. Пра гэта сведчылі і людзі, якія прыязджалі, распавядалі. Цяпер і сам гэта бачу. Магчыма, няма таго, як кажуць — учора заснуў, а сёння прачнуўся ў іншай краіне — такога пакуль няма. Але некаторыя праблемы, якія абмяркоўвалі, над якімі ламалі галаву паўтара года таму, сёння ўжо вырашаныя.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Прыкладам, раней у нас было Міністэрства гандлю, а цяпер яно ўжо носіць іншую назву — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. І, наколькі мне бачна, змянілася не толькі назва, але змяніліся і падыходы гэтага міністэрства да сваёй працы. У лепшы бок.

Яшчэ адбылася фінансавая стабілізацыя. Мы пэўна бачым, што паказчыкі стабільныя. Хоць мая маці кажа, што ўсё роўна ўсё дорага. Але калі прыслухоўвацца толькі да маёй мамы, дык гэта будзе папулізм. Бо інфляцыя відавочна стала меншая, валютны курс больш стабільны. У справе збору падаткаў таксама шмат зроблена, адбылася аптымізацыя льготаў, шмат якія льготы былі скарочаныя, што, мяркую, станоўча паўплывала на бюджэт.

— А як вы ставіцеся да праблемаў, з якімі цяпер сутыкнуліся карыстальнікі паслуг таксі на міжгародніх маршрутах?

— Магу распавесці пра высакахуткасную чыгунку паміж Пекінам і Шанхаем, а ў нашых маршрутках, баюся, я некампетэнтны. Не гатовы адказаць. Так, адарваўся ад глебы, ад маршрутчыкаў дакладна.

Паводле даследаванняў Кірыла Рудага, выкладзеных у ягонай кнізе «Бо мы так вырашылі», культурны код цяперашніх беларусаў, які ўплывае на стан эканомікі, мае некалькі асаблівасцяў. Гэта памяць пра былую вайну, якой спадарожнічае шмат страхаў. Таксама гэта моцныя сямейныя сувязі, якія спараджаюць недавер да замежнікаў. І яшчэ — слабое адчуванне прадпрымальніцтва, завялікае спадзяванне на тое, што ўсе праблемы вырашае дзяржава.

«Мы не заходнікі, але і не рускія паводле нацыянальнага менталітэту», — мяркуе Кірыл Руды пра беларусаў і дадае, што гэтая дваістасць, акрамя мінусаў, можа даць і плюсы, бо сёння праз вяртанне ва ўласны дом развіваюцца самыя дынамічныя краіны.

Таксама Кірыл Руды лічыць, што калі ў беларускім грамадстве зменшыцца запатрабаванасць у аўтарытарызме, гэтая з’ява скончыцца, але дзеля гэтага трэба развіваць у краіне сярэдні клас. Дарэчы, усебаковым даследаванням гэтага класу аўтар плануе прысвяціць сваю чарговую кнігу.

 Кніга Кірыла Рудага «Бо мы так вырашылі: паводзінная эканоміка Беларусі» на англійскай мове выдадзеная накладам 500 экземпляраў. Ажыццяўленню праекту спрыяла прадстаўніцтва ААН у Беларусі.