«Забыты корпус» — малавядомая гісторыя Беларусі з польскім кантэкстам

Магдалена Радзівіл сказала польскаму генералу, што яна беларуска і што яе не трэба абараняць ад беларускіх сялян.

Генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі (у першым шэрагу пасярэдзіне) і штаб 1-га Польскага корпусу, 1918 год. Фота commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі (у першым шэрагу пасярэдзіне) і штаб 1-га Польскага корпусу, 1918 год. Фота commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Вядомы беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў плануе выдаць чарговую кнігу пад назвай «Забыты корпус». У кнізе апавядаецца гісторыя 1-га Польскага корпусу, які быў створаны пад Бабруйскам у 1917 годзе ў Расейскай імператарскай арміі. Камандуючым адзінкай быў генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі. Дарэчы, пазней корпус адыграў важную ролю ў станаўленні Польшчы як незалежнай краіны.

Паводле Ігара Мельнікава, ён быў здзіўлены тым, што пра корпус у Беларусі нічога не вядома і што пра гэта мала ведаюць таксама і ў Польшчы. Таму і прыняў рашэнне напісаць кнігу.

Але ў «Забытым корпусе» будзе не толькі пра гэтае вайсковае фармаванне. Гісторык нагадвае, што неўзабаве — вялікі юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама 100-годздзе польскай дзяржаўнасці (11 лістапада 1918 года). «Дзвюм гэтым датам, а таксама Бабруйску я прысвячаю гэтую кнігу», — кажа Ігар Мельнікаў, нагадваючы, што ён сам родам з гэтага горада.

Кніга ўтрымлівае пяць вялікіх раздзелаў. У адным з раздзелаў распавядаецца пра службу палякаў у Расійскай імператарскай арміі. Спецыяліст звяртае ўвагу на тое, што ў царскай арміі было шмат польскіх частак, для прыкладу, Пулаўскі легіён, часткі кавалерыі, уланы. І вось, генерал Юзэф Доўбар-Мусніцкі вырашыў аб’яднаць гэтыя ды іншыя часткі ў большае фармаванне.

Дарэчы, пазней генерал увайшоў у канфлікт з бальшавікамі і пачаў супраць іх змагацца. У савецкую гістарыяграфію гэтая падзея ўвайшла пад назвай «мяцеж Доўбар-Мусніцкага».

Многія польскія афіцэры і генералы, якія стаялі ў вытокаў незалежнага Войска Польскага пасля 1918 года, гэта выхадцы з Расейскай імператарскай арміі. Ігар Мельнікаў звяртае ўвагу на тое, што расейскія военачальнікі, для прыкладу, вядомы генерал Антон Дзянікін, адзначалі, што палякі — гераічныя і адважныя людзі.

Хоць з іншага боку, заўважае аўтар кнігі, былі і скаргі на 1-ы Польскі корпус, асабліва з боку беларускіх сялян, якія наракалі на паборы ды розныя зборы. Цікава тое, што славутая Марыя Магдалена Радзівіл нават напісала скаргу Доўбар-Мусніцкаму, дзе зазначыла, што яна беларуска і не хоча, каб польскі корпус браў яе пад ахову ды аказваў нейкую дапамогу, бо яна і сама дамовіцца з беларускімі сялянамі.





Кніга «Забыты корпус» — гэта некамерцыйны праект. Зараз насайце  www.talaka.org ідзе збор сродкаў на яе выданне.

 www.radyjo.net