У Індэксе адкрытасці бюджэту пазіцыя Беларусі горш, чым у Таджыкістана

Беларусь не ўключылі ў «Агляд адкрытасці бюджэту» за 2017 год, бо наша краіна распрацоўвала і апублікавала толькі 5 з 8 ключавых дакументаў, якія ацэньваюцца ў рэйтынгу.

Фота searchengineland.com

Фота searchengineland.com

Беларусь не была ўключаная ў афіцыйны рэйтынг «Агляд адкрытасці бюджэту» за 2017 год. Аднак пазіцыі Беларусі даволі нізкія.

Пра гэта паведаміў на канферэнцыі "Дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі: інавацыі і / або стабільнасць?», якая прайшла ўчора ў Мінску, эксперт SYMPA / BIPART, кіраўнік праекта «Кошт урада» эканаміст Уладзімер Кавалкін. Ён прадставіў рэзюмэ пілотнага даследавання адкрытасці дзяржаўнага бюджэту Беларусі 2017 года.

У Беларусі пілотнае даследаванне «Агляд адкрытасці бюджэту» было ажыццёўлена няўрадавай арганізацыяй SYMPA пры падтрымцы з боку Сусветнага банка.


Параўнальныя характарыстыкі


Рэйтынг «Агляд адкрытасці бюджэту» за 2017 год праводзіўся ў шосты раз. Ён ахапіў 115 краін, у тым ліку 13 дзяржаў-пачаткоўцаў. Сярэдні вынік Індэкса адкрытасці бюджэту сярод даследаваных у 2017 годзе краін склаў 42 балы са 100 магчымых, што сведчыць аб тым, што ўзровень бюджэтнай празрыстасці ў свеце даволі невысокі.

Разам з тым, Расія ў індэксе набрала 72 балы, Польшча — 59, Украіна — 54, а Таджыкістан — 30. Колькі балаў набрала Беларусь, Уладзімір Кавалкін не сказаў, бо наша краіна не была ўключана ў афіцыйны рэйтынг, паколькі не прайшла поўны цыкл праверкі вынікаў даследавання. Аднак, па словах эканаміста, «у нас пазіцыя горш, чым у Таджыкістана».


Празрыстасць дакументаў

У прыватнасці, як расказаў Уладзімір Кавалкін, па такім параметры, як «Папярэдная бюджэтная заява (2018 фінансавы год)», наша краіна набрала 44 балы (са 100 магчымых балаў), па параметры «Прыняты бюджэт» (2017 фінансавы год)» — 72 балы, па параметры «Бягучыя справаздачы (2016/2017 фінансавы год)» — 62 балы, па параметры «Гадавая справаздача аб выкананні бюджэту (2016 фінансавы год)» — 28 балаў, па параметры «Аўдытарская справаздача» (2016 фінансавы год)» — 33 балы.

Пры гэтым за «Праект бюджэту выканаўчай улады (2018 фінансавы год)», «Грамадзянскі бюджэт (2017 фінансавы год) » і «Паўгадавы агляд (2017 фінансавы год)» Беларусь атрымала 0 балаў, бо на той момант падобныя дакументы адсутнічалі. Такім чынам, Беларусь распрацоўвала і апублікавала 5 з 8 ключавых дакументаў, якія ацэньваюцца «Аглядам адкрытасці бюджэту».

У той жа час, як падкрэсліў Уладзімір Кавалкін, некаторыя пазітыўныя змены, прынятыя Міністэрствам фінансаў пасля 2017 года, у рэйтынгу улічаныя не былі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра публікацыю «Грамадзянскага бюджэту» ў студзені 2018 года і выпуску штомесячных бюлетэняў. У сувязі з гэтым Уладзімір Кавалкін выказаў упэўненасць, што пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу «Агляд адкрытасці бюджэту» ў будучыні вырасце.


Паводле thinktanks.by