У Беларусь арганізаваных турыстаў прыехала на 18% менш, чым запланавалі
Колькасць арганізаваных турыстаў, якія наведалі Беларусь у 2012 годзе, аказалася на 18,1% меншай за запланаваную — 118 749 замест 145 000. Разам з тым у параўнанні з 2011 годам колькасць такіх турыстаў узрасла на 2 700.
Аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства спорту і турызму са спасылкай на кіраўніка ведамства Аляксандра Шамко, які 5 красавіка правёў у Лагойску выязное
пасяджэнне калегіі Мінспорту.
Паводле слоў Шамко, турысцкія рэсурсы краіны выкарыстоўваюцца недастаткова эфектыўна і далёка не ў поўнай меры. "Так, ёсць некаторая станоўчая дынаміка, мы дабіліся неблагіх вынікаў па
выкананні многіх пунктаў дзяржпраграмы, але сёння дэпартаменту па турызме, Нацыянальнаму агенцтву па турызме яўна не хапае творчага падыходу ў працы, сістэмнага ўзаемадзеяння з іншымі міністэрствамі
і арганізацыямі", — сказаў міністр.
Шамко заявіў, што пакуль недастаткова ўвагі надаецца развіццю ваенна-гістарычнага турызму. "У нас нямала месцаў, якія звязаны са знамянальнымі падзеямі і якія прыцягваюць да сябе
іншаземцаў. Толькі за апошні год беларускія ваенна-гістарычныя комплексы наведалі больш як 300 тыс. турыстаў. Неабходна больш актыўна ўзаемадзейнічаць з клубамі, якія займаюцца рэканструкцыяй палявых
бітваў, ствараць аб`екты наведвання для турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй", — зазначыў ён.
На думку міністра, дадаткова стымуляваць унутраны і ўязны турызм можа развіццё такога кірунку, як караванінг (падарожжа з пражыванннем у аўтадамах і аўтапрычэпах). "Пры наяўнасці
кемпінгаў і адпаведнай інфраструктуры павінна узрасці цікавасць да нашай краіны з боку еўрапейскіх аўтатурыстаў. Парк кемпінг-караў у Заходняй Еўропе ацэньваецца ў 600–700 тыс. адінак. І
ўсюды, дзе ёсць аўтатурызм, прадугледжаны спецыяльныя стаянкі. У нас жа пакуль у наяўнасці толькі адна абсталяваная для гэтага стаянка. Гэта ў корні няправільна", — сказаў
ён.
"Дэпартамент па турызме павінен стаць генератарам новых ідэй, тым падраздзяленнем, якое выбірае галоўнае, разам з Нацагенцтвам умела ўкараняе сучасныя тэхналогіі па распаўсюджванні
інфармацыі пра Беларусь, яе прыцягальнасць для турыстаў", — падкрэсліў Шамко.
Сярод рашэнняў выязной калегіі — стварыць пры дэпартаменце па турызме Мінспорту гамадска-кансультатыўныя саветы па ўсіх відах турызму (па аналогіі з ужо дзейным саветам па развіцці
аграэкатурызму).
Дзмітрый Уласаў,БелаПАН