У Беларусі экспарт дваццаці тавараў знізіўся на $1,5 млрд.

Пастаўкі 20 таварных пазіцый на знешнія рынкі, па якіх адбылося найбольшае зніжэнне экспарту ў студзені-жніўні 2014 года, зменшыліся на $1,5 млрд. у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі. 



deneg_net.jpg

Так, экспарт нафтапрадуктаў у студзені-жніўні 2014 года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на $371,7 млн., шын — на $149,5 млн., трактароў і седлавых цягачоў — на $121,7млн., грузавых аўтамабіляў — на $120,1 млн.

У студзені-жніўні 2014 года адбылося таксама скарачэнне экспарту шэрагу харчовых тавараў. Пастаўкі малака і вяршкоў у аналізаваным перыядзе зменшыліся на $121,6 млн., экспарт беларускай свініны скараціўся на $76,8млн., ялавічыны — на $52,4 млн., каўбас і іншых мясных прадуктаў — на $72,6 млн.

Нагадаем, сальда знешняга гандлю таварамі ў жніўні было адмоўным і склала $223,1 млн. За студзень-жнівень яно дасягнула $1 млрд. 552,1 млн. Дадзеная велічыня з'яўляецца вынікам таго, што ў бягучым годзе сальда ў знешнім гандлі таварамі кожны месяц складваецца адмоўным. Пры гэтым намецілася тэндэнцыя пастаяннага павелічэння велічыні адмоўнага сальда.

Як паведамляе БелаПАН, у першым квартале адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склала $283,3 млн, у другім квартале — $674,5млн., а за два месяцы трэцяга квартала (ліпень і жнівень) — $594,3 млн.

Беларускія эканамісты прагназуюць, што на фоне павелічэння адмоўнага сальда ў знешнім гандлі таварамі сітуацыя ў гандлёвым балансе можа пагоршыцца. Паводле ацэнак экспертаў, аб’ёмы прамысловай вытворчасці сталі ў апошнія месяцы аднаўляцца і таму аб’ёмы імпарту могуць таксама павялічыцца.

Акрамя таго, лічаць эксперты, для падтрымання больш-менш прымальных тэмпаў эканамічнага росту ўлады могуць пайсці на стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці, а гэта адаб’ецца ў павелічэнні аб’ёмаў інвестыцыйнага імпарту. Таму вынікі знешняга гандлю ў другой палове года могуць быць горш, чым у першым паўгоддзі, мяркуюць эксперты Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра.