Кувейт і Саудаўская Аравія гатовыя абрынуць цану нафты да $80

Саудаўская Аравія і Кувейт далі зразумець, што гатовыя мірыцца з нізкімі цэнамі для ўтрымання долі рынку.



nieft.jpg

Ф’ючэрсы на нафту маркі Brent патаннелі на $1,23 да $88,98 за барэль, раней зваліўшыся да $87,74 — мінімальнага ўзроўню з снежня 2010 года. Ф’ючэрсы на WTI знізіліся на $1,14 да $84,68 за барэль.

Саудаўская Аравія і Кувейт, якія ўваходзяць у АПЕК, падобна, не маюць намер скарачаць здабычу нафты і гатовыя мірыцца з нізкімі сусветнымі коштамі. Як паведамілі крыніцы Reuters, прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі казалі ўдзельнікам рынку ў асабістых гутарках, што не пярэчаць супраць падзення коштаў да $80, калі гэта дапаможа краіне змагацца да канкурэнтамі, уключаючы ЗША, дзе імкліва расце здабыча сланцавай нафты.

Міністр нафтавай прамысловасці Кувейта Алі аль-Амаір сказаў дзяржаўнаму інфармагенцтву KUNA, што АПЕК наўрад ці скароціць здабычу нафты, таму што, на думку арганізацыі, гэта ўсё роўна не ўтрымае цэны ад падзення. Па словах міністра, цэны могуць спыніцца ў адзнаках $76-77 за барэль, бо гэта сабекошт здабычы нафты ў ЗША і Расіі.

Нарада АПЕК адбудзецца 27 лістапада, і некаторыя яе ўдзельнікі прапануюць знізіць здабычу з цяперашніх 30 мільёнаў барэляў у суткі, каб сусветныя кошты вярнуліся да адзнакі $100 за барэль. Тым часам, найбуйнейшы вытворца АПЕК Саудаўская Аравія ў верасні падвысіла здабычу да 9,7 мільёна барэляў у суткі з 9,6 мільёна ў жніўні.

Расія ў гэтых умовах можа “распячатаць” свой рэзервны фонд. Расійскаму бюджэту можа спатрэбіцца 500 мільярдаў рублёў (12,4 млрд даляраў па сённяшнім курсе) пры захаванні ў 2015 годзе валацільнасці курсу рубля і цэнаў на нафту, заявіў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў, перадасе ВВС.

«Калі бягучая цана на нафту ў 87 даляраў за барэль захаваецца на 2015 год пры кошце рубля да долара ў 40 рублёў за долар… то мы вымушаны будзем звяртацца да рэзернага фонда», — заявіў Сілуанаў на пасяджэнні бюджэтнага камітэта Дзярждумы.

Міністр папрасіў дэпутатаў прадугледзець у заканадаўстве магчымасць прыцягнення грошай з Рэзернага фонду.

У сваю чаргу, кіраўнік Цэнтрабанка Расіі Эльвіра Набіўліна заявіла ў Дзярждуме, што банк распрацоўвае «стрэсавы» сцэнар развіцця сітуацыі ў эканоміцы, які прадугледжвае зніжэнне цэнаў на нафту да 60 долараў за барэль.

Адначасова ў Расіі ходзяць размовы пра скарачэнне здабычы ўласнай нафты, каб утрымаць кошт на гэты прадукт. Прынамсі, пра гэта пад час міжнароднай энергетычнай выставы ў Абу-Дабі Power Gen — Middle East 2014 казаў намеснік міністра энергетыкі РФ Юрый Сянцюрын, піша Лiга.net.

Палову даходаў бюджэту Расія атрымлівае ад экспарту нафты і газу, цана якога прывязаная да нафтавых коштаў (разам гэта складае дзве траціны паступленняў ад усяго расейскага экспарту).