З каго возьмуць 30% «за валюту»?
На гэты Новы год найпапулярнейшым падарункам у беларусаў будзе зялёная паперачка з выяваю амерыканскага прэзідэнта. Ці нейкіх замежных краявідаў, калі гэта еўра.
«Фінт вушамі» роднага Нацбанка з увядзеннем 30%-нага падатку на куплю валюты можа паставіць пад пагрозу існаванне фінансавай сістэмы Беларусі ўвогуле, і канчаткова збанкруціць народную гаспадарку сінявокай. Эканамісты нездарма кажуць, што гэта «горш за дэвальвацыю». Пры дэвальвацыі хаця б уключаўся «кампенсатарны механізм» у выглядзе продажу долараў насельніцтвам для набыцця тавараў. Зараз такога механізму няма.
Пяць трыльёнаў ці дзірка ад бубліка?
Мінфін Беларусі ўжо падлічыў «навар», які толькі за студзень хацеў бы атрымаць ад уведзенага падатку на набыццё валюты. «Дзеянне збору прадугледжана да 1 лютага 2015 года. Гэта каля 20 дзён біржавых таргоў. З улікам штодзённага попыту і прапановы валюты даходы складуць каля 5 трлн. рублёў», — заявіў у эфіры беларускага тэлебачання першы намеснік старшыні Мінфіна РБ Максім Ермаловіч.
Варта адзначыць, што чаканыя 5 трлн. рублёў за студзень — гэта ў тры разы больш, чым запланаваныя на год (!) у бюджэце-2015 выдаткі на сямейны капітал (1,8 трлн. рублёў), дзеля якіх прыйшлося павышаць з наступнага года стаўку падаходнага падатку з 12% да 13%. Калі палічыь груба, гэта паўмільярды долараў. І траціна таго, што мы чакаем ад Расіі ў выглядзе экспартнай пошліны на нафту.
Між тым, Ермаловіч не патлумачыў, на чым грунтуецца ўпэўненасць у тым, што абароты на біржы захаваюцца. І праўда: у панядзелак, 22 студзеня, валютныя таргі на біржы былі спыненыя. Попыт на валюту перавысіў прагнозны, рост долара склаў 30 рублёў, пасля чаго Нацбанк абвясціў аб тэхнічным прыпынку таргоў замежнымі валютамі.
Чые гэта трыльёны?
Адкуль возьмуцца гэтыя 5 трлн. рублёў? Зразумела, з нашых з вамі кішэняў.
Эканоміка Беларусі — не толькі экспартнаарыентаваная, але яна падвязаная і на імпарт. У самым прымітыўным варыянце, гэта энерганосьбіты — газ і нафта, — якую мы купляем у Расіі за валюту. Для таго, каб стварыць тавар, патрэбная электрычнасць, якую «з’ядаюць» нашыя ТЭЦ і ГЭС, шляхам спальвання газу і мазуту. Газ мы купляем за долары, мазут робіцца з нафты, якая — за долары. Каб давезці тавар да крамы, таксама трэба бензін, які робіцца з нафты, якая купляецца за валюту. Толькі з-за гэтага, па падліках эканамістаў, тавары павінны падаражэць на 15 — 20%. Гэта не кажучы ўжо пра «складаныя вырабы», камплектуючыя для якіх закупаюцца за мяжой, за валюту.
Дзіўным чынам супраць нас працуе той самы «харчовы Кландайк», якім так ганарыліся і на які так разлічвалі беларускія ўрадоўцы. Беларускія тавары «вымываюцца» у Расію. Замест іх у нас з’яўляюцца «замежныя адпаведнікі». Зараз ужо не дзіва сустрэць у крамах польскі сыр ці літоўскую кіўбасу, якія прыйшлі на змену з’ехаўшым да «вялікага брата» нашым сырам і кіўбасам. А гэта ж — таксама валюта. І гэтыя прадукты павінныя падаражэць з-за 30%-нага падатку на куплю долара.
Не будзем казаць пра шматпакутных прадпрымальнікаў, якія возяць тавары з-за мяжы за валюту, а прадаюць іх тут за беларускія рублі. У іх нацэнка складзе якраз тыя самыя 30%, калі не больш. Больш — з той жа самай прычыны: транспарт і бензін.
Дастаткова пайсці па крамах, і паглядзець, хто вытворца той прадукцыі, якая там існуе, і што павінна даражэць. Ледзьве не палова ў крамах — імпарт. Апроч сыроў і кіўбасаў звярніце ўвагу на расійскую грэчку, маянэзы, макароны, украінскія кетчупы. Я ўжо не кажу пра бананы і мандарыны, а таксама польскі яблык і ігрушы. Усё гэта — валюта. Імпарцёрам трэба ўздымаць кошты.
Па шляху да дэфіцыту
Між тым, знакамітае рашэнне Аляксандра Рыгоравіча пра «замарозку» роста цэнаў як мінімум да 15 студзеня будучага году паставіць «на калені» беларускіх імпарцёраў і беларускія прадпрыемствы.
Прадпрыемствы, як казалася вышэй, трацяць валюту на тое, каб нешта стварыць. Але, дзякуючы «мараторыю» на рост цэнаў, павысіць кошты яны не маюць права. Шляхі два: альбо працаваць з 30%-нымі стратамі (і прадпрыемства хутка вылеціць у трубу), альбо спыняць вытворчасць да тае пары, пакуль сітуацыя з валютнымі зборамі не «ўтрасецца».
А што значыць спыніць вытворчасць ці не падвышаць кошты? Гэта наўпроставы шлях да дэфіцыту, калі старыя запасы худа-бедна раскупяцца, а новых тавараў не будзе. І найперш пацерпяць ад гэтага ўлюбёныя навагоднія мандарыны: купляюцца яны за валюту, цана іх падымацца не павінна, а складскіх запасаў пры сённяшнім попыце іх хіба на пару дзён хопіць. Для таго, каб купляць другую партыю, патрэбная валюта. Валюта прадаеца з 30%-най нацэнкай, а павысіць кошт мандарынаў нельга. Значыць, мандарыны не купляюцца, і ўзнікае дэфіцыт.
Горш за дэвальвацыю
Пры дэвальвацыі ўсё было зразумела: курс долара вырас — выраслі затраты — падвысіліся кошты — прадалі тавар па гэтых коштах, — набылі долары па павышаным курсе. Але паміж ростам долару, ростам цэнаў і набыццём валюты праходзіў пэўны час, і ў час гэтага «люфту» была магчымасць «разгрузіць склады», то бок прадаць старыя запасы па старых коштах.
Зараз немагчыма «прадаць старыя запасы». Бо курс набыцця валюты не ўзрос. Насельніцтва не пабегла ў адно імгненне мяняць долары на беларускія рублі, каб набыць што-небудзь «са складу», гэтыя склады разгружаючы. Наадварот: тыя, хто паспеў стварыць «валютныя кубышкі», заціхарыліся, і чакаюць, пакуль курс пакупкі валюты ўзрасце. А некаторыя гатовыя набываць валюту і з 30%-най нацэнкай.
Ці выжывуць прадпрыемствы?
Насельніцтва перажыве і гэты фінт Нацбанка. Ужо з’явіілся першыя «валютчыкі» з больш рэальным курсам долара. Ужо ствараюцца сайты, аналагічныя «Пракаповічу» у 2011-м годзе. Ужо па сацыяльных сетках ходзяць аб’явы: «Прадам бесхозныя сто баксаў». Немагчыма ў сённяшнім грамадстве дзейнічаць, як у СССР, дзе афіцыйны курс долара быў 60 капеек. Ды й у СССР гэта не працавала, чаму павінна спрацаваць у век інтэрнэту?
Тыя, у каго ёсць долары, будуць ездзіць «на закупы» ў Літву, Польшчу і Расію. Тыя, у каго іх няма, абыйдуцца без мандарынаў, і толькі будуць клясці ўладу за іхныя 30%.
А вось што будзе з беларускімі прадпрыемствамі? Загадка яшчэ тая. Улічваючы таксама факт, што 50% валютнай выручкі яны абавязаныя здаць дзяржаве па курсе Нацбанка, а набыць валюту — па тым жа курсе і «плюс 30%».
Падаецца, гэта капец «эканамічнага цуда». Чакаем вымушаных адпачынкаў, дэфіцыту, валютчыкаў, і… Вам не падаецца, што мы гэта ўжо праходзілі ў тыя самыя «ліхія 90-я»?
P.S. Калі пісаўся гэты матэрыял, стала вядома, што Нацбанк рэкамендаваў абмежаваць спрэд паміж курсам куплі і курсам продажу 5%. У сувязі з тым, што продаж наяўнай валюты фізічным асобам ажыццяўляецца з 30% камісіяй, то рэальны курс продажу складае ўмоўна не 11.118 рублёў за долар, а 14460 рублёў за долар (з акругленнем). У гэтым выпадку курс куплі наяўнай валюты не павінен быць ніжэй 13700 рублёў. Ці панясуць беларусы вылюту ў абменнікі?