Заробкі «як бы выраслі». А за кошт чаго?

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў цэлым па краіне стала трохі вышэйшай: у ліпені яна была 1644 рублі, у жніўні паднялася да 1666 рублёў. Але відавочных прыкмет, якія б гаварылі аб тым, што эканоміка краіны пачала «выграбаць», на гарызонце няма. Дык за кошт чаго выраслі заробкі, задаецца пытаннем тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg


Пра тое, што намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў краіне ўзрасла, напэўна, вы даведаецеся з дзяржаўных СМІ. Але ўсё ў дзяржаўных СМІ вам, хутчэй за ўсё, не раскажуць.

Калі параўнаць цяперашнюю рэальную сярэднюю заработную плату з той, што была ў аналагічным месяцы мінулага года (улічваючы інфляцыю), то акажацца, што яна не толькі не вырасла, але мы яшчэ і ў мінусе. Праўда, ён скараціўся: з мінус 5,9% у ліпені да мінус 4% у жніўні.

Вельмі хацелася б прадставіць скарачэнне «адмоўнага росту» як станоўчую тэндэнцыю, але не варта цешыць сябе нічым не падмацаванымі надзеямі. Паглядзеўшы на стан спраў у апошнія месяцы, мы ўбачым, што, зваліўшыся ў сакавіку, статыстыка па зарплаце стабільна вісіць у мінусе, часам крыху большым, часам — меншым. Блізка да мінус 4% мы ўжо пабылі ў красавіку і чэрвені, але кожны раз пасля гэтага падалі ніжэй. Мы не «намацалі дно». Нам няма ад чаго адштурхнуцца. Плаваем коламі, пускаючы бурбалкі, і апускаемся ўсё глыбей.

Відавочных прыкмет, якія б гаварылі аб тым, што эканоміка краіны пачала «выграбаць», на гарызонце няма. Не відаць рэзкага росту попыту на нашу прадукцыю за мяжой. Не чуваць пра вал замежных інвестыцый…

Аднак пры гэтым заробкі растуць, прычым — адразу ў многіх галінах. У сельскай гаспадарцы заработная плата ў ліпені была меншай, чым у аналагічным месяцы мінулага года, а ў жніўні ўжо выйшла на плюс 4%. Гэта можна растлумачыць уборачнай кампаніяй. Трохі выправілася сітуацыя ў прамысловасці, дзе ў ліпені зарплата была мінус 4,5% у адносінах да аналагічнага месяца мінулага года, а ў жніўні падцягнулася да мінус 1,4%. Магчыма, і тут часткова прычына росту ў павышэнні аб'ёму перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, але такое тлумачэнне выглядае ўжо не так пераканаўча.

Рост назіраецца і ў іншых галінах. Напрыклад, на 6% выраслі паказчыкі заробкаў у галіне вытворчасці нафтапрадуктаў. Раптам падраслі заробкі ў транспартнай сферы — з мінус 5,9% у ліпені да мінус 1,4% у жніўні. Нават будаўнічая галіна, якая знаходзіцца цяпер у глыбокім крызісе, крыху палепшылася — з мінус 10,8% да мінус 6,8%.


Сцісла паглядзім на заробкі і ў разрэзе геаграфіі. Практычна ва ўсіх абласцях намінальная сярэдняя зарплата ў жніўні павялічылася. На першым месцы Мінская вобласць з прыростам у 83 рублі, на другім — Віцебская вобласць з плюсам у 44 рублі, на трэцім — Гродзенская вобласць і плюс 39 рублёў. У Гомельскай вобласці заробкі выраслі на 33 рублі, у Магілёўскай — на 31 рубель, у Брэсцкай — на 19. Падзенне на 50 рублёў за месяц назіраецца толькі ў сталіцы. І мы мяркуем, што прычына таму — адток высокакваліфікаваных і высокааплатных кадраў.

Дык што ж адбываецца? Можна меркаваць, што ўрад не імкнецца афішаваць свае «дасягненні» ў некаторых сферах. Чаму? Напрыклад, таму, што гэта — вынік працы «шэрых» схем, і ў беларускім урадзе непакояцца: даведаўшыся пра іх, краіны, якія ўводзілі санкцыі, прымуць меры і «залатаюць дзіркі».

Ёсць і яшчэ адзін варыянт — пачаў паціху працаваць «друкарскі станок». Калі гэта сапраўды адбылося, радавацца росту заробкаў прыйдзецца нядоўга, таму што рост інфляцыі неўзабаве «з'есць» усе дасягненні.

Што першы варыянт, што другі насцярожваюць. Сёння мы бачым адразу некалькі дзіўных сімптомаў, якія кажуць, што беларускай эканоміцы зноў спрабуюць дапамагчы нярынкавымі метадамі.

Такія спробы рабіліся ўжо неаднаразова, але ані разу не прывялі да станоўчага выніку ў перспектыве.