«Зразумела, што гэта — спектакль, але Лукашэнка працягвае лётаць над палямі»
Ці патрэбныя для ўборкі хлеба кіраўнік дзяржавы, яго верталёт і чыноўнікі.
Аляксандр Лукашэнка працягвае інспектаваць ход уборачнай кампаніі. У сераду ён абляцеў на верталёце ўсходнюю частку Мінскага раёна і большасць раёнаў Магілёўскай вобласці.
Плануецца, што ў бліжэйшыя дні кіраўнік краіны асабіста наведае і пракантралюе сітуацыю на палях і ў гаспадарках гэтых рэгіёнаў. Запланаваны мерапрыемствы і на палях Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Аб эфектыўнасці паветраных інспекцый і мэтазгоднасці асабістай прысутнасці вышэйшага кіраўніцтва краіны на палях распавёў экс-дырэктар Інстытута земляробства і селекцыі Міхаіл Кадыраў.
— У свой час я лётаў на верталётах з віцэ-прэм'ерам Аляксандрам Папковым. Ну што там можна ўбачыць? Палегла, не палегла. Прыбрана, не прыбрана. Сьціртаю стаіць там і ня там. А больш нічога і не ўбачыш з верталёта. Калі гаворка аб рэальным кантролі, то трэба пабыць у раёне, каб усё толкам ўбачыць. Паглядзець дарогі, па якіх зерне возяць, ці няма прысыпанага. Паглядзець на хлебапрыёмных пунктах, ці вялікія там чэргі. Гэта ўсё дэталі, якія можна ўбачыць толькі з зямлі, — падзяліўся сваім меркаваннем аб эфектыўнасці верталётных аблётаў палёў экс-дырэктар.
Міхаіл Кадыраў распавёў пра тое, што адбываецца на поле ў час сустрэчы кіраўніка дзяржавы:
— Раней мне даводзілася знаходзіцца на палях, дзе сядаў яго верталёт. Чакаюць яго, журналістаў панаганяюць. Адцягваецца ад працы раённае кіраўніцтва, абласное.
Па словах суразмоўцы, часцей за ўсё Лукашэнка, выйшаўшы з верталёта, пачынаў з крытыкі:
— Усё ўжо ведалі пра гэта, ставіліся з разуменнем — гэта стала нязменнай традыцыяй.
Пасля ўступнай часткі з наганяямі на полі прыходзіць чарга даваць справаздачу чыноўнікам:
— Трэба яму нешта казаць, паказваць. І ўсе разумеюць, што гэта — праца на карцінку, на камеры. Вось, маўляў, кіраўнік дзяржавы ўсё кантралюе.
За доўгія гады ўсе да гэтага прывыклі і дапамагаюць ствараць гэтую карцінку, перакананы Міхаіл Кадыраў:
— Сёння ўжо зразумета, што гэта — спектакль, але кіраўнік дзяржавы ўсё роўна працягвае лётаць над палямі. Мабыць, тут разлік на найменш адукаваныя і дасведчаныя пласты грамадства, якія працягваюць верыць у тое, што ён усё робіць правільна.
Міхаіл Кадыраў лічыць, што падобныя інспекцыі палёў на вышэйшым узроўні сведчаць аб слабасці ўладаў. У першыя гады падобным метадам яшчэ можна было знайсці апраўданне — маладому кіраўніку дзяржавы трэба было ўмацоўваць свой аўтарытэт, паказваючы, што ён кантралюе абсалютна ўсё. Але ў нашы дні вяртанне да старых практык кажа аб часе:
— Як атрымалася, што за больш чым дваццаць гадоў так і не створана эфектыўная сістэма кіравання, а над усім працягвае стаяць кіраўнік дзяржавы з нагаем?
Дасведчанаму гаспадару, перакананы эксперт, не патрэбныя Лукашэнкі і світа чыноўнікаў, каб прыбраць ячмень:
— Ва ўсім свеце мясцовыя адміністрацыі занятыя пытаннямі бюджэту, медыцыны, адукацыі, культуры, яны не адказваюць за ўборку хлеба. За гэта адказвае фермер.
Паводле «Салідарнасці»