14-гадовую гродзенскую школьніцу асудзілі на 10 гадоў калоніі за адзін грам наркотыкаў
Іншым падлеткам з «арганізаванай групы» таксама пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў заняволення.

Ілюстрацыйны здымак
Чатырнаццацігадовую школьніцу з Гродна, якую затрымалі на закладках наркотыка, асудзілі на 10 гадоў калоніі, перадае «Наша Ніва» са спасылкай на «Беларусь 4».
Займалася школьніца гэтым, адзначаецца ў сюжэце, нядоўга.
Паводле памочніцы пракурора Дар’і Пачобут, школьніца «ў складзе арганізаванай групы ажыццяўляла незаконны абарот асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС вагой каля аднаго грама».
Памочніца пракурора дадала, што школьніца займалася распаўсюдам наркотыкаў «на працягу кароткага часу», больш канкрэтна яна не ўдакладніла.
Глядзіце таксама

Суд прызначыў школьніцы 10 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі, прызнаўшы яе вінаватай паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, учынены арганізаванай групай).
Паводле начальніцы інспекцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага РАУС Гродна Дыяны Алешчык, падлеткі знаходзілі аб’явы пра нелегальны заробак у сеціве.
З імі звязваўся куратар і казаў расфасоўваць і даручаў распаўсюджваць наркотыкі, робячы закладкі.
Глядзіце таксама

Усе падлеткі з паспяховых сем’яў, самі наркотыкі не ўжывалі, у поле зроку міліцыі раней не траплялі, дадае Алешчык.
Колькасць затрыманых падлеткаў яна не назвала, але адзначыла, што ўсім ім пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў заняволення.
Крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў, у тым ліку за наркотыкі, падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасці з 14 гадоў.
Другой групай па рэпрэсіях пасля палітвязняў, паводле праваабаронцаў, застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў
Паводле закону, крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў (да іх адносяць і абарот наркотыкаў) падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасці з 14 гадоў, нагадвае «Радыё Свабода».
Другой групай па рэпрэсіях пасля палітвязняў, паводле праваабаронцаў, застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў: яны складаюць амаль траціну ад агульнай колькасці грамадзян, якіх пазбавілі волі.
У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў. Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца змякчэння заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Яны, у прыватнасці, праводзілі галадоўкі.
Паводле праваабаронцаў і экспертаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, бо не адрознівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэння наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэнняў правоў чалавека.