«Каб яны смерці прасілі». Як у беларускіх турмах «лечаць» залежных ад наркотыкаў
Клапатлівая дзяржава стварае ўсе ўмовы, каб асуджаны за наркотыкі стаў на шлях выпраўлення. Але гэта толькі на паперы. А што ў рэальнасці?
Паводле звестак беларускіх уладаў, на медыцынскім уліку ў краіне знаходзяцца каля 14 тысяч нарказалежных. Рэальная іх колькасць, паводле ацэнкі экспертаў, набліжаецца да 100 тысяч. Многія знаходзяцца за кратамі, і калі ў асуджанага ёсць залежнасць ад наркотыкаў, суд прызначае яму прымусовае лячэнне. Эксперты расказалі «Deutsche Welle», як яно праходзіць на практыцы.
У чалавека «ломка», але лекі яму не заўсёды могуць прызначыць
З 2015 па 2022 гады, паводле даных МУС РБ, у краіне было ўзбуджана звыш 41 500 крымінальных спраў за незаконны абарот наркотыкаў. Урач-нарколаг і былы начальнік медчасткі СІЗА ў Брэсце Павел Перапёлкін адзначае, што ў большасці выпадкаў залежнасць ад наркотыкаў фіксуецца ў асоб, якія раней ужо былі судзімыя. І першыя праблемы ў іх пачынаюцца ў СІЗА, там узнікае «сіндром адмены», тлумачыць лекар: у чалавека «ломка», ён не можа нармальна спаць, можа паводзіць сябе агрэсіўна, кідацца на сукамернікаў. Гэта істотна ўскладняе яго адаптацыю да новых умоў.
Паводле слоў Перапёлкіна, медыкі не заўсёды могуць прызначыць транквілізатары, каб купіраваць сіндром. «Была ідэя наогул прыбраць гэтыя прэпараты з медчастак, каб не было парушэнняў пры прызначэннях, — працягвае нарколаг. — У такіх умовах лекары імкнуцца хоць бы прызначыць чалавеку пасцельны рэжым, таму што, паводле агульных правілаў, нельга ляжаць на ложку з 6-й раніцы да 22-й вечара».
У 2013 годзе няправільнае аказанне меддапамогі пры «сіндроме адмены» прывяло да смерці зняволенага Ігара Пцічкіна ў СІЗА №1, за што быў асуджаны фельчар медчасткі. Ён загадаў прывязаць рамянямі асуджанага да ложка, амаль суткі той праляжаў без вады і ежы, у выніку памёр.
Былы супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык, які займаўся расследаваннем той крымінальнай справы, згадвае, што ў дзеяннях медыка было адразу некалькі парушэнняў: прывязваць чалавека рамянямі да ложка можна толькі ў бальніцы, і аддаваць такія распараджэнні можа лекар, але не фельчар. Супрацоўнік СІЗА нават не выклікаў брыгаду хуткай псіхіятрычнай дапамогі, калі сукамернікі паскардзіліся на агрэсіўныя паводзіны асуджанага.
«Падчас следства супрацоўнікі СІЗА дзівіліся: ну, зафіксавалі рамянямі, маўляў, што ў гэтым такога. Падобна да таго, Пцічкін быў не першым, да каго ўжывалі такія меры, хоць у медчастцы СІЗА наогул не павінна было быць такіх рамянёў, — кажа Талерчык. — Тое, што за халатнасць быў асуджаны фельчар, паўплывала на яго калег: яны зразумелі, што за такое парушэнне могуць быць прыцягнутыя да рэальнай крымінальнай адказнасці».
Не лячэнне, а фікцыя
Калі ў асуджанага ёсць залежнасць ад наркотыкаў, суд прызначае яму прымусовае лячэнне (арт. 107 Крымінальнага кодэкса). «Насамрэч гэта фікцыя, — кажа Павел Перапёлкін. — Фармальна асуджаны назіраецца ў лекара-нарколага, але асноўнае лячэнне — гэта знаходжанне ва ўмовах, якія выключаюць магчымасць ужывання наркотыкаў. Менавіта на гэтай падставе праз два гады лячэнне спыняецца. Супрацоўнікі калоніі накіроўваюць у суд дакументы, што ў асуджанага наступіла рэмісія. Але не таму, што ён змяніў мадэль паводзінаў, а проста таму, што ён быў ізаляваны».
У той жа час прымусовае лячэнне залежнасці — маніпулятыўны інструмент, лічыць Перапёлкін: «Пакуль дзейнічае 107-мы артыкул КК, асуджаны не можа разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне або замену пакарання на больш мяккае. На маёй памяці не было і выпадкаў амністыі ў дачыненні да нарказалежных, якім прызначалася прымусовае лячэнне».
Калі залежнасць выклікае засмучэнні псіхікі і паводзінаў, прызначаюць медыкаментознае лячэнне. З гэтым, паводле слоў Перапёлкіна, праблем няма — з папраўкай на тое, што ўсе прэпараты толькі беларускай вытворчасці. «Але спецыфіка псіхічных расстройстваў такая, што існуючыя ўмовы ўтрымання абцяжарваюць магчымасці дыягностыкі і лячэння», — удакладняе лекар.
Праблема ў тым, што ў Беларусі не распрацаваная метадалогія лячэння залежных ва ўмовах несвабоды, працягвае эксперт. У многіх краінах выкарыстоўваюцца групавыя метады. Такія сустрэчы не павінны кантраляваць лекары і псіхолагі, што беларускія ўлады лічаць дадатковым фактарам рызыкі ў турэмных умовах.
Да чаго прывяло стварэнне ў калоніях асобных атрадаў для наркаманаў?
Пасля ўсплёску нарказлачынстваў у Беларусі некалькі гадоў асуджаных накіроўвалі ў асобную калонію (пад Івацэвічамі) і стваралі атрады з нарказалежных у іншых калоніях, дзе такія зняволеныя насілі зялёныя нашыўкі. Аляксандр Лукашэнка публічна патрабаваў стварыць для іх такія ўмовы, «каб яны смерці прасілі».
Такія атрады сталі своеасаблівымі «курсамі павышэння кваліфікацыі» для нарказалежных, перакананы Перапёлкін: «Больш дасведчаныя асуджаныя перадавалі свае веды маладым. Яны расказвалі не пра тое, як пераадолець залежнасць, а пра тое, дзе можна дастаць наркотыкі і як не трапіцца ў наступны раз». Найбольшая праблема, на думку экспертаў, заключаецца ў тым, што часта жорсткасць пакарання не адпавядае цяжару злачынства — асуджаныя перакананыя, што пакараныя несправядліва, а гэта не спрыяе іх выпраўленню.