16 студзеня ў Мінску адбудзецца “круглы стол”, прысвечаны 75-годдзю вялікага тэрору 1937 года і памяці яго ахвяраў

16 студзеня ў  Мінску, у Арт-сядзібе, размешчанай  у гандлёвым доме сталічнага вытворчага аб’яднання “Гарызонт (вуліца імя Куйбышава, 22), адбылося пасяджэнне “круглага стала, прысвечанае 75-годдзю вялікага тэрору 1937 года і памяці яго ахвяраў.



a4d5fad84ee90c1308cc37b52135d5db.jpg

16 студзеня ў  Мінску, у Арт-сядзібе, размешчанай  у гандлёвым доме сталічнага вытворчага аб’яднання “Гарызонт (вуліца імя Куйбышава, 22), адбылося пасяджэнне “круглага стала, прысвечанае 75-годдзю вялікага тэрору 1937 года і памяці яго ахвяраў.

Паводле слоў вядомага айчыннага навукоўца, даследчыка гісторыі  рэпрэсій савецкага камуністычнага таталітарнага рэжыму Ігара Кухняцова,, пасяджэнне прымеркавана да 23-й гадавіны пастановы Савета міністраў БССР "Аб ушанаванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты", якая была прынятая 18 студзеня 1989 года.

"Аднак ні адно з палажэнняў гэтага дакумента не рэалізавана, бо дзяржава дагэтуль не выканала ўзятыя на сябе 23 гады таму абавязацельствы па ўшанаванні памяці ахвяр сталінізму ва ўрочышчы Курапаты. Размова ідзе аб збудаванні помніка, правядзенні адкрытага конкурсу на яго праект і аб уладкаванні ўрочышча, аб фінансаванні гэтых работ, аб вывучэнні  прычын і наступстваў масавых  рэпрэсій 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, а таксама аб выпуску спецыяльнага энцыклапедычнага выдання з мэтай ушанавання памяці ахвяр рэпрэсій", — адзначыў навукоўца. 

Як вядома, лясны масіў Курапаты плошчай каля 30 гектараў, што знаходзіцца на паўночна-ўсходнім ускрайку сталіцы, з’яўляецца самым вялікім у Беларусі месцам масавых рэпрэсій сталінізму супраць бязвінных людзей, бо нават да сённяшняга дня ва ўрочышчы захаваліся 510 групавых пахаванняў. На думку даследчыкаў, супрацоўнікамі НКУС БССР напрыканцы 1930-х — на пачатку 1940-х гадоў ва ўрочышчы былі забітыя ад 30 да 250 тысяч чалавек — грамадзян СССР і іншых краін свету. 

Акрамя Курапат дзяржава дагэтуль афіцыйна не прызнала ніводнага месца ў Беларусі, дзе ў гады сталінізму ўчыняліся масавыя расстрэлы бязвінных людзей; адмаўляецца адкрыць архівы КДБ, апублікаваць імёны ахвяр палітрэпрэсій і праводзіць іх рэабілітацыю, падкрэсліў Кузняцоў.

Паводле яго слоў, 1937 год застаўся ў памяці злавесным сімвалам сістэмы масавых забойстваў, арганізаваных і праведзеных савецкай дзяржаўнай уладай. “1937 года — гэта гіганцкі маштаб рэпрэсій, якія ахапілі ўсе рэгіёны Савецкага Саюза і ўсе, без выключэння, катэгорыі грамадства: ад вышэйшага кіраўніцтва краіны да далёкіх ад палітыкі сялян і рабочых. 1937 год — гэта неверагодная жорсткасць прысудаў, гэта беспрэцэдэнтныя планамернасць і сістэматычнасць тэрарыстычных спецаперацый, праведзеных органамі НКУС, а таксама невядомыя ў сусветнай гісторыі маштабы фальсіфікацыі абвінавачванняў. 1937 год — гэта адраджэнне ў XX стагоддзі норм сярэднявечнага інквізіцыйнага працэсу, гэта надзвычайны і закрыты характар судовай і пазасудовай расправы, гэта кругавая парука, якой сталінскае кіраўніцтва імкнулася павязаць увесь народ, гэта канчатковая дэвальвацыя чалавечага жыцця і свабоды, гэта фантастычнае спалучэнне вакханаліі тэрору з нястрыманай прапагандысцкай кампаніяй, якая ўхваляла так званую самую дасканалую ў свеце савецкую сацыялістычную дэмакратыю, — сказаў Кузняцоў. Паводле яго слоў, па падлікам афіцыйных навукоўцаў, з 1917 па 1953 гады ў БССР рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек, з якіх каля 35 тысяч былі расстраляныя. А па падліках незалежных гісторыкаў, сапраўдная колькасць ахвяр вышэй афіцыйнай лічбы ў 2,5–3 разы, а колькасць расстраляных складае не менш за 280–300 тысяч чалавек, сказаў гісторык.