1863 – KALINOŬSKI. Беларускі нацыянальны код цяпер на саколках!

Калі ўжо так сталася, што вышыванкі вам не блізкія, а вось падкрэсліць сваю адметнасць у вопратцы вельмі хочацца, то знайшоўся годны варыянт. Брэнд Sakolka.by распрацаваў калекцыю “Нацыянальны код”  пазнай “сваіх” у натоўпе. 



yoxeu3m1l7s.jpg

“Будзьма” пагутарыла з адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі Вадзімам Пракопчыкам пра спрэчныя даты беларускай гісторыі і “спартыўны падыход” да нацыянальнага коду.

— Як з’явілася ідэя зрабіць саколкі з датамі?

 — Ідэя ўзнікла ў сяброўскай кампаніі, калі філосаф Міхаіл Баярын прапанаваў зрабіць такую калекцыю. Думкі такія лёталі і ў мяне, але яны не фармуляваліся ў канцэпцыю. А Міхаіл сфармуляваў гэта так добра, што ўсё неяк адразу лягло на сэрца, як цэльная канцэпцыя. Ніякіх знакаў, крыжоў, Пагоняў, каб былі толькі лічбы, як код, зразумелы толькі “сваім”. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у краму ці банк, бачыш знаёмы “код” на саколцы — значыць, перад табой “свой чалавек”. Але “чужыя” нічога не разумеюць. Для іх гэта саколка з лічбамі, амаль як спартовая.

budzma.by__wp_content_uplo_6a163b1cae21737fb8022afe0f909085.jpeg

Праз колькі месяцаў я вырашыў, што час надышоў, і пачаў візуалізацыю гэтай задумы. Новая калекцыя атрымала назву  “Нацыянальны код”. Дарэчы, “Будзьма” ў красавіку 2014 года ўжо неяк расшыфроўвала “Нацыянальны код”, і ў той дыскусіі я таксама, так бы мовіць, браў удзел. Тлумачэнне новай калекцыі мы сфармулявалі так:

“Калекцыя “Нацыянальны код”


Цяпер толькі лічбы. Ніякіх словаў і сімвалаў. Мы будзем пазнаваць адно аднаго на вуліцах здаля. Лічбы. Вядомыя сваім і незразумелыя чужым. Іх усяго дзесяць:

1362 – над татарамі
1410 – над немцамі
1514 – над маскоўцамі
1517 – першая друкаваная кніга
1588 – Статут
1794 – Касцюшкі
1830 – Лістападаўскае
1863 – Каліноўскага
1918 – БНР
1991 – Exodus

Усё зразумела без словаў. Гэта і ёсць наш “Нацыянальны код”

budzma.by__wp_content_uplo_b0c0ea86621a99d3b505eb1f28e9f331.jpeg

Прыступіўшы да рэалізацыі задумы, я вырашыў зрабіць саколкі з нацыянальным кодам чымсьці падобнымі да спартовых. Бо якую першую асацыяцыю выклікаюць нумары на саколках? Так, найперш гэта спорт. Шрыфт лічбаў адпавядае традыцыйнаму шрыфту на хакейных джэрсі. Лічбы таксама трапілі на рукавы (па дзве  з чатырох на кожны). Самае цікавае са спінай – там прозвішча. Гэта можа быць прозвішча пакупніка, напісанае беларускай лацінкай (толькі беларускай лацінкай!), або прозвішча галоўнага героя адпаведнага “коду”. Спіс атрымаўся наступным:

1362 – ALHIERD (варыянт: А. HIEDYMINAVIČ)

1410 –  VITAŬT VIALIKI (варыянт:  V. HIEDYMINAVIČ)

1514 –  ASTROSKI

1517 – SKARYNA

1588 – SAPIEHA

1794 – KAŚCIUŠKA

1830 – PLATER

1863 – KALINOŬSKI

1918 – ŁUCKIEVIČ (варыянты: І. ŁUCKIEVIČ, А. ŁUCKIEVIČ)

1991 – PAŹNIAK

budzma.by__wp_content_uplo_647a4a7cd4ae9172c88895fd899c1c84.jpeg

 

Яшчэ на левым рукаве ёсць так званыя “елачкі”, або “стрэлачкі”. Гэты элемент вельмі распаўсюджаны і ў беларускіх арнаментах, і ў драўляным дойлідстве.

 

budzma.by__wp_content_uplo_14a0c3d2b4abd14d85c4472c082d82ae.jpeg

 

Таксама выкарыстоўваецца як шаўрон на вайсковай форме розных краінаў свету. Нешта падобнае можна пабачыць і на спартовай форме, асабліва любіць выкарыстоўваць яго нацыянальная зборная Даніі. Але чаму толькі Данія? Хіба гэта не беларускі элемент таксама? “Елачкі” будзем раскручваць і надалей. У выніку атрымалася наступнае. Каляровая гама: белы, чырвоны, чорны — у розных спалучэннях.

budzma.by__wp_content_uplo_1ed773b87fc9301350acddf44dd4892b.jpeg

 

— Колькі ўсяго саколак у калекцыі?

— Найперш нарадзіліся даты з трыма Паўстаннямі — 1794, 1830, 1864 і дзвюма Незалежнасцямі – 1918, 1991. Потым Грунвальд — 1410, Орша-1514, Сінія Воды — 1362, галоўныя бітвы з асноўнымі ворагамі: немцамі, маскоўцамі і татарамі адпаведна. Але будзем шчырымі: Сінія Воды ў нас цяпер не такая чытэльная дата, чамусьці ёй увагі надаецца нашмат меней за Грунвальд і Оршу. Потым мы вывесілі гэтыя даты на фэйсбук на абмеркаванне і з процьмы прапаноў пагадзіліся на дзве: 1588 — Статут і 1517 — першая кніга. Астатнія даты побач з гэтымі, пэўна, усё ж іншага маштабу. Былі прапановы і пасля 1991 года, але нам не падалося гэта сур’ёзным. Да таго ж атрымалася іх роўна 10, але мы адкрытыя для далейшых пошукаў і прапаноў, разглядаем усе варыянты.

Якая колькасьць саколак у калекцыі? Дзесяць дат памнажаем на 6 варыянтаў спалучэння колераў і памнажаем на 4 варыянты камплектацыі (прозвішча гаспадара саколкі або героя, без прозвішча і без лічбаў на рукавах). Атрымліваем 240 варыянтаў — ёсць з чаго выбраць.

— Каго вы бачыце сваёй аўдыторыяй?

— Аўдыторыя гэтай калекцыі — “свае”. Гэта значыць тыя, хто можа чытаць коды незалежна ад узросту і прафесіі. Зразумела, галоўным чынам гэта ўзроставы дыяпазон 18–45. Гэта бальшыня, але не ўсе. У нас ёсць цяпер і дзіцячыя саколкі і вялікія памеры, зразумела ж, і жаночыя саколкі, так што гэта толькі пытанне выбару . Дарэчы, тое самае можа быць надрукаванае і на світшоце.

budzma.by__wp_content_uplo_8ffb2add479e621f0a52dfa8db144736.jpeg

—  Ці былі “спрэчныя” даты? Калі так, то якія?

—  Не было спрэчных, былі сумнеўныя. Сумнеўныя выкідалі, бо сумнеўныя даты – гэта не коды. Наогул, ёсць пытанне і да гэтых дзесяці. Напрыклад, Сінія Воды, ці Скарына або Статут – я не ўпэўнены, што гэта чытэльныя коды нават для прасунутых аматараў гісторыі, але попыт пакажа. Не будзе замоваў на гэтыя коды – мы іх прыбярэм, бо коды мусяць быць агульнанацыянальнымі.  Акцэнт сёння на ваярства, і ён зразумелы. Ваярскія коды – самыя чытэльныя і зразумелыя грамадству. Грунвальд, Орша і тры Паўстанні, безумоўна, будуць фаварытамі, што ўжо і дэманструюць першыя тыдні продажу. Але пабачым як яно будзе. Калекцыя атрымалася вельмі пазітыўнай і сучаснай, працаваць над ёй – суцэльнае задавальненне.

Юрась Ускоў, budzma.by