25 год Чарнобыльскай катастрофы

“Калі падняцца на тэлевежу ў Вільні, то добра бачны хутар Нарвілішкі па беларускі бок мяжы, дзе рыхтуецца пляцоўка пад АЭС. Калі б адбылася трагедыя, не толькі Вільнюс давялося б эвакуяваць. Шчыра кажучы, уся наша краіна апынулася б у паралюшы, — заявіў без дыпламатычнага лоску дарадца аддзела палітыкі энергетычнай бяспекі МЗС Літвы Віліюс Самуйла падчас канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай 25-годдзю чарнобыльскай трагедыі, арганізаванай БАЖ.

“Калі падняцца на тэлевежу ў Вільні, то добра бачны хутар Нарвілішкі па беларускі бок мяжы, дзе рыхтуецца пляцоўка пад АЭС. Калі б адбылася трагедыя, не толькі Вільнюс давялося б эвакуяваць. Шчыра кажучы, уся наша краіна апынулася б у паралюшы, — заявіў без дыпламатычнага лоску дарадца аддзела палітыкі энергетычнай бяспекі МЗС Літвы Віліюс Самуйла падчас канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай 25-годдзю чарнобыльскай трагедыі, арганізаванай БАЖ.
“Здзіўляе тое, што Беларусь, якая больш за ўсіх пацярпела ў выніку чарнобыльскай трагедыі, працягвае пашыраць атамную энергетыку і зноў наступае на тыя ж граблі, — сказаў дарадца. Дыпламат зазначыў, што Літва не супраць амбіцый Беларусі ў галіне атамнай энергетыкі, але астравецкую пляцоўку называе нерацыянальным варыянтам размяшчэння станцыі.
“У міжнароднай практыцы я ніводнага разу не чуў, каб карысць ад якога-небудзь праекта дасталася адной краіне, а ўся рызыка і небяспека выпадалі на долю іншых краін, — сказаў Віліюс Самуйла. — Пасля таго, як японцы не здолелі справіцца са сваім атамным праектам, мне ніхто не дакажа, што беларусы, у якіх па сутнасці практычна няма досведу ў гэтай справе, змогуць кіраваць такім праектам. Прадстаўнік МЗС канстатаваў, што літоўскі бок дагэтуль не можа атрымаць поўную інфармацыю пра небяспечнасць станцыі, акалічнасці яе эксплуатацыі. “Вось мы і прапануем: ажыццяўляйце ваш праект у 30 кіламетрах ад Мінска, тады ўсё будзе добра, — некалькі разоў падкрэсліў Віліюс Самуйла.
Дырэктар Дэпартамента ядзернай бяспекі Дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы атамнай энергетыкі Сігітас Шлепавічус гаворыць: “Карысць, якую прынясе АЭС, мусіць пераважыць над рызыкай радыяцыйнага забруджвання, таму мы мяркуем, што суседзі павінны выбіраць іншую пляцоўку. Іншы аспект, калі выбіраюць пляцоўку, трэба прытрымлівацца міжнароднага права. Саюз зялёных Літвы ўвогуле супраць атамнай энергетыкі ў рэгіёне. “Амерыканцы пасля Фукусімы загадалі сваім жыхарам выехаць на адлегласць 80 кіламетраў ад АЭС. Вільнюс у гэтую зону ўваходзіць, Каўнас таксама недалёка. Наша партыя супраць будаўніцтва ўсіх трох АЭС (маюцца на ўвазе літоўская, калінінградская і беларуская — рэд.) на такой невялікай тэрыторыі, — сказаў намеснік старшыні партыі Саўлюс Лапеніс.
Актыўную пазіцыю прыбалтыйскай краіны, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі ў Кіеве, агучыў і літоўскі прэм’ер Андрыюс Кубілюс. Ён заклікаў прымяняць эканамічны байкот да краін, якія належным чынам не забяспечваюць бяспеку сваіх АЭС. Ён выступіў з крытыкай беларускага атамнага праекту ў Астраўцы, заявіўшы, што АЭС, якая будуецца недалёка ад літоўскай мяжы, не адпавядае патрабаванням экспертызы ўплыву на навакольнае асяроддзе і стварае пагрозу для, як мінімум, паўмільёна людзей. Ён таксама падкрэсліў, што пасля чарнобыльскай трагедыі Літва пагадзілася, хоць тое шкодзіла яе эканамічным інтарэсам, на закрыццё Ігналінскай АЭС, на якой працавалі рэактары таго ж тыпу, што і чарнобыльскія.
Прадстаўнікі літоўскіх дзяржструктур упэўненыя, што Беларуская АЭС — расійскі праект. І кіраваць ім будзе, адпаведна, Расія. “Мы мяркуем, што ўсім праектам кіруе Пуцін. Лукашэнка з-за эканамічных праблем вымушаны пагаджацца з яго ідэямі. А ідэя такая — калі Беларуская АЭС будзе пабудавана недалёка ад Вільні, значыць, адносіны паміж беларусамі і літоўцамі пагоршацца. Таму Беларусі будзе яшчэ складаней інтэгравацца на Захад, — гаворыць журналіст часопіса “Дзяржава (Valstybė) Эдуардас Эйгірдас.
З гэтым згодны і прафесар, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Георгій Лепін: «Калі АЭС будзе будуе расійская кампанія «Росатам», то ўсё будзе завязана толькі на Расіі. Хто пабудуе рэактары, той і будзе пастаўляць неабходныя дэталі і паслугі. У нас няма ні аднаго спецыяліста ў гэтай галіне. Расія не выпусціць гэта са сваіх рук, а абслугоўваючага персаналу ў нас няма і ў бліжэйшыя 20 гадоў не будзе. Тыя, каго выпускаюць цяпер інстытуты, толькі праз 20 гадоў будуць спецыялістамі», — сказаў прафесар.
Былы старшыня Вярхоўнага савета Беларусі, фізік-ядзершчык паводле адукацыі Станіслаў Шушкевіч згодны з тым, што выбар пляцоўкі пад будаўніцтва станцыі — найперш палітычнае рашэнне. «Я прыхільнік ядзернай энергетыкі, але я не прыхільнік ваеннай, ядзернай ці нейкі недарэчнай пагрозы суседняй дзяржаве, — падкрэсліў Шушкевіч. Ён зазначыў, што большасць вядомых беларускіх навукоўцаў не былі прыцягнутыя да выбару пляцоўкі пад будаўніцтва атамнай станцыі.
Прадстаўнік Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны Барыс Папоў сцвярджае, што станцыя патрэбна і для эканомікі, і для энергетычнай незалежнасці. Ён зазначыў, што цяпер 95% усёй энергіі ў Беларусі атрымліваецца за кошт прыроднага газу, адзіным пастаўшчыком якога з’яўляецца Расія. Дыверсіфікацыя — адзін з найважнейшых фактараў, якія дазваляюць павысіць энергетычную незалежнасць. “У нашых сховішчах прыроднага газу можна назапасіць максімум на 3 месяцы, а можа і менш. У той жа час ядзернае паліва мы зможам захоўваць год і больш, — сказаў Папоў. Аднак традыцыйна пастаўшчыком паліва для станцыі з’яўляецца краіна, якая яе будуе. Атрымліваецца, што расійскія каналы пастаўкі энергапаліва ўсяго толькі пашырыліся.