5 сутак арышту за фота ў нямецкай форме — тэатральным касцюме

Суд Глыбоцкага раёна асудзіў 48-гадовага Андрэя Кулікоўскага на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за публічную дэманстрацыю фашысцкай сімволікі і атрыбутыкі (ч.1 арт. 19.10 КаАП). Мужчына — аматар гістарычнай рэканструкцыі, а нямецкая форма — тэатральны касцюм, у якім збіраўся здымацца ў кіно.

Рэканструктар Андрэй Кулікоўскі (злева) на іншым фота: facebook.com

Рэканструктар Андрэй Кулікоўскі (злева) на іншым фота: facebook.com

Віцебскі абласны суд 17 лістапада адхіліў скаргу Андрэя Кулікоўскага, а значыць, прысуд набыў законную моц. На разглядзе скаргі мужчына не прысутнічаў, паведамляе «Віцебская Вясна».

 Апеляцыйную скаргу Андрэя Кулікоўскага разглядала ў Віцебскім абласным судзе 17 лістапада суддзя Святлана Іванова.

«Пастановай суду Глыбоцкага раёна ад 9 лістапада 2021 года Андрэй Кулікоўскі прызнаны вінаватым у тым, што з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт на сайце, які належыць яму, размясціў фотавыявы, якія дэманструюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку, доступ да якіх быў неабмежаваны», – агучыла суддзя Іванова.

Паводле рашэння суду першай інстанцыі, кінакасцюмы мусяць быць канфіскаваныя.

У скарзе Андрэй Кулікоўскі сцвярджаў, што яго прызналі вінаватым неабгрунтавана, бо на форме не было ніякай атрыбутыкі. Патлумачыў, што «свастыка была выдаленая», «знакі адрознення на нямецкай форме — адсутнічалі». Звярнуў увагу на тое, што не праводзілася ніякай экспертызы наконт таго, ці згаданыя рэчы могуць быць прапагандай фашызму. На думку Кулікоўскага, іх канфіскацыя таксама неабгрунтаваная, бо рэчы «з'яўляюцца тэатральнымі кінакасцюмамі», у якіх ён здымаўся ў кіно.

У скарзе паведаміў суддзі, што «гэтыя рэчы планавалася ў далейшым выкарыстоўваць па прызначэнні — для кіназдымак у гістарычных рэканструкцыях, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне».

Сам уладальнік касцюмаў на суд не прыйшоў, таму рашэнне было прынятае адразу пасля абвяшчэння скаргі.

«Вывучыўшы матэрыялы справы і скаргу Кулікоўскага, падстаў для яе задавальнення не знаходжу. Пакідаю пастанову без змены», — прачытала рашэнне суддзя Іванова.

Гэта не першы выпадак, калі на Віцебшчыне творчых людзей, якія займаюцца гісторыяй, абвінавачваюць у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і адпраўляюць за краты. Так, 13 жніўня вядомага віцебскага краязнаўцу і фотамастака Віктара Барысенку асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту за некалькі архіўных фотаздымкаў часоў нямецкай акупацыі Віцебску, якія ён апублікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте». Ён таксама спрабаваў абскардзіць рашэнне праз абласны суд. Але аблсуд скаргу не задаволіў.