7 вострых цытат затрыманага бізнэсоўца Кныровіча

25 студзеня быў затрыманы беларускі бізнэсовец Аляксандар Кныровіч. У КДБ сцвярджаюць, што кампанія Кныровіча «СарматТэрма-Інжэнірынг» ухілялася ад выплаты падаткаў.

55_1.jpg

Паводле КДБ гаворка ідзе пра суму ня менш як 2,8 млн рублёў. Аляксандар Кныровіч быў не толькі паспяховым бізнэсоўцам, але і блогерам, вядучым уласнай тэлеперадачы.

1. Крытыкаваў эканамічную сыстэму Беларусі

«Сёння мы знаходзімся ў самай нізкай і складанай кропцы эканомікі за ўсе 25 гадоў развіцця незалежнай Беларусі. Узровень ВУП у Беларусі 4900 даляраў на чалавека. Гэта нашмат больш, чым на пачатку 1990-х. Але ў Польшчы і Вугоршчыне гэтая лічба ў два разы большая. Альбо маленькая Эстонія, дзе гэты паказнік амаль у 4 большы. Сярэдні заробак беларуса — 350 даляраў, а кітайца — 750. Добры дзень, прыехалі».

2. Назваў падатак на дармаедства дыягназам дзяржапарату

«З трох маіх знаёмых, хто атрымаў „лісты шчасця“, два даўно і актыўна працуюць за мяжой, там плацяць падаткі, і ніякага дачынення да „выгад“ Беларусі не маюць... Трэцяя — мая былая жонка, якая атрымоўвае грошы ў адпаведнасці з афіцыйнай дамовай (пры разводзе), з якой выплачаны ўсе падаткі... Час прызнацца, што няма і не было ніякіх за 400 000 гультаёў. Што гэтая гісторыя — дыягназ дзяржапарату... Кіраваная і кантралюемая рэспубліка — ілюзія...»

3. Ленін — маньяк, а камуністы — самая агрэсіўная партыя

«Самая агрэсіўная партыя, самыя беспрынцыповыя фанатыкі, з самымі папулісцкімі лозунгамі. І іх лідэр — Уладзімір Ленін. Вельмі працаздольны і моцны інтэлектам маньяк, які жадаў правеьці эксперымэнт над велізарнай краінай. Хлопец паставіў сабе мэту ў 25 гадоў і потым 22 гады ішоў да яе. Не было ў яго больш нічога ў жыцці акрамя жадання разваліць сістэму. Няма (у савецкі час) ніводнага прадмету для гонару, дасягненне якога было б абумоўлена менавіта сацыялізмам. Людзі вядома жылі, і працавалі — вынаходзілі, стваралі, тварылі... кахалі, нараджалі і спявалі песні. Але людзі займаюцца гэтым у любых умовах, нават у канцлагеры».

4. Раіў змяніць дзяржаўны сцяг і гімн на песню Мулявіна

«Наш сённяшні чырвона-зялёны сцяг наўпрост выказвае наша ж імкненне „назад у БССР“. Але і бел-чырвона-белае палотнішча для іншай, таксама вельмі істотнай часткі насельніцтва, выказвае цяпер не імкненне да Волі, не слаўныя часы гісторыі ВКЛ ці нядоўгае жыццё нашай БНР узору 1918 году, а разруху і бардак перыяду перабудовы, галечу і безуладдзе... Дык можа быць не варта чапляцца за мінулае? Можа мэта ў прымірэнні з усімі эпізодамі нашага багатага мінулага і варта накіраваць намаганні на ўсведамленне зноўку сябе сённяшніх, беларусаў ХХІ стагоддзя? Дарэчы, і наконт гімна можна што-небудзь у Мулявіна пашукаць».

5. Крытыкаваў міф пра Вялікую Айчынную Вайну

«Мой дзед нарадзіўся на тэрыторыі Польшчы (Заходняй Беларусі). Саветы прыйшлі ў верасні 1939 году і прынесьлі з сабой усе радасці савецкага жыцця — пераслед кулакоў, забарону найму рабочай сілы, абмежаванне надзелаў, пошукі ўнутраных ворагаў. Па якой прычыне ўсе гэтыя грамадзяне, а гэта амаль 40% насельніцтва БССР, павінны былі ўжо праз 20 месяцаў хацець паклаьці сваё жыццё за новую Радзіму, якая вельмі дрэнна да іх паставілася? Міф сфармаваны, замацаваны, усталяваны на пастамент і прыняты насельніцтвам. Наша мінулае — гэта не казка для дашкольнага ўзросту. У ёй, як і ў мінулым любой краіны, шмат супярэчлівых падзей, пэрсон. Спроба ж зрабіць зь яе постсавецкі гераічны глянец, толькі ьбядняюць нас саміх, сённяшніх».

6. Заклікаў пазбаўляцца нацыянальных комплексаў

«Мяне не злуе, калі „дарагія расіяне“ называюць нашу краіну — Беларуссія. Не турбуе зусім. Іх справа. Могуць называць як заўгодна — хоць Паўночна-Заходні край або Бульбалэнд. Як і з любым чалавечым комплексам — знешнія пацверджанні не вырашаюць зусім нічога, не адыгрываюць ролі. Гэта — ілюзіі.

Адчуванне ўласнай самасці, асобнага існавання павінна вырасці ўнутры. І яно расце. З вышыванкай на форме і перамогай Улада Ганчарова на Алімпіядзе, з кожным дакладным стрэлам Дарʼі Домрачавай, з сусветным поспехам „танчыкаў“ і „маскараду“ і яшчэ тысячай больш дробных, але каштоўных нашых дасягненняў. Таму прапаную пакінуць у спакоі дарагіх нашых усходніх „братоў“ з іх Беларуссіяй. У іх гэта з часам пройдзе. Бог з імі».

7. Захапляўся Святланай Алексіевіч

«Унутрана адкрытая, свабодная, якая стварае адчуванне ўпэўненасці ў сабе, сваёй справе, у правільнасці абранага вугла зроку. Не саромелася называць чорнае — чорным, а шэрае — шэрым. Дэсакралізуе ўладу, любую ўладу. Адстойвае цвярозы погляд як на мінулае, так і на сучаснасць і будучыню. Яна застаецца тым, кім і была заўсёды — вельмі таленавітым кампілятарам гісторый, пісьменнікам-рэалістам, якае калупае нашае сумленне, якая нагадвае пра не адмоленыя грахі краіны, застарэлыя хваробы, і не больш. Але месца маральнага Лідэра, Месіі па-ранейшаму пустуе. Чакаем».

Паводле Радыё Свабода