Лукашэнка пра затрыманага бізнесмена Кныровіча: На ім кляйма ставіць няма дзе

Затрыманы Аляксандр Кныровіч "плачацца і просіць пра памілаванне", аднак паблажкі яму не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час кадравых рашэнняў 27 студзеня. Фрагмент прамовы кіраўніка дзяржавы паказаў тэлеканал "Беларусь 1".

Аляксандр Кныровіч. Фота: BEL.BIZ

Аляксандр Кныровіч. Фота: BEL.BIZ


"На ім кляйма ставіць няма дзе — разам з тым дзясяткам, каго арыштавалі, — сказаў Лукашэнка. — І потым, ён мне паклаў дакумент, мне дакладвалі загадзя гэтае пытанне па ЖКГ, дакладвалі загадзя, яно было на кантролі. Я даручыў без усялякіх там адтэрміновак, без усялякай боязі раскруціць гэтыя пытанні. Як акунуліся — слухайце, там сотні тысяч долараў круцяцца. Выявілі там усе гэтыя цёмныя бухгалтэрыі ў яго. Але самае галоўнае, ён жа зараз плачацца, пра памілаванне просіць. Аказваецца, гатовы да мяне бегчы па памілаванне і гатовы плаціць і кампенсаваць шкоду, прызнаўшы сваю віну".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "паблажкі жулікам не будзе". "Злодзей павінен сядзець у турме — вось такую рэзалюцыю я наклаў толькі што на даклад старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Усе, хто да гэтага маюць дачыненне, пасярэднікі, хто даваў хабар, хто браў гэты хабар — усе будуць сядзець", — заявіў ён.

Неафіцыйная інфармацыя пра затрыманне сузаснавальніка групы кампаній "Сармат", гаспадара мінскага бара Bristle Аляксандра Кныровіча з'явілася 26 студзеня. Сёння ў КДБ пацвердзілі затрыманне Кныровіча і яшчэ дзесяці чалавек.

"З улікам атрыманых матэрыялаў аб ухіленні ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг" ад выплаты падаткаў на суму не менш як 2,8 млн рублёў 25 студзеня 2017 года затрыманы дырэктар (заснавальнік) ТАА Кныровіч, яго намеснікі Максімаў і Папоўскі, сузаснавальнік фірмы Дашкевіч, вядучы эканаміст Кускоў і вядучы спецыяліст па ЗЭД Казлоўская. У дачыненні да іх распачатая крымінальная справа па арт. 243 КК РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў)", — паведаміў КДБ.

Акрамя таго, пры атрыманні хабару на агульную суму больш за 20 тысяч рублёў за спрыянне ў прасоўванні прадукцыі ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг" 24—26 студзеня затрыманая група службовых асоб сістэмы ЖКГ. У дачыненні да іх распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару). У дачыненні да намеснікаў Кныровіча справы распачатыя і па арт. 431 КК РБ (дача хабару).

43-гадовы бізнесмен Аляксандр Кныровіч актыўна падтрымліваў стартап-рух, выступаў як блогер і публіцыст. У сваіх апошніх публічных выступах неаднаразова крытыкаваў уладу за стаўленне да бізнесу.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН