Некаторыя прадпрымальнікі атрымалі ад падатковай «лісты шчасця»

У межах барацьбы з ілжэпрадпрымальніцтвам правяраючыя органы накіравалі ў адрас добрасумленных прадпрымальнікаў шматлікія лісты з патрабаваннем даплаціць нібыта нявыплачаныя падаткі.

6d7502ac_dd61_4df5_9455_7dff0fd7c19d_w987_r1_s.jpg


Пра гэта паведаміла БелаПАН віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль.

"Калі кампанію правяраюць і выяўляюць, што некалькі гадоў таму яна складала дамову з фірмай, якая сёння лічыцца лжэпрадпрымальніцкай структурай, правяраная арганізацыя задняй датай налічвае да даплаты сумы падаткаў разам з пеняй. Рахункі на выплату гэтых сум атрымліваюць добрасумленныя прадпрымальнікі — такія вось "лісты шчасця", — распавяла Лілія Коваль.

Яна таксама адзначыла, што прадпрымальнікі часта не хочуць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія ўтрымліваюцца ў гэтых лістах. "Калі мы прапануем членам саюза аспрэчваць "лісты шчасця", прадпрымальнікі нам адказваюць, што разборы з правяраючымі органамі могуць абысціся ім яшчэ даражэй", — патлумачыла Коваль.

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН падкрэсліў, што рэакцыя прадпрымальнікаў на атрыманне згаданых лістоў цалкам заканамерная. "Калі суб'ект гаспадарання вырашыць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія прысутнічаюць у "лісце шчасця", да яго прыходзіць праверка. Выніковасць праверак складае ў нас у краіне больш за 90%. Гэта значыць, верагоднасць атрымаць штрафныя санкцыі ад правяраючых органаў у суб'ектаў гаспадарання вельмі высокая, таму яны і не спрабуюць апратэстоўваць", — сказаў Аляксандр Швец.

Паводле яго слоў, сітуацыя, калі з-за барацьбы дзяржавы са злачыннымі арганізацыямі пакутуюць добрасумленныя прадпрымальнікі, вельмі негатыўна ўплывае на дзелавы клімат у краіне. "Мы не можам адмаўляць, што ў Беларусі існуюць ілжэпрадпрымальніцкія структуры (усякага роду "фінкі" і іншыя падстаўныя арганізацыі, неабходныя для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці). Але добрасумленныя прадпрымальнікі павінны быць абароненыя ад "лістоў шчасця", якія з'яўляюцца ў сувязі з дзейнасцю лжэпрадпрымальніцкіх структур", — перакананы Швец.

У якасці выхаду з наяўнай сітуацыі кіраўнік бізнес-асацыяцыі бачыць стварэнне сістэмы "аднаго акна", дзякуючы якому добрасумленныя арганізацыі маглі б праверыць сваіх контрагентаў. "Калі ў адказ на запыт упаўнаважаны орган паведамляе, што ў "чорным спісе" арганізацыі няма, тады юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік павінен вызваляцца ад усіх формаў адказнасці за кантакты з такім контрагентам", — адзначыў Швец.

Бізнес-саюзы ўжо паставілі пытанне аб неабходнасці ўрэгулявання гэтай сітуацыі перад дзяржавай. "Мы накіравалі прапановы дзелавой супольнасці па лжэпрадпрымальніцтве ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб адпаведныя нормы заканадаўства былі перагледжаныя", — распавёў БелаПАН сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Маргелаў з'яўляецца членам рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці, створанай у студзені гэтага года па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі. 27 студзеня адбылося першае пасяджэнне групы, на якім разглядаліся арганізацыйныя пытанні яе дзейнасці. Пасяджэнне праходзіла пад старшынствам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН