«А чаму мы ў чалавека забіраем права на смерць?» Алкаеў пра галадоўку палітвязняў
Былы начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў расказаў у інтэрв'ю Ганне Соўсь са «Свабоды», як турэмная адміністрацыя звычайна рэагуе на галадоўкі вязняў і на спробы парэзаць сабе вены. Алкаеў тлумачыць, калі і як прымаецца рашэнне аб прымусовым кармленні галадоўніка. Ён не лічыць галадоўку эфэктыўным спосабам пратэсту ў беларускай турме.
Пра крайнюю форму пратэсту за кратамі
— Галадоўка і ўскрыццё венаў — крайняя форма пратэсту ў калоніях ці следчых ізалятарах. Усё залежыць ад матывацыі. Калі гэта несправядлівае стаўленне адміністрацыі, перавышэнне паўнамоцтваў, злоўжыванне, здзекі, то гэта адна форма пратэсту. Калі гэта барацьба са следчымі ці судовымі органамі — іншая форма. Але ўсё гэта крайняя форма пратэсту, калі чалавек не згодны з тым, што адбываецца, і іншым спосабам выказаць гэта не можа. Пісаць, гаварыць не мае сэнсу, і толькі так ён можа прыцягнуць да сябе ўвагу. Гэтая форма пратэсту даволі распаўсюджаная ў месцах пазбаўлення волі.
Пра гучныя галадоўкі
— Былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Казулін галадаў больш за 50 дзён. У Расіі рэжысёр Сянцоў больш за 100 дзён галадаў. Я знаю асабіста Ігнатовіча (фігурант справы аб забойстве Дзмітрыя Завадскага), які больш за год галадаў. Хоць мы і разумеем, што гэта была сімуляцыя галадоўкі, па начах ён еў, калі ніхто не бачыў (ці думаў, што ніхто не бачыць).
Калі галадоўка праводзіцца сур’ёзна, з поўным выкананнем
умоў, пра якія абвясціў галадоўнік, гэта вельмі сурʼёзная справа найперш для
яго самога. Наступствы могуць быць незваротныя.
Калі я быў начальнікам СІЗА №1, Статкевіч трымаў галадоўку
(быў арыштаваны разам з Валерам Шчукіным пасля Маршу Свабоды ў 1999 годзе). Я ведаў, што яго вызваляць, што і адбылося праз 13 дзён.
Пра інструкцыі і правілы для супрацоўнікаў турмаў і
ізалятараў на выпадак галадоўкі вязняў
— Яны абавязаныя зрабіць захады, каб прыбраць прычыны і ўмовы, якія стварылі нагоду для галадоўкі. Паколькі адміністрацыя не ўплывае на следчы працэс, то яна можа толькі папярэдзіць вязня пра шкоду здароўю. У выпадку крытычнага стану (дактары сочаць) — ужыць прымусовае кармленне. Гэта не вельмі прыемная працэдура, але падтрымліваць вязня будуць.
Разумееце, ні Сянцоў, ні іншы па 100 дзён галадаць не могуць. Гэта азначае, што да іх прымянілі формы прымусовага кармлення. Але яны
пра гэта не будуць казаць. Гэта іх права. Нікому ў турме смерць не патрэбная.
Асабліва адміністрацыі. Бывае, што людзі не задаволеныя ўмовамі ўтрымання, і
тады начальнік, ці іншы старшы супрацоўнік, да якога звярнуліся, павінен іх
палепшыць.
Пра рашэнні аб палітвязнях, якія прымаюць на высокім
узроўні
— Праблему цяперашніх галадоўнікаў не вырашаць у турме. Адзінае, што там могуць, — падтрымліваць на мінімальным узроўні здароўе чалавека. Яны звярнулі ўвагу грамадскасці. А хто можа паўплываць у нас на следчы і судовы працэс? Ужо нават самі следчыя і суддзі на гэта не ўплываюць. Гэта ўжо чыноўнікі, якія выконваюць замовы. Слушна, што гэта даводзіцца да міжнароднай грамадскасці, каб было ўздзеянне на людзей, якія прымаюць рашэнні. Рашэнні прымаюцца на найвышэйшым дзяржаўным узроўні — праўдападобна, туды і трэба звяртацца.
Пра ролю турэмнага лекара
— Калі чалавек адмаўляецца ад ежы, што яму можна зрабіць? Толькі сказаць, каб еў. Зразумела, ніхто не будзе з лыжкай хадзіць. Калісьці я ўдзельнічаў у распрацоўцы правілаў медыцынскага лячэння галадоўніка, абмяркоўвалі, на якой стадыі прымяняць прымусовае кармленне. Сышліся на думцы, якую медыкі выказалі, што гэта трэба рабіць тады, калі будуць медыцынскія паказанні. Дасведчаныя супрацоўнікі гэта вызначаюць — калі заходзіш у камеру і ёсць пах ацэтону, значыць, чалавек галадае прыкладна 8 дзён. Па самаадчуванні чалавека бачна. Гэта нібыта і не смяротна, тым не менш, нічога добрага ў гэтым няма. Рашэнне прымае лекар.
Пра лячэнне галадоўнікаў
— У турме, як ні дзіўна, лекары добрай кваліфікацыі, таму што яны там адзіныя, як на караблі — ён і дантыст, і гінеколаг, на ўсе рукі майстар. Што ад яго залежыць? Можа змераць ціск і па вонкавых паказаннях вызначыць, дрэнна ці добра галадоўніку, ці трэба прымусова карміць. Калі трэба карміць, ён выпісвае неабходную дыету, кансультуецца, павінен запрасіць дыетолага. Нейкія булёны вараць. Пры мне кармілі, я ведаю. Шпрыц такі... І кормяць. Што зробіш... Ніхто з рэстарану карміць не будзе. Але булён звараць.
Пра прымусовае кармленне
— Практыкуецца не праз рот і не праз нос. Можна і праз рот, але пры мне рабілася іншымі спосабамі. Я гэта бачыў і 40 гадоў таму, калі пачынаў службу, і потым. Розныя спосабы. Калі чалавек не супраціўляецца і рот адкрывае, яму праз рот зробяць. Калі супраціўляецца, не хоча, тады праз іншыя месцы. Гэта выглядае як шпрыц. І ўводзіцца ён не ў вену. Здагадайцеся самі.
Ці дазволяць галадоўніку памерці ў турме
— Была такая дыскусія ў свой час, на якой адзін намеснік міністра сказаў: «А чаму мы ў чалавека забіраем права на смерць? А, можа, ён хоча памерці». Падчас дыскусіі казалі, што калі чалавек хоча памерці, то не будзе пра гэта абвяшчаць, проста перастане есці і ніхто ведаць не будзе.
Ёсць такі знакаміты ўнутраны шпіён Судаплатаў, які праз
галадоўку зварʼяцеў. Калі сядзеў у камеры і чакаў расстрэлу, паціху палову
порцый выкідаў і давёў сябе да знясілення. Але ніхто не бачыў, бо ён не
абвяшчаў галадоўку. Лічылі, што ў яго нервовы стрэс, і прызналі псіхічныя
адхіленні.
Што пагражае турэмнай адміністрацыі ў выпадку смерці
галадоўніка
— Калі абвешчана пра галадоўку, пра гэта паведамляецца начальніку, той — яшчэ вышэй начальніку, той — міністру, міністр — прэзідэнту. Пойдзе па інстанцыі. Хаваць нічога не будуць. Начальнік дакладвае. Вызваліць вязня ён не можа.
Па-першае, зняволены павінен заяву пра галадоўку напісаць з
матывацыяй. Там таксама свае правілы ёсць. Калі проста заявіць, што галадае,
ніхто не паверыць. У камеры прадукты з перадачы ёсць. Увогуле яго аддзяляць
павінны. Бывае, што няма куды.
Так заведзена, што трэба напісаць ліст, у якім патлумачыць
матывы галадоўкі. І вязню, і начальніку, і ўсім лепей праз гэта. Начальнік
глядзіць, ці можа ён на месцы вырашыць праблему. Бывае проста, што ў іншую
камеру трэба перавесці. Трапляюцца людзі антаганісты, антыподы, ворагі, якія ў
адной камеры не могуць знаходзіцца, а яго не пераводзяць, тады ён абвяшчае
галадоўку ці вены ўскрывае. У выніку па розных камерах разводзяць.
Пра рэзанне вен у турме
— Не хачу пакрыўдзіць палітвязняў, але скажу, што гэтым найчасцей карыстаюцца наркаманы і адмоўная частка асуджаных. Калі паглядзець на любога чалавека, які быў у турме двойчы і болей, то ў многіх вены парэзаныя. Гэты знак пратэсту дастаткова звыклы, і таму вышэй за фэльчара ніхто не прыходзіць. Перабінтавалі — і ўсё, бо ад гэтага не паміраюць.
У сваім жыцці я ведаю толькі два выпадкі гібелі ад страты
крыві. Праз руку — не, але калі на шыі ўскрывалі вены, ужо не ўратуеш. А рука —
крывавы сімвал пратэсту. Непрыемны для ўсіх, але не смяротны. Бываюць
унутраныя канфлікты, на якія не рэагуюць. Напрыклад, аператыўнік спецыяльна
стварае канфліктную сітуацыю. Аўтуховіч, калі ў турме сядзеў, сабе нават жывот
успароў, бо ў камеры канфлікт быў і ён не хацеў там знаходзіцца. Гэта, можа,
непрымальна ў цывільным грамадстве, але там, дзе людзі абмежаваныя ў выбары
магчымасцей пратэставаць, такое здараецца.
Якія галадоўкі непакояць адміністрацыю турмы
— Адміністрацыю непакояць масавыя галадоўкі. Адзіночны галадоўнік, калі ён не мае падтрымкі, гэта яго асабістая справа, як адзін у акіяне. Калі б не незалежныя СМІ, не грамадскасць, ніхто б не ведаў. І ён не адзін галадае, ёсць і іншыя, але ў іх матывацыя іншая. Нехта ў карты прайграўся — і будзе галадаць. Гэта рабочая, штатная сітуацыя. Палітычная галадоўка бывае рэдка.
У мае часы Статкевіч афіцыйна абвясціў галадоўку. Ніхто не ўмешваўся, ён быў фізічна здаровым чалавекам. Я ведаў, што іх вызваляць, не ведаў толькі канкрэтны дзень. За гэты час ніхто не мог памерці. З жонкай яго я сустракаўся. Статкевічу давалі спатканне, і я сказаў жонцы, каб пагаварыла
з ім, бо яго павінны былі неўзабаве вызваліць.