Абаронцы Курапатаў запатрабавалі ў Лукашэнкі вярнуць крыжы (фота)
Сёння абаронцы Курапатаў аднеслі зварот з патрабаваннем у Адміністрацыю прэзідэнта.
![Фота Арцёма Лявы Фота Арцёма Лявы](/img/v1/images/img_3786_1024x683_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Арцёма Лявы
Як распавяла адна з аўтараў звароту Ганна Шапуцька, руйнаванне крыжоў у Курапатах — акт дзяржаўнага вандалізму, які трэба выпраўляць.
«4 красавіка стаўся трагічным днём для беларускага грамадства. Вы, Аляксандр Рыгоравіч, пайшлі вайной супраць беларускага народу, аддаўшы каманду на знішчэнне курапацкіх крыжоў», — напісана ў звароце.
![img_3777_1024x683_logo.jpg img_3777_1024x683_logo.jpg](/img/v1/images/img_3777_1024x683_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ганна Шапуцька. Фота Арцёма Лявы
Да звароту прыкладзены шэраг дадаткаў: мапа з межамі мемарыяла, дакументы аб зборы грошай на крыжы на краўдфандынгавай платформе talaka.by, а таксама канцэпцыя мемарыяла, якую ўхвалілі праваслаўная царква і каталіцкі касцёл.
Фота Арцёма Лявы
У звароце адзначаецца, што крыжы былі ўсталяваныя на законнай падставе. У прыватнасці, яшчэ ў 2002 годзе было ўзгодненае ўсталяванне крыжоў па перыметры Курапатаў, а ў 2013-ым у пашпарце мемарыялу было запісана, што перыметр урочышча «вызначаны драўлянымі крыжамі, пастаўленымі рытмічна з аднолькавымі інтэрваламі». То бок, адзначаюць аўтары звароту, у 2002 годзе крыжы былі законна ўсталяваныя, а ў 2016-2018 іх замянілі новымі, бо старыя ўжо спарахнелі, піша belsat.eu.
«Згодна з беларускім заканадаўствам, як на тэрыторыі мемарыялу, так і на тэрыторыі яго ахоўных зонаў, дазваляецца выкананне работ па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Замена старых крыжоў новымі драўлянымі – гэта нішто іншае, як працяг працы па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій», – падсумоўваецца ў звароце.
Фота Арцёма Лявы
Нагадаем, 4 красавіка ў Курапатах супрацоўнікі Бераўлянскага спецлясгасу вырвалі і вывезлі 70 крыжоў, усталяваных летам па перыметры мемарыяла ўдзельнікамі Курапацкай варты. Замест крыжоў курапацкі лес абнеслі агароджай.