«Ад такіх гісторый хочацца плакаць!»: паўтары тысячы подпісаў за адмену дэкрэту аб «дармаедcтве» ў Віцебску

Віцебская актывістка Ірына Яскевіч сабрала амаль паўтары тысячы подпісаў гараджан за адмену дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве. Дакладней, рабіць гэта дапамагаюць і самі «дармаеды».

8c2b8166_e93c_4794_a129_2131f5b5845a_w1023_r1_s.jpg


Падпісваюцца нават тыя, хто раней быў гарачым прыхільнікам дзейнай улады


Бывае, што тыя, хто прыходзіць у віцебскі офіс суполкі АГП каб толькі падпісацца за адмену дэкрэта, потым просяць падпісныя аркушы і далучаюцца да валанцёрства, кажа спадарыня Яскевіч:
«Людзі, якія чытаюць нашы абвесткі і прыходзяць падпісацца — абсалютна розныя. Хтосьці падтрымлівае АГП, хтосьці ведае мяне як стваральніцу прафсаюзу прадпрымальнікаў „Разам“, а хтось просіць падпісны аркуш без аніякіх лагатыпаў, бо лічыць сябе апалітычнай асобай... Але магу сказаць: гэты дэкрэт узрушыў шмат каго ў нашым горадзе. Нават тых, хто раней быў гарачым прыхільнікам дзейнай улады».

25e0fb77_ed90_48e6_9d7e_64fffe6fd7f9_w650_r0_s.jpg


Людзі не толькі прыходзяць паставіць свой подпіс. Яны хочуць паразмаўляць, падзяліцца сваёй гісторыяй, паскардзіцца. Бо апрача як сюды, ісці з аповедам пра «уласнае дармаедства» няма куды, працягвае спадарыня Ірына:
«Людзі апавядаюць, чаму гэты дэкрэт тычыцца непасрэдна іх. Неяк прыйшлі двое пенсіянераў. Здавалася б, яны тут зусім не пры чым. Але распавялі, што ў іх дарослы сын, з якім не працягнулі кантракт. Пенсіі невялікія, жыць утрох цяжка, і сын вельмі балюча ўспрымае сітуацыю. Цяжка псіхалагічна, бо ён лічыць ганебнай сітуацыю, у якой апынуўся. Як гэта — малады здаровы мужчына, і без працы? Для нармальнага чалавека цяжка ўсведамляць, што ён ня можа зарабляць, і гэта вядзе да глыбокіх псыхалагічных праблемаў. Ужо былі падобныя гісторыі, якія скончыліся суіцыдам... таму, калі слухаеш людзей, часам хочацца плакаць!»


Праз хваробу хлопец страціў працу і ў 25 гадоў стаў «дармаедам»

Гісторыю ўласнага дармаедства распавёў 25-гадовы Міхаіл, які таксама зайшоў падпісацца супраць дэкрэта:
«У мяне няма сям’і, я жыву адзін. Зараз мае сродкі да існавання — гэта калісьці ашчаджаныя грошы. Але гэтая «падушка бяспекі» неўзабаве скончыцца, і што рабіць далей? Быў супрацоўнікам „Еўрагандлю“, але ў 2015 годзе ў мяне знайшлі захворванне сэрца, пра якое я раней ня ведаў. Яно прагрэсавала, і аднойчы я страціў прытомнасць проста на вуліцы. Давялося сысці з працы, аднак цяпер знайсці іншую яшчэ цяжэй — бо ёсць абмежаванні праз наяўнасць хібаў са здароўем.
Я спрабаваў розныя шляхі. Прыкладам, хацеў вывучыцца на праграміста. Ужо быў пачаў, але няма сродкаў плаціць за вучобу. Маю спецыяльнасць па мантажы і абслугоўванні электрычнага абсталявання. Уладкавацца хаця б электрыкам у дзіцячы сад — нерэальна, бо такія месцы даўно занятыя, у асноўным людзьмі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту, бо там плацяць „капейкі“. Дый працаваць за 200 рублёў — гэта практычна працаваць „за ежу“».

Міхаілу 25, і ўжо другі год ён шукае працу

Міхаілу 25, і ўжо другі год ён шукае працу


Хлопец пераканаўся, што цяперашнія вакансіі, дзе сёння ёсьць попыт на кадры — гэта хіба што сеткавы маркетынг. Там ад «навічкоў» могуць запатрабаваць прайсці навучанне за ўласны кошт, а потым выкупіць за ўласныя сродкі пэўную колькасьць прадукцыі — касметыкі, бытавых прыбораў і гэтак далей. А ў абвестках цэнтру занятасці і ўвогуле вакансіі бываюць несапраўдныя: варта патэлефанаваць наконт працаўладкавання, як тут жа чуеш, што месца ўжо занятае. Ці нават шчырае здзіўленне: «А нам ніхто не патрэбны».

«Дэкрэт пра „дармаедства“ — гэта фактычнае рабства»


Міхаіл лічыць, што дэкрэт пра сацыяльнае ўтрыманства не падлягае аніякай карэктыроўцы — што яго трэба толькі адмяняць. Такое самае меркаванне і ў жыхаркі Віцебску Ганны Мельянцовай:
«Гэта антыканстытуцыйны дэкрэт! У кожнага свая жыццёвая праблема: нехта ня можа знайсці працу, бо паўсюль скарачэнні, кагосьці не задавальняе заробак, хтось вымушаны з'ехаць на працу ў іншую краіну... Але найперш — гэта антыканстытуцыйны акт! Бо гэта прымус да працы, пазбаўленне магчымасці выбару, фактычнае рабства!»
Віцяблянін Аляксандар Мікулін нязгодны нават з фармулёўкай назвы дэкрэта. Панятак «сацыяльнае ўтрыманства», на ягоную думку, — поўны нонсэнс:
«„Дармаедаў“, абвешчаных такімі гэтым дэкрэтам, у цяперашняй эканамічнай сітуацыі вымушаных „дармаедаў“, утрымлівае не дзяржава і не грамадства. Іх утрымліваюць бацькі, жонкі, мужы і гэтак далей. Падатак, які патрабуюць сплаціць, на кожную сям’ю кладзецца дадатковым цяжарам! Калі кіраўніцтва дзяржавы хвалюе наяўнасць сапраўдных дармаедаў як асобаў, што вядуць антысацыяльны лад жыцця, ігнаруюць нормы права і маралі, дык заканадаўчы акт трэба было так і называць — „аб дармаедстве“. І тады ён тычыўся б зусім іншай катэгорыі людзей, а не такой вялікай часткі беларусаў, якія несправядліва падпалі пад вызначэнне „ўтрыманцаў“».

Пра незадавальненне дэкрэтам мусіць ведаць дэпутат парламенту ад Віцебску


Падпісваючыся за адмену дэкрэта, віцябляне шмат разважалі пра беспрацоўе і нізкія заробкі, пра адсутнасць ня тое што кар’ернага росту — працоўных перспектыў увогуле, пра сацыяльную неабароненасць, пра адсутнасць даверу да стваральнікаў законаў...

8af997dd_3a14_469e_a551_f3d756e7c7e1_w650_r0_s.jpg


У Віцебску збор подпісаў нязгодных з дэкрэтам пра сацыяльнае ўтрыманства праводзіцца ўжо некалькі тыдняў сіламі актывістаў розных палітычных структур.
Збіральніца подпісаў Ірына Яскевіч падрыхтавала ліст да дэпутата парламенту Аляксандра Цацохі, яе суперніка па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20 падчас мінулай выбарчай кампаніі. У лісце, а потым і падчас асабістага прыёму, актывістка хоча паставіць дзейнага дэпутата перад фактам, што жыхары Віцебску скрайне незадаволены прынятым дэкрэтам.
Паводле вынікаў падліку галасоў выбарчымі камісіямі, спадар Цацоха перамог з вялікай перавагай. Адпаведна, менавіта ён мусіць заступіцца за землякоў, якія, паводле афіцыйных звестак, аказалі яму давер прадстаўляць іхныя інтарэсы ў парламенце.
svaboda.org