Ім можна, нам нельга: гарадзенскія ўлады забаранілі правядзенне «Марша недармаедаў»

Гродзенскі  гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзенні масавага мерапрыемства 19 лютага 2017 года ў выглядзе дэманстрацыі «Марш недармаедаў».

admova2.jpg


У афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні Зоі Кулешы гаворыцца: “ў адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года №114-3 “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” пунктам 2 рашэння Гродзенскага выканаўчага камітэта ад 19.10.2011 года № 540 “Аб азначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Гродна”, на плошчы Савецкай – вуліцы Савецкай – плошчы Леніна правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца”.
Каментуючы гэтае рашэнне гарвыканкама, старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі АГП Андрэй Ярмоленка сказаў: “Ужо больш 15 гадоў гарадзенскія улады адмаўляюць нашым гараджанам у праве на мірны пратэст, хоць права на правядзенне мітынгаў, шэсцяў і пікетаў гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень нашымі актывістамі сабрана больш за тры тысячы подпісаў супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3. Людзі абураны дзеяннямі ўлады і выступаюць за адмену гэтага антыканстытуцыйнага дакумента, а ўлада, у сваю чаргу, робіць выгляд, што ўсё добра і прыкрываецца шматлікім адміністрацыйным рэсурсам і рознымі дакументамі, якія сама для сябе напісала. Назіраецца цікавая рэч: улада ў цэнтры горада праводзіць масавыя мерапрыемствы, якія пажадае і калі пажадае. На іх закон аб масавых мерапрыемствах не дзейнічае. Ім можна, нам нельга”.

andrej_jarmolenka2.jpg


Нагадаем, што 24 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі і незалежнага прафсаюза Радыё Электроннай Прамысловасці падалі заяўку на правядзенне 19 лютага масавага мерапрыемства ў выглядзе дэманстрацыі – “МАРШ НЕДАРМАЕДАЎ”, скіраванай супраць антыканстытуцыйнага прэзідэнцкага дэкрэта №3 пра так званых дармаедах.
Эдвард Дмухоўскі, harodniaspring.org