Ад крызісу да нянавісці — адзін крок

Беларусы падчас эканамічнага крызісу сталі больш злымі, перасталі верыць дзяржаве і спадзяюцца на тое, што «ўсё само сабой вырашыцца». (На здымку: Надзея Яфімава)



46031b3d04dc90994ca317a7c55c4289.JPG

Беларусы падчас эканамічнага крызісу сталі больш злымі, перасталі верыць дзяржаве і спадзяюцца на тое, што «ўсё само сабой вырашыцца».

(На здымку: Надзея Яфімава)


Такія вынікі апытанняў фокус-групаў, праведзеных у рамках праекту Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў «Развіццё грамадскага дыялогу пра сацыяльна-эканамічныя і палітычныя альтэрнатывы». Даследаванне на працягу кастрычніка — лістапада праводзіла аксіёметрычная лабараторыя «Новак» на тэму таго, як успрымаюць эканамічны крызіс у Беларусі.
Настроі ацэньвалі сярод работнікаў буйных прадпрыемстваў, бюджэтнікаў, студэнтаў. Выявілася, што кожны з прадстаўнікоў гэтых сацыяльных груп па-рознаму ацэньвае крызіс. Найбольш пацярпелі работкі буйных прадпрыемстваў. Яны лічаць, што сітуацыя з дабрабытам радыкальна змянілася ў горшы бок. Прычым пачаткам эканамічнага спаду яны лічаць чэрвень-ліпень гэтага года. Наступствы крызісу праявіліся ў скарачэнні працоўнага часу, заробкаў, аб’ёмаў вытворчасці, а таксама росце цэн і ў вялікай разбежцы паміж выдаткамі і прыбыткамі. Свой маральны стан работнікі прадпрыемстваў ацэньваюць словамі «трывожна», «страшна», «неспакойна». Да таго ж, гэтая фокус-група заявіла, што дзяржаўнай стратэгіяй з’яўляецца не падтрымка, а змяншэнне сацыяльных абавязальніцтваў перад насельніцтвам. Таму дапамогі рабочыя чакаюць ад сваіх родных і знаёмых, а не ад дзяржаўных інстытутаў. Цікавы факт: беларусы ва ўмовах крызісу не супраць скарыстацца сувязямі і знаёмствамі для пошуку новага месца працы, але асуджаюць за гэта іншых.
Даследаванне другой фокус-групы — «бюджэтнікаў» — паказала, што ў гэтай сферы эканамічны крызіс мае пастаянны характар, «проста цяпер пра гэта загаварылі». Супрацоўнікі бюджэтнай сферы бачаць сябе не як асобную групу, а як частку агульнага ланцужка: пагоршыўся стан спраў у рэальным сектары, горш стала жыць і ім.
Для студэнтаў фінасава-эканамічны крызіс пакуль носіць адасоблены характар. То бок маладыя людзі разважаюць пра гэту з’яву як пра нешта абстрактнае, паколькі наўпрост не сутыкнуліся са скарачэннем прыбыткаў.
Сацыёлаг Надзея Яфімава звяртае ўвагу, што пагаршэнне эканамічнага стану спараджае атамізаванасць і сацыяльную раз’яднанасць. Беларусы ўсё часцей успрымаюць адзін аднаго як канкурэнтаў на рынку працы. Крызіс выклікае адчуванне страху і непакою за ўласную будучыню. Песімізм узмацняецца яшчэ і тым фактам, што суайчыннікі панабіралі крэдытаў і цяпер баяцца застацца без якой-кольвек працы. Гэта прымушае трымацца за месца, нават калі там мала плацяць.
Эканамічны крызіс многія эксперты называюць своеасаблівай пляцоўкай для новага старту, але ў Беларусі ён не з’яўляецца штуршком для актывізацыі прыватнай ініцыятывы, прадпрымальніцкай дзейнасці. Надзея Яфімава лічыць, што перашкодай для вялікай часткі насельніцтва ёсць своеасаблівая «прышчэпка» 1990-х гадоў, калі паслякрызісная прадпрымальніцкая дзейнасць для большасці не стала крыніцай доўгачаканага росту дабрабыту. Увогуле, перыяд 1990-х гадоў для пакалення, якое атрымала тагачасны досвед, з’яўляецца базай для параўнання з сучаснай сітуацыяй, а таксама для ацэнак і побытавых прагнозаў.
Кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі адзначае, што апошнія гады сацыёлагі сутыкнуліся з феноменам «пасткі рэйтынгу», калі ўлада не паспявала за чаканнямі грамадзян, дабрабыт якіх паступова рос. Цяпер сітуацыя адваротная. «Атрымліваецца такі парадокс: для дзяржавы тым лепш, чым горш грамадству. Пералом свядомасці адбыўся настолькі хутка, што мы не чакалі. Чалавек не можа разлічваць на бліжэйшага, бачыць у ім канкурэнта і з-за гэтага «сыходзіць» у сябе. Ёсць рэакцыя пратэсту, а ёсць рэакцыя сыходу на ўзроўні прымітыўнай саматэрапіі. Наша грамадства знаходзіцца ў нейкай віртуальнай рэальнасці, якую сабе стварыла, і спадзяецца, што ўсё развеецца само сабой», — рэзюмуе Віталь Сіліцкі.
На падставе вынікаў фокус-групаў будзе падрыхтавана анкета для нацыянальнага апытання, якое запланавана на канец бягучага — пачатак наступнага года.