Адкуль Лукашэнка бярэ «амерыканскія» лічбы?
Падчас размовы ў Санкт-Пецярбургу з кіраўніком Расіі 23 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «паводле ацэнак Злучаных Штатаў Амерыкі» беззваротныя страты УСУ з пачатку контрнаступлення склалі 26 тысяч чалавек.
«Больш», — адрэагаваў Пуцін.
«Гэта ўжо цяпер больш. Ну вось яны тыдзень таму ацэньвалі больш за 26 тысяч з 4 чэрвеня. Я іх запісаў звесткі», — сказаў Лукашэнка.
Акрамя сумневаў у відавочна неадэкватнай лічбе ўзнікае пытанне: няўжо ў кіраўніцтве ЗША хтосьці так моцна стукнуўся галавой, што вырашыў на ўвесь свет расказаць пра страты саюзнікаў, задаецца пытаннем «Салідарнасць».
Беглы пошук і аналіз паказваюць, што не. Адкуль жа тады Лукашэнка ўзяў фантастычную лічбу? Мяркуючы па ўсім, кіраўнікі Беларусі і Расіі ўсур'ёз абмяркоўвалі заяву вядомага канспіролага — адстаўнога амерыканскага палкоўніка Дугласа МакГрэгара.
Нядаўна на прапагандысцкіх сайтах апублікавалі выказванне, якое палкоўнік зрабіў на сваім YouTube-канале: Зяленскі спрабуе схаваць, што УСУ страцілі 26 тысяч чалавек падчас контрнаступлення.
Наколькі аўтарытэтным з'яўляецца меркаванне 76-гадовага былога вайскоўца? Прывядзём толькі адзін факт.
Падчас свайго прэзідэнцтва Дональд Трамп спрабаваў адправіць палкоўніка паслом у Германію, але парламентарыі яму зрабіць гэтага не дазволілі. Чаму? У адной з калонак у «The Washington Post» МакГрэгара ахарактарызавалі як «вар'ята-расіста, які выступае за Расію, супраць Меркель, супраць мусульман і супраць Мексікі».
Наступнымі выказваннямі палкоўнік цалкам пацвердзіў гэтую характарыстыку. Ацэніце адну з яго апошніх заяў: Польшча і Літва рыхтуюцца да ўварвання ва Украіну. Добра Польшча (гэтая канспіралагічная версія жыве ўжо даўно), але Літва, у якой жыве ўсяго некалькі мільёнаў чалавек і няма агульнай мяжы з Украінай…
Тое, што дзядуля трызніць і яму даўно пара выклікаць санітараў, відавочна. Уражвае толькі, што на ягоныя словы з разумным выглядам спасылаюцца кіраўнікі Беларусі і Расіі. Хоць, трэба прызнаць, да падобнага з іх боку пачалі ўжо прывыкаць.