Дапамогу ў аплаце штрафаў шукайце ў мясцовых уладаў

За дапамогай у аплаце штрафаў звяртайцеся да мясцовых уладаў.

Любоў Санкевіч пад час несанкцыянаванага пікетавання на пляцы Волі ў Мінску 12 траўня 2016 году

Любоў Санкевіч пад час несанкцыянаванага пікетавання на пляцы Волі ў Мінску 12 траўня 2016 году


Такую параду далі ў Адміністрацыі прэзідэнта пенсіянерцы з Бабруйску, актывістцы Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Любові Санкевіч, якая звярнулася па дапамогу ў аплаце штрафаў за несанкцыянаваныя пікеты.
За пікеты на плошчы Свабоды ў МІнску, што адбыліся 31 сакавіка і 12 траўня, 65-гадовая жанчына двойчы пакараная судом агулам на 50 базавых велічынь — 1050 рублёў.
29 верасня пад час чарговага беспаспяховага наведвання Адміністрацыі прзідэнта Рэспублікі Беларусь пенсіянерка пакінула ў Кнізе заўвагаў і прапановаў запіс наконт таго, каб Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік адміністрацыі Аляксандр Касінец дапамаглі жанчыне аплаціць штрафы. Дарэчы, памер пенсіі спадарыні Любові — усяго 290 рублёў.
У сваім звароце жанчына, між іншым, падкрэсліла: праз 15 гадоў адстойвання сваіх правоў яна зразумела, што ў нашай краіне жывуць добра толькі злодзеі, а тыя, хто змагаюцца супраць крадзяжу дзяржаўнай маёмасці, атрымліваюць звальненні і штрафы.
У пісьмовым адказе з Адміністрацыі прэзідэнта жанчыне параілі за дапамогай у аплаце штрафаў звярнуцца да мясцовых органаў выканаўчай улады. Таму 5 кастрычніка спадарыня Любоў накіравала адпаведныя лісты ў Бабруйскі гарвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам.
У каментары НЧ пенсіянерка выказала здзіўленне тым, што Адміністрацыя прэзідэнта, якая вельмі хутка дае ўказанні па затрыманні і пакаранні тых, хто дамагаецца справядлівасці, адмаўляецца бараніць суграмадзянаў у цяжкую для іх хвіліну.
Нагадаем, што былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Любоў Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 гадоў і ў 2001 годзе была звольнена «за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай». Трэба мець на ўвазе, што 11 з паловай гадоў ў Любоў Санкевіч былі выключна падзякі за добрасумленную працу. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы на заводзе.  Пятнаццаць гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне неабгрунтаваным і незаконным. Пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.  
У свой час жанчына паверыла галаве дзяржавы, які заклікаў грамадзянаў Беларусі беражліва адносіцца да дзяржаўнай маёмасці і змагацца з карупцыяй. Вось чаму яна і пачала выкрываць недахопы на прадпрыемстве і менавіта за гэта, на яе меркаванне, была звольнена з працы.