«Адмовіцца немагчыма — проста вылеціш са службы». Як у Беларусі правяраюць на паліграфе
Сілавікі праходзяць апытанне на дэтэктары хлусні не толькі, калі паступаюць на службу, але і калі вяртаюцца з адпачынку.
У Беларусі пашырылі пералік супрацоўнікаў, якіх будуць апытваць на паліграфе — цяпер працэдура абавязковая і для работнікаў пракуратуры. Юрысты распавялі DW, каго яшчэ адпраўляюць на дэтэктар хлусні, ці можна адмовіцца і чаму суды неахвотна прымаюць такі доказ.
Што пытаюцца ў сілавікоў на паліграфе?
Генеральная пракуратура Беларусі зацвердзіла інструкцыю, згодна з якой супрацоўнікаў пракуратуры могуць адпраўляць на паліграф. У ведамстве засакрэцілі пяць з шасці прычын, па якіх могуць праводзіць апытанне. Вядома толькі, што так будуць правяраць жадаючых паступіць на службу.
Раней выкарыстанне паліграфа замацавалі для жадаючых працаваць у іншых сілавых органах: МУС, у тым ліку на службе ва ўнутраных войсках, КДБ, Следчым камітэце, Камітэце дзяржкантролю, Дзяржпагранкамітэце, Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Правяраюць як супрацоўнікаў «у пагонах», так і грамадзянскіх спецыялістаў. Мэта — адсеяць кандыдатаў, якія не прыдатныя да службы, на думку ведамства.
Былы следчы распавёў, пра што звычайна пытаюцца супрацоўнікаў: «Пытанні можна падзяліць на некалькі блокаў. Асабістая характарыстыка кандыдата — напрыклад, пакутуеш ці залежнасцю ад алкаголю або наркотыкаў, ці былі праблемы з законам у цябе і тваіх сваякоў. Таксама высвятляюць, чаму вырашыў паступіць на службу — пытанні тычацца карупцыйных рызык. Ёсць і ідэалагічны блок — вядома, высвятляюць стаўленне да дзейнай улады».
Паводле слоў суразмоўцы, большасць пытанняў супрацоўнікам вядомыя загадзя. «Фармальна падпісваеш згоду, што добраахвотна праходзіш паліграф. На практыцы адмовіцца немагчыма, проста вылеціш са службы, — удакладняе былы следчы. — Бываюць апытанні незапланаваныя, калі кіраванне ўласнай бяспекі пачынае праверку ў дачыненні да супрацоўніка. У такім выпадку таксама немагчыма адмовіцца».
У Генеральнай пракуратуры лічаць, што практыку з паліграфам варта распаўсюдзіць не толькі на сілавікоў, але на ўсіх кандыдатаў на кіруючыя пасады з павышаным узроўнем карупцыйных рызык. «Паліграф досыць эфектыўна прымяняе ў кадравай працы сілавы блок, а таксама буйныя кампаніі пры прыёме супрацоўнікаў на працу», — растлумачыў пазіцыю ведамства ў эфіры дзяржТБ прадстаўнік Генпракуратуры Ігар Грэйба. У 2023 годзе ў Беларусі зафіксаваны істотны рост карупцыйных злачынстваў — на 20%. Самыя праблемныя галіны — прамысловасць, гандаль і сельская гаспадарка.
Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна распавяла, што выкарыстанне паліграфа абмяркоўваюць і для адвакатаў. «А супрацоўнікі пенітэнцыярных устаноў павінны праходзіць такое апытанне не толькі пры паступленні на службу, але і калі вяртаюцца з адпачынку», — удакладніла эксперт.
Каго яшчэ могуць адправіць на паліграф?
Паліграф выкарыстоўваюць у буйных дзяржаўных і прыватных кампаніях — пры прыёме на працу і правядзенні ўласных расследаванняў. Акрамя таго, удакладняе Колесава-Гудзіліна, паліграф могуць ужываць падчас крымінальнага працэсу. І ў тым, і іншым выпадку грамадзянін мае права адмовіцца ад паліграфа.
«На практыцы часцей за ўсё яго выкарыстоўваюць супрацоўнікі КДБ, яшчэ на пачатковым этапе, каб зразумець, ці можна далей працаваць з чалавекам, — удакладняе эксперт. — Некаторыя адвакаты таксама хадайнічаюць аб прымяненні паліграфа, каб выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы абароны. Звычайна гэта сустракаецца па эканамічных, карупцыйных справах. Адвакатам рэдка ўдаецца дамагчыся, каб кліенту дазволілі прайсці такое апытанне».
Суразмоўца ўдакладняе, што сілавікі выкарыстоўваюць паліграф, у тым ліку, па справах, звязаных з тэрарызмам, нацыянальнай бяспекай. Так апытвалі фігурантаў справы аб выбуху ў мінскім метро ў 2011 годзе. «Вынікі паліграфа дазваляюць паказаць хуткі вынік, каб прад'явіць яго, напрыклад, пракурору, атрымаць санкцыю і далей працаваць па справе», — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна.
Чаму суды не давяраюць паліграфу?
Беларускія суды з насцярожанасцю ставяцца да вынікаў апытання на паліграфе, удакладняе прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека. Гэта пацвярджаецца і высновамі ў прысудах, апублікаваных у судовым рэестры.
Па-першае, такі доказ не лічыцца самадастатковым, яго трэба дадаткова пацвердзіць. Па-другое, многае залежыць ад кваліфікацыі спецыяліста, абсталявання, асобасных характарыстык апытванага. Самі паліграфолагі паказваюць, што вынік носіць толькі імавернасны характар.
«Кожны сілавік праходзіць праз паліграф, у тым ліку і па пытаннях карупцыі. Але мы ж ведаем, што некаторыя з іх здзяйсняюць такія злачынствы, гэта значыць ніякай гарантыі няма, — кажа Колесава-Гудзіліна. — Больш за тое, сілавікі загадзя ведаюць, пра што іх будуць пытацца, і спецыяльна рыхтуюцца да гэтай працэдуры».
Паводле слоў эксперта,
суды па сваёй ініцыятыве, як правіла, не адпраўляюць абвінавачаных на паліграф.