Лукашэнка дазволіў правяраць дэтэктарам хлусні сілавікоў, якіх бяруць на працу
Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 ліпеня ўказ «Аб удасканаленні дзейнасці органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў».
Частку ўказу апублікаваў рэсурс Pravo.by 14 ліпеня.
Паводле ўказу, на паліграфе («дэтэктары хлусні») можна правяраць грамадзян, якіх прымаюць на службу або працу ў органы ўнутраных справаў і ўнутраныя войскі, а таксама пры службовых праверках і расследаваннях што да супрацоўнікаў і «цывільнага персаналу» гэтых органаў справаў і войскаў з іхнай пісьмовай згоды. Дакладную працэдуру даручылі вызначыць самому МУС.
Указ апісвае таксама шэраг арганізацыйных зменаў. Але апублікавалі ня ўвесь указ, а толькі вынятак, спіс можа быць няпоўны.
Так, указам перадаюць Дэпартаменту выканання пакаранняў Берасцейскай вобласці папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 45 – яна ў Крычаве Магілёўскай вобласці і раней адносілася да магілёўскага дэпартаменту. На базе абласных упраўленняў унутраных справаў указам даручаюць стварыць аўтагаспадаркі Берасцейскага, Гомельскага, Менскага і Магілёўскага аблвыканкамаў. Дзіцячы аздараўленчы лагер «Арляня» УУС Горадзенскага аблвыканкаму ліквідуюць.
Летась міністр унутраных справаў Юры Караеў скасаваў абавязковыя праверкі на паліграфе, якія датуль мусілі рэгулярна праходзіць супрацоўнікі міліцыі. Патлумачыў, што «не зусім дасканалая гэтая сістэма, калі толькі паліграфічнае псыхафізіялагічнае даследаванне закрывае чалавеку дарогу для працягу службы».
svaboda.org