«Грамадзянін не падпарадкаваўся». Міліцыя пра затрыманне карэспандэнта «Свабоды»

У ГУУС Мінгарвыканкаму пракаментавалі затрыманне і збіццё Антона Трафімовіча, які 15 ліпеня вёў жывы рэпартаж ад будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Свабода» распавядае, чаму патлумачылі збіццё карэспандэнта

Журналіст Свабоды Антон Трафімовіч пасля затрымання

Журналіст Свабоды Антон Трафімовіч пасля затрымання


Пры затрыманні Антону Трафімовічу зламалі нос; пасля вызвалення ён звярнуўся па медычную дапамогу, яму наклалі чатыры швы.

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкаму Наталля Ганусевіч сказала «Свабодзе», што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаванне».

«Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводскі РУУС гораду Мінску. Цялесныя пашкоджанні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкавання. Па факце атрымання цялесных пашкоджанняў матэрыял накіраваны ў падраздзяленне Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзення праверкі і дачы прававой ацэнкі», — сказала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкаму.

Антон Трафімовіч сказаў, што ніякага непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі ён не чыніў.

«Ніхто не прадстаўляўся, проста падбеглі людзі ў цывільным, схапілі за рукі, выцялі па галаве, не сказаўшы, за што мяне цягнуць. Я не супраціўляўся. Я нават не меў магчымасці супраціўляцца, бо іх было чацвёра, хто мяне цягнуў. Гэта было праз 10-15 хвілін пасля стрыму. Тое, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, я даведаўся толькі тады, калі мяне прывезлі ў РУУС», — сказаў журналіст.

Антон Трафімовіч сцвярджае, што ніякага разбору ў Заводскім РУУС не было.

«Нас там ніхто не апытваў, праз гадзіну нас выпусцілі».