Міліцыянты з Мастоў напісалі заяву на Аляксандра Мілюка за абразу

Як паведаміў каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк з Мастоў, 15 ліпеня да яго дадому з аглядам прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Агляд жылога памяшкання актывіста праводзіўся ў рамках праверкі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "абраза прадстаўніка ўлады".

Аляксандр Мілюк

Аляксандр Мілюк

На Аляксандра Мілюка 6 ліпеня напісалі заявы ў Следчы камітэт намеснік начальніка АУС Мастоўскага райвыканкама Аляксей Літош і начальнік ААПП АУС Мастоўскага райвыканкама Яўген Кудрашаў. Міліцыянты паскардзіліся следчым, што Мілюк выклаў 3 ліпеня відэа ў тэлеграм-канале "Масты для жыцця", у якім ён абражае супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Нагадаем, 3 ліпеня Аляксандр Мілюк вяртаўся дадому з сынам. Да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра і нецэнзурна выказвацца ў яго адрас. Актывіст вёў відэазапіс таго, што адбываецца на тэлефон. У хуткім часе пад'ехала міліцэйская машына. Аляксандр Мілюк прасіў абараніць яго ад прыставанняў невядомага мужчыны. Але міліцыя затрымала і самога Аляксандра. Яго даставілі ў мясцовы РАУС, дзе паведамілі, што Аляксандр нібыта здзейсніў дробнае хуліганства.

У міліцыі Аляксандр стаў дрэнна адчуваць сябе. Выклікалі лекараў. Аказалася, што ў мужчыны высокі ціск і тэмпература да 37,7 градуса. Яго адвезлі ў бальніцу. Там высветлілася, што ў Аляксандра каронавірус. Два тэсты паказалі станоўчы вынік. Па словах мужчыны, яшчэ адзін тэст быў узяты праз некалькі дзён. Ён аказаўся адмоўным, і мужчыну выпісалі з лякарні, цяпер ён знаходзіцца дома на самаізаляцыі.

Міліцыя каментавала дастаўленне 3 ліпеня Аляксандра ў аддзяленне так:

"У мужчыны здарыўся канфлікт з мінаком. Сведкам канфлікту стаў нарад супрацоўнікаў ДАІ Мастоўскага РАУС, якія праязджалі міма, і якія даставілі абодва бакі канфлікту ў мясцовы аддзел унутраных спраў для разгляду. Абодва грамадзяніна былі апытаныя. У далейшым Аляксандр Мілюк быў дастаўлены з РАУС у медустанову для правядзення агляду на прадмет наяўнасці цялесных пашкоджанняў. У бальніцы ў яго была выяўлена павышаная тэмпература цела. Мужчыну шпіталізавалі, а не змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Што тычыцца іншага ўдзельніка канфлікту, то яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства і арыштавалі".

У пастанове аб аглядзе, санкцыянаваным пракурорам Мастоўскага раёна, сказана, што адміністрацыйны працэс паводле артыкула 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) усё ж быў пачаты ў дачыненні да яго. Паводле гэтай жа пастановы, Аляксандр 3 ліпеня выклаў відэа з абразай супрацоўнікаў міліцыі. Сам агляд праводзіцца "з мэтай выяўлення матэрыяльных аб'ектаў, якія маюць значэнне для справы".

miluk_y8i.jpg


Аднак, па словах Аляксандра, ён не разумее, пра якое відэа, у якім ён нібыта абражае міліцыянтаў, ідзе гаворка. Яго яму так і не паказалі. На дадзены момант у телеграм-канале "Масты для жыцця" якога-небудзь відэапаведамлення аб праваахоўных органах ад 3 ліпеня няма.

"Канфіскавалі тэлефон, сказалі мне, што будуць усё вывучаць. Але я не памятаю такога, каб я выкладваў нейкае відэа. Трэцяга чысла мне так і не сказалі, распачатая адміністрацыйная справа на мяне ці не", — пракаментаваў TUT.BY Аляксандр. 

Юрыст "Вясны": Узровень абароны ад абразаў у міліцыянта не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзян

Як лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алег Пашкевіч, Аляксандр Мілюк падвяргаецца сістэмнаму пераследу менавіта за сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Аляксандр Мілюк з'яўляўся мясцовым каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, у самым пачатку ён назбіраў каля 2000 подпісаў. У выніку яго змясцілі на прымусовы каранцін на два тыдні з-за таго, што нібыта ў яго суседа (хоць жыве ён у прыватным доме) дыягнаставалі COVID-19, такім чынам яго дзейнасць спынілі.

26 чэрвеня Аляксандр Мілюк быў беспадстаўна затрыманы і змешчаны ў памяшканне, дзе да яго знаходзіўся хворы на COVID-19 (гэта зафіксавана ім на відэа). Пасля гэтага ён сам захварэў.

3 ліпеня ў дачыненні да яго адбылася правакацыя, у выніку якой яго затрымалі і пачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 17.1 КаАП. Цяпер гаворка ідзе аб крымінальнай справе за абразу супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС.

"Трэба адзначыць, што адміністрацыйны працэс па арт. 17.1 КаАП яшчэ не скончаны і Аляксандр Мілюк не прыцягнуты да адказнасці. Таму ёсць падставы сумнявацца адносна законнасці дзеянняў супрацоўнікаў Мастоўскага РУУС. Тым больш, што ўсе падзеі запісаныя на відэа і ўсе могуць убачыць абсурднасць абвінавачвання. Відавочна, што ў сітуацыі 3 ліпеня Аляксандр якраз быў пацярпелым, але ніяк не правапарушальнікам.

Што тычыцца артыкула 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў), у рамках якой супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да Аляксандра дадому з аглядам, то варта адзначыць, што праваабаронцы ні раз звярталі ўвагу беларускіх уладаў на неабходнасць адмены крымінальнай адказнасці за дыфамацыйныя правапарушэнні.

На гэта ўказваюць і такія міжнародныя арганізацыі, як ААН і АБСЕ. Узровень абароны ад дыфамацыйных формаў выказванняў меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюджвання абразлівых звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асоб дзяржавы, у тым ліку міліцыянта, прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзян", — каментуе сітуацыю юрыст Алег Пашкевіч.

spring96.org