Адыёзны тэлеграм-канал сілавікоў незнарок выдаў сваіх адміністратараў
На гэтым канале публікаваліся ў тым ліку відэа з затрыманымі па палітычных справах, адзначае «Н*ша Ніва». Канал, як і іншыя падобныя, не толькі парушае прэзумпцыю невінаватасці, але і распальвае варожасць па прыкметах палітычных поглядаў, нацыянальнай і сэксуальнай прыналежнасці, зневажае нацыянальныя пачуцці беларусаў.
Гаворка ідзе пра канал «Обратная сторона». Дакумент са
спісам вядоўцаў канала выпадкова выклаў туды нехта з адміністратараў.
Аказалася, што структура, якая адказвае за вядзенне канала,
— гэта Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў (УІГС) Міністэрства ўнутраных
спраў. Падраздзяленне, якое за гэта адказвае, мае рускамоўную абрэвіятуру
ОРІКС. Гэта новае падраздзяленне, назва, хутчэй за ўсё, расшыфроўваецца як
аддзел па рабоце ў інфармацыйна-камунікацыйнай сферы ці аддзяленне па рабоце ў
інтэрнэце і камунікацыйнай сферы.
Графік дзяжурстваў на канале склаў падпалкоўнік Сяргей
Іванавіч Басько. Яму 45 гадоў і ён скончыў філфак БДУ у 2000 годзе, але
пайшоў працаваць у міліцыю.
Сяргей быў аўтарам сайта МУС, прадстаўніком УУС Мінскай
вобласці, а пасля пайшоў на павышэнне і загадвае цэлым аддзелам у УІГС.
Падчас пратэстаў у горадзе Жодзіне Басько выдаваў сябе
спачатку за пратэстоўца, а пасля за аператара незалежных СМІ і таемна здымаў
удзельнікаў пратэстаў.
Басько — старшы інспектар па асаблівых даручэннях. Але
дакумент павінен падпісваць начальнік падраздзялення. Хто ж тады кіруе ОРІКС?
Дакумент, які адміны міліцэйскага канала выпадкова злілі, быў створаны ў маі
2021 года карыстальнікам «Саша». У спісе дзяжурстваў ёсць Аляксандр Марчанка.
Яго графа пустая — імаверна, ён у адпачынку. Можна меркаваць, што ён і ёсць
начальнік аддзела.
Марчанка 38 гадоў, ён скончыў Акадэмію МУС. Працаваў у
прэс-цэнтры транспартнай міліцыі, УІОС МУС, потым у прэс-цэнтры
Мінаблвыканкама. «Выканаўчы. Дадуць загад — будзе выконваць», — кажуць пра яго.
У канале, за які адказвае ОРІКС, апроч крымінальных навін
выкладаюць відэа з затрыманымі за палітыку і выкарыстоўваюць адпаведную
лексіку. Беларускі нацыянальны сцяг там называюць «анучай», Калеснікаву —
«алкагалічкай». У многіх палітычных пастах можна знайсці элементы распальвання
нацыянальнай ці сацыяльнай варожасці або знявагі гонару, годнасці і дзелавой
рэпутацыі.
Канал «Обратная сторона», як вынікае з графіку дзяжурстваў,
вядзе толькі гэтае падраздзяленне, бо толькі яго супрацоўнікі дзяжураць па
выхадных.
А вось маніторынгам недзяржаўных медыя (літара «М» у
графіку) займаюцца розныя аддзелы. Кожны дзень (у тым ліку ў выходныя)
выдзяляецца спецыяльны чалавек, які чытае анлайн-СМІ і тэлеграм-каналы па
спісе: «Н*ша Ніва», «З*ркало», «N*xta» і г. д.
Аналагічныя падраздзяленні, якія займаюцца маніторынгам
медыя, імаверна, ёсць і ў Міністэрстве абароны, і ў Адміністрацыі Лукашэнкі.
Сам канал быў створаны ў кастрычніку 2020 года, але меў іншы
юзернэйм — propolice_by. Перайменаваўся ён у лютым 2022-га.