АГП супраць расійскіх ваенных баз
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў журналістам 12 верасня, што ўжо падрыхтаваная заява ў Канстытуцыйны суд Беларусі з нагоды меркаванага размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай авіябазы.
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў журналістам 12 верасня, што ўжо падрыхтаваная заява ў Канстытуцыйны суд Беларусі з нагоды меркаванага размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай авіябазы.
Па словах Анатоля Лябедзькі, зварот падрыхтаваны АГП з удзелам экспертнай супольнасці. Напрыклад, у працы над дакументам удзельнічаў экс-суддзя Канстытуцыйнага суда доктар юрыдычных навук прафесар Міхаіл Пастухоў, які ачольваў працоўную групу.
“Мы зыходзім з таго, што беларуская Канстытуцыя прапісвае імкненне Беларусі да нейтралітэту, і размяшчэнне тым больш новых ваенных баз супярэчыць дзеючай Канстытуцыі, — адзначыў лідар АГП. — Мы не спяшаемся прагназаваць, якое будзе рашэнне Канстытуцыйнага суда, але мы выкарыстоўваем усе легальныя і легітымныя магчымасці, каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы”.
Дакумент будзе перададзены ў КС на наступным тыдні. Заяву падпісалі сам старшыня АГП, а таксама былыя кіраўнікі Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб.
Як адзначаецца ў звароце, Беларусь, дапускаючы на сваёй тэрыторыі размяшчэнне ваеннага складніка іншай дзяржавы, тым самым парушае прынцып нейтральнасці сваёй дзяржавы (частка 2 артыкул 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). “Размяшчэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь расійскіх ваенных баз, — акцэнтуюць увагу аўтары, — закранае асновы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Таму мы прапануем разгледзець гэтае пытанне Канстытуцыйным судом Рэспублікі Беларусь з пазіцыі Канстытуцыі і міжнародных дамоваў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь”.
Апроч таго, паведаміў Лябедзька, зараз у працы праект дакумента на імя прэзідэнтаў Расіі Уладзіміра Пуціна і ЗША Барака Абамы, а таксама прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана. “Гэта палітычны зварот, і мы хацелі б палітычнай рэакцыі. Мы нагадваем пра Будапешцкі мемарандум, падпісаны ў 1994 годзе, дзе зафіксаваны гарантыі бяспекі для Рэспублікі Беларусь. Пад гэтым дакументам стаяць подпісы кіраўнікоў згаданых трох дзяржаваў. Ужо пайшоў працэс размяшчэння расійскай ваеннай авіябазы ў Лідзе, і мы лічым, што гэта ёсць парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што гэтыя дзеянні супярэчаць мемарандуму, — падкрэсліў палітык. — Мы просім, каб яны на палітычным узроўні яшчэ раз пацвердзілі, што гэтыя краіны і надалей нясуць на сабе абавязак гаранта бяспекі для Беларусі”.