
Па словах Анатоля Лябедзькі, пікет мяркуецца правесці 6 кастрычніка ў Парку Дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор. Раней Палітсавет АГП прыняў заяву «Час вызначыць межы беззаконня, глупства і самадурства».
«Новая ініцыятыва ўлады аб увядзенні стодоларавай мыты для грамадзянаў Беларусі, якія выязджаюць з краіны, з’яўляецца незаконнай, амаральнай і неэфектыўнай, — лічаць аўтары звароту. — На самой справе, гэта ёсць публічнае прызнанне ўлады ў тым, што «мадэрнізацыя па-лукашэнаўску» неэфектыўная, а эканамічная мадэль неканкурэнтаздольная, — гаворыцца ў дакуменце. — Улады прывыклі вырашаць створаныя імі ж праблемы за кошт шараговых грамадзянаў і добрасумленных падаткаплатнікаў. Гэтая выдумка наконт выязной мыты накіраваная супраць людзей».
«Палітрада АГП патрабуе, каб Лукашэнка, ягоны непрафесійны ўрад, ягоны «прызначаны» парламент прызналі, што прывялі краіну ў тупік, і падалі ў адстаўку. АГП распачынае грамадзянскую кампанію «ПОШЛІНА??? ПАЙШЛІ НА…!», накіраваную на адмену незаконнай, амаральнай, безадказнай ініцыятывы, на павышэнне грамадзянскай актыўнасці людзей, а таксама на патрабаванне: «Лукашэнка і ягоны ўрад — у адстаўку!», — адзначае ў сваёй заяве кіраўніцтва партыі.
Апроч таго, паведамілі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і прэс-сакратар партыі Ганна Красуліна, актывісты вырашылі сабраць сто долараў беларускімі сторублёвымі купюрамі, а гэта больш за 9000 (!) грашовых знакаў, і перадаць мех з гэтымі грашыма ў адміністрацыю прэзідэнта. Маўляў, няхай падавяцца. Да таго ж, гэта будзе знак кіраўніцтву, да чаго яно давяло нацыянальную валюту.

P.S.: А я б знайшоў больш карыснае прымяненне гэтым грошам.