«Актыўная фаза страйкаў перарастае ў іншыя формы «партызанскай барацьбы» — Ярашук
«Актыўная фаза страйкаў перарастае ў іншыя формы «партызанскай барацьбы», — гэтак ацаніў бягучую сітуацыю ў інтэрв'ю БелаПАНу старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, піша Свабода.
«У аўторак у параўнанні з панядзелкам стала цішэй, што датычыцца прадпрыемстваў. Але нішто нікуды не падзелася, знешнія праявы пратэсту сышлі ўглыб, у тым ліку ў сабатаж, „італьянскі страйк“», — сказаў Ярашук.
Ён заўважыў, што на прахадных буйных прадпрыемстваў цяпер дзяжурыць АМАП. «Рабочыя і так не былі настроеныя масава пратэставаць. Гэтыя страйкі мы больш карэктна называем акцыямі пратэсту. Гэта тое, што могуць дазволіць сабе працоўныя. Усё трансфармавалася ў сабатаж, на працоўных месцах людзі праводзяць «італьянскія страйкі». У той ці іншай форме гэта праяўляецца на ўсіх прамысловых прадпрыемствах. Можна назваць для прыкладу і МАЗ, і Мінскі электратэхнічны завод. Страйк у класічнай форме праходзіць на «Гродна Азоце», — адзначыў прафсаюзны лідар.
«Не ведаю, які будзе працяг, але можна казаць, што, хутчэй за ўсё, усе акцыі будуць насіць хвалепадобны характар. Гэты як заснулы вулкан, які час ад часу выкідае клубы пары і попелу», — заўважыў ён.
Ярашук адзначыў, што прычыны, якія спарадзілі напружанасць у грамадстве, не знікаюць.
«Улады імкнуцца вырашаць праблему адзіным спосабам — запалохваннем рабочых, сілавой расправай, прымусам у розных формах, у тым ліку рэпрэсіямі, уключаючы справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, звальненні актывістаў і гэтак далей», — заўважыў кіраўнік БКДП.
Паводле Ярашука, усё гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль не адбудзецца транзіт улады.
«Але рэжым ні ў якай форме не мае намеру мяняць сваю палітыку і стратэгію, не мае намеру садзіцца за стол перамоваў і весці дыялог для выхаду з вострага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу. Таму мы можам зрабіць прагноз, што тычыцца рэальнага сектару эканомікі: мы будзем назіраць акцыі пратэсту, якія будуць выяўляцца ў своеасаблівай форме „партызанскай барацьбы“. Таму што такія формы для працоўных больш бяспечныя і звыклыя», — адзначыў Ярашук.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што пратэстуюць не толькі рабочыя на прадпрыемствах, але і студэнты, навучэнцы каледжаў.
«Прыватны бізнес таксама пратэстуе. Іх дзеянні накіраваныя на тое, каб нанесці як мага большую шкоду сістэме дзяржкіравання, бо закрыццё кафэ, цырульняў і іншых аб’ектаў сферы паслуг азначае нявыплату падаткаў у бюджэт. У сферы абслугоўвання занята больш за 50% работнікаў. Краіна будзе страчваць істотныя паступленні ў бюджэт, і гэта будзе сурʼёзна дэстабілізаваць усю сістэму ўлады і таксама няўхільна набліжаць краіну да развязкі», — падсумаваў Аляксандр Ярашук.
У сваю чаргу, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў у інтэрв'ю БелаПАН выказаў думку, што сітуацыя са страйкамі вырашыцца ў бліжэйшыя дні.
«Зараз вельмі шмат што вырашаецца на „Гродна Азоце“. Калі хлопцы там выстаяць і працягнуць страйкаваць, то па ланцужку можа страйк перакінуцца і на астатнія прадпрыемствы», — лічыць Пазьнякоў.
«Але пакуль мы бачым ціск з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў на спробы сабрацца. Ніхто не кажа ў адкрытую, што будзе страйкаваць, усе планы ў людзей у галаве, і яны спрабуюць іх ажыццявіць, таму ў бліжэйшыя дзень-два ўсё вырашыцца — альбо страйкавы рух пашырыцца, альбо, наадварот, заціхне», — сказаў прафсаюзны лідар.