«Мы сыходзім у нікуды — пустэчу, безграшоўе і не ведаем, што з намі далей будзе»

З 29 кастрычніка частка артыстаў Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра далучыцца да страйку. Яны гатовыя да таго, што іх звольняць, — але ў такім выпадку прыйдзецца адмяніць усе спектаклі, піша hrodna.life.


Першапачаткова артысты планавалі зрабіць аб'яву на спектаклі «Грошы як дождж» 28 кастрычніка. Але ні адзін глядач не купіў квіток на спектакль. Спектакль адмянілі, а акцёры запісалі відэазварот.
— Учора за сваю грамадзянскую пазіцыю былі звольненыя Генадзь Уладзіміравіч Мушперт, галоўны рэжысёр тэатра, і заслужаны артыст, рэжысёр Сяргей Уладзімір Курыленка. Мы таксама падзяляем іх грамадзянскую пазіцыю. Мы таксама супраць хлусні і гвалту, — выказалі салідарнасць акцёры.
Артысты выступаюць за аднаўленне законнасці ў краіне, вызваленне палітвязняў і новыя празрыстыя выбары. Акцёры сказалі, што спрабавалі наладзіць кантакт з адміністрацыяй, але дыялогу не атрымалася, і яны не бачаць далейшага творчага працэсу. Таму частка трупы далучаецца да агульнанацыянальнага страйку. "Жыве Беларусь!" — скончылі яны відэа.
Акцёры сказалі, што з імі салідарныя ўсе калегі, але частка трупы больш актыўная. Артысты гатовыя да таго, што іх могуць звольніць. «Але мы вельмі не хочам сыходзіць з свайго дома. Хочам казаць пра тое, аб чым важна казаць, і граць драматычныя спектаклі». «Мы сыходзім у нікуды — пустэчу, безграшоўе і не ведаем, што з намі далей будзе. Магчыма, будзем рабіць нейкія праекты».
Калі сем акцёраў, якія заявілі пра страйк, звольняць, усе спектаклі прыйдзецца адмяніць. «Калі тэатр сыдзе ў прастой, астатнія работнікі будуць атрымліваць меншы заробак. На нас спрабуюць ціснуць, што мы пакінем людзей без хлеба. Мы вырашылі, што іх пара прыйшла — магчыма, заўтра ўсе, хто не хочуць нас страціць, папросяць за нас. Салідарнасць!».
Заявы пра страйк дырэктару Ігару Гедзічу дадуць заўтра.