«Здымаеш майткі да калена, два разы прысядаеш». Як прафесар Краўцэвіч адседзеў у ізалятары

Гісторыку Алесю Краўцэвічу з Горадні 28 кастрычніка прысудзілі 270 рублёў штрафу. Ён выйшаў з ізалятара на волю і расказаў, як адседзеў трое сутак, піша Свабода.

711f2f7c_ae78_4d26_bad4_7cd573cabc5e_w650_r0_s.jpg


«Я не зладзюга, я прафесар»

Краўцэвіча затрымалі на горадзенскім пратэставым маршы ў нядзелю 25 кастрычніка. Перад гэтым ён пачуў загад каля шапіка «Белсаюздруку»: «Усіх, хто ў масках, браць». Забіралі двое амапаўцаў, адзін паспрабаваў удушыць пры затрыманні.
«Слабакі, я лепш умею душыць. Я займаўся джыу-джыцу», — камэнтуе навуковец.
«Зладзюга ты», — сказаў яшчэ адзін амапавец, пакуль цягнуў гарадзенца ў аўтазак.
«Я не зладзюга, я прафесар», — адказаў Краўцэвіч. Яго ў адказ ударылі ў сонечнае спляценне, але ён паспеў ухіліцца.
Краўцэвіч кажа, што амапаўцы самі сябе накручвалі, каб быць больш жорсткімі. Пры сабе Краўцэвіч не меў тэлефона. Жонцы напісаў з аўтазаку з чужога нумару тры словы: «Забралі. Цэлы. Алесь». Больш нідзе яго не білі і не абражалі. Большасць звярталася на «вы». Пра тое, што забралі прафесара, ведалі, але гэта не надта паўплывала на ягоны далейшы лёс.
На допыце Краўцэвіч не стаў адказваць на пытанне, ці браў удзел у пікеце, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі. Яго дапытваў падпалкоўнік, які не надта разумеў па-беларуску, прафесар перайшоў на расійскую мову. Падпалкоўнік спрабаваў размаўляць на гістарычныя тэмы.

Алесь Краўцэвіч з жонкай Таццянай

Алесь Краўцэвіч з жонкай Таццянай


Хтосьці з міліцыянтаў заўважыў, убачыўшы пратакол: «От, трэба было сказаць, што не быў».
«Ён не хацеў хлусіць. Я таксама не люблю хлусіць», — адказаў яму калега.
Гісторык не згадзіўся з пратаколам, таму яго адправілі ў ізалятар. Самым цяжкім была няпэўнасць, калі суд, чаго чакаць далей.

«Два разы прысядаеш, каб з дупы што-небудзь вылецела»

За час адседкі прафесар памяняў 4 камеры, паўсюль сядзеў з «палітычнымі». Сукамернікі нават пазнавалі яго ў твар па гістарычных тэлеперадачах. Кажа, што падчас экспедыцый жыў і ў горшых умовах.
«Абедаў. Каша без масла, катлета цярпімая. Рыба паскудная. Еў толькі капусту. Скарыстаўся магчымасцю скінуць пару кілаграмаў», — расказаў пра рацыён суразмоўца.
У ізалятары гісторык размаўляў з міліцыянтамі. Кажа, што тыя ставіліся адэкватна, выконвалі просьбы.
«Хлопцы, вы не бойцеся. Калі вы нікога не білі, мы судзіць вас не будзем», — звяртаўся ён да ахоўнікаў.

86bec2a3_cc47_4b9e_9500_dbf8fe7e0a00_w650_r0_s.jpg


Яму дазволілі перадаць перадачу.
«Яны абшукваюць перадачу, у мыльніцу ўлазяць. Цыгарэты ў пачках не даюць, а паасобку. Па два разы правяраюць „пікалкай“. Падымаеш тапкі, вымаеш матузкі, вымаеш вусцілкі. Распранаешся, здымаеш майткі да кален, два разы прысядаеш, каб з дупы што-небудзь вылецела. Адкрываеш рот, управа, улева зубы [паказваеш]. Я спачатку адчуваў прыніжэнне, а потым пачаў успрымаць як прыгоду», — успамінае працэдуры ў ізалятары прафесар.

Абраў штраф

1c94072a_4379_497c_86d2_f0537a5b0def_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg


Асудзілі яго ў апошнія хвіліны перад сканчэннем трох сутак. На судзе ён адказаў, што прызнае свой удзел у мерапрыемстве, але не прызнае сябе вінаватым.
«Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Па Канстытуцыі абавязаны выступаць супраць няправеднай улады. Выступаю з пратэстам супраць несправядлівых выбараў і супраць гвалту на нашых вуліцах», — так Краўцэвіч патлумачыў у судзе сваю пазіцыю.
Суддзя запытаўся, што б ён хацеў атрымаць — штраф ці суткі. Прафесар абраў штраф.