Алена Каваленка: “Я за Сяргеем як за каменнай сцяной”
Напярэдадні 8 Сакавіка “Народныя навіны Віцебска завіталі ў госці да жанчыны, якая будзе адзначаць гэта свята адна, без свайго мужчыны і кветак. Яе муж тры месяцы галадае на знак пратэсту і зараз знаходзіцца ў турэмным шпіталі на Валадарцы ў Мінску. Алена Каваленка чакае. Моліцца. Верыць у лепшае. Стараецца не плакаць. Яна толькі крыху нервова круціць ў доўгіх прыгожых пальцах мяккага ружовага зайца — цацку сямімесячнай дачушкі, і распавядае пра самае патаемнае, рамантычнае і дарагое для кожнай жанчыны. Пра сваё каханне, замужжа, дзяцей.
Напярэдадні 8 Сакавіка “Народныя навіны Віцебска завіталі ў госці да жанчыны, якая будзе адзначаць гэта свята адна, без свайго мужчыны і кветак. Яе муж тры месяцы галадае на знак пратэсту і зараз знаходзіцца ў турэмным шпіталі на Валадарцы ў Мінску. Алена Каваленка чакае. Моліцца. Верыць у лепшае. Стараецца не плакаць. Яна толькі крыху нервова круціць ў доўгіх прыгожых пальцах мяккага ружовага зайца — цацку сямімесячнай дачушкі, і распавядае пра самае патаемнае, рамантычнае і дарагое для кожнай жанчыны. Пра сваё каханне, замужжа, дзяцей.
— Мы знаёміліся… двойчы! Першы раз — 11 гадоў таму, каля ВДУ імя Машэрава. Я паступала ва ўніверсітэт і прыйшла даведацца, ці ёсць маё прозвішча сярод залічаных. У нас з Сяргеем розніца ва ўзросце амаль 9 год. Мне тады было 17, а яму 26. Пазнаёміліся, ён праводзіў мяне дадому. Пакінула яму свой тэлефон, ды ён яго згубіў. Але гэта відавочна быў лёс — бо мы зноў сустрэліся! Адбылося гэта амаль праз два гады — я ўжо скончыла тады другі курс біялагічнага факультэта. Мы з сяброўкай ішлі каля Лядовага палаца. Ён таксама быў з нейкім сябрам. І адразу ж мяне пазнаў! А я нават не ўзгадала, хто гэта. Ён нагадаў мне пра наша першае знаёмства. І на гэты раз ужо не згубіў майго нумару тэлефона. Сустрэліся. І адразу, на першым спатканні, Сярожа сказаў, што мае намер са мной ажаніцца.
— А што ў ім цябе найбольш уразіла?
— Адразу было бачна, што ён сапраўдны мужчына. У Сяргея вялікая моц духу, мужнасць. Гэта, канешне, адчувалася адразу.
— Твой муж вельмі часта ўзгадвае беларускую шляхту. Нават у сваім заключным слове на судзе ён разважаў на гэту тэму. А ў адносінах да сваёй жанчыны ён праяўляе шляхетнасць?
— Канешне ж, ён дарыў мне кветкі і ўвагу, заўсёды непакоіўся за мяне. Магу сказаць адно: за ім я сябе адчуваю, як за каменнай сцяной. Ён заўсёды абароніць, адстаіць і сваю жанчыну, і свае правы.
— А як твой абраннік прызнаўся ў каханні?
— Проста, вельмі проста. Гэта было ўзаемнае каханне. Перад нашым вяселлем Сяргей тры з паловай месяцы працаваў у Расіі, на Поўначы. І я яго чакала. Распісаліся мы 18 чэрвеня 2004 года.
— Калі не сакрэт, чаму так сталася, што вы жаніліся двойчы?
— У кожнай сям’і здараюцца непаразуменні. На жаль, прайшлі праз гэта і мы. Гэта быў чыста эмацыйны крок — падаць заяву на скасаванне шлюбу. Мы не жылі разам толькі месяц. А потым ужо памірыліся. Ды атрымалася так, што заяве ў загсе ўжо далі ход. Калі нас разводзілі ў верасні 2010 года, у мяне ўжо было два тыдні цяжарнасці малодшай дачкой Вікай. А нядаўна, у лютым, мы распісаліся паўторна. Рэгістрацыя гэтага шлюбу адбывалася далёка не ў рамантычных умовах — у пакоі для спатканняў віцебскага СІЗА-2. Жаніх быў у кайданках. А сведкамі — міліцыянты…
— Алена, скажы, толькі шчыра, паклаўшы руку на сэрца. Каб ведаць наперад усё, што табе давядзецца перажыць, ці пайшла б ты замуж за апазіцыянера?
— Я ўжо казала: гэта быў лёс. Але выходзіла замуж я за простага, самага звычайнага хлопца. У яго тады не было яшчэ такіх выразна акрэсленых поглядаў. Прынамсі, мне ён іх у той час не выказваў. Канешне, сваё бачанне таго, што адбываецца ў краіне і свеце, у яго было і тады. Сяргей заўсёды шмат чытаў. Але ўсё гэта было не ў той меры, як зараз. Ягоныя погляды і перакананні раслі разам з нашай сям’ёй.
— А табе ніколі не прыходзіла здрадніцкая думка: “Ва ўсіх мужыкі як мужыкі — з працы ды дадому, на родную канапу. А мой сцягі вешае, па дахах лазіць, жыццём рызыкуе…?
— Спачатку — так, мне гэта не вельмі падабалася. А потым я цалкам перайшла на бок Сяргея. Мы з мужам разам раслі — як беларусы, як грамадзяне. Ён на мяне вельмі моцна паўплываў, мы пастаянна размаўлялі на тэму нацыянальных каштоўнасцей. Праўда, тое, што беларусы не шануюць сваю родную мову, мяне здзіўляла яшчэ і да знаёмства з Сяргеем.
— Напэўна, гэта дужа цяжка — быць жонкай чалавека, які супрацьстаіць уладам, агромністай і жорсткай дзяржаўнай машыне?
— У нейкай ступені я адчуваю сябе жонкай пажарнага, альпініста ці нейкага іншага чалавека, у якога рызыкоўная праца. Адразу гэта было вельмі цяжка. Але псіхіка чалавека да ўсяго адаптуецца. Канешне, я і зараз перажываю, але ўжо не так востра, як на пачатку. Прычым яго могуць і неабавязкова за сцяг затрымаць. Як тады, 19 снежня мінулага года — прыехалі і забралі проста з дому. Заходзяць два міліцыянты, кажуць: “Трэба праехаць. Паедзем паразмаўляць наконт скаргаў, якія вы пісалі, што да вас уначы міліцыя з’яўляецца. І — усё. Пасля таго мы Сяргея дома ўжо не ўбачылі. Як 37-мы год…
Увогуле цягам месяца, апошняга перад тым, як мужа забралі, супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі да нас кожную ноч. З 3 да 5 гадзін раніцы пастаянна правяралі, ці дома Сяргей. Звоняць у дзверы, заходзяць, пытаюцца: “Дома? — “Дома. — “Все хорошо? І так могуць па некалькі разоў за ноч. А падчас “Славянскага базара, выбараў, Дня волі, Новага года маглі прыйсці і па пяць разоў — у перыяд з 9 вечара да 7 раніцы. На навагодняе свята, калі надыходзіў 2011 год, варта на нашай пляцоўцы стаяла суткі. А да гэта ўвечары 31 снежня Сяргея былі затрымалі, і я ўжо думала, што буду Новы год адна сустракаць. Потым, праўда, адпусцілі, але паставілі “ахову на пляцоўцы.
— А пра тое, што муж збіраецца падняць сцяг на ёлцы, на такой страшэннай вышыні, ты што-небудзь ведала?
— Ён мне сказаў, што хоча зрабіць нейкі ўчынак, за 20 хвілін перад тым, як сысці з дому. Але які ўчынак, дзе і калі — я нічога не ведала. Даведалася, калі Сяргея затрымалі. Першыя думкі былі такія: “Як ён? Што з ім будзе? Што будзе са мной? Яго з намі зноў няма, і наколькі — невядома… А што гэтая ёлка — 35 метраў, што ён туды здолеў залезці, мяне не здзівіла. У Сяргея добрая фізічная падрыхтоўка, і для мяне гэта не было навінай. І калі ён штосьці захоча зрабіць, ён гэта зробіць. Аднак тое, што ён вывесіў сцяг у месцы, дзе шмат міліцыі, гэта, канешне, было для мяне нечаканасцю, цудам.
— Ці адчувала ты нейкі ціск на працы з-за дзейнасці мужа?
— Спачатку я працавала настаўніцай хіміі ў СШ №31. Ціск пачаўся, калі з’явіўся сцяг на Уваскрасенскай царкве. Тады да мяне прыйшоў чалавек з органаў і стаў культурна так пагражаць: “Паўплывайце на свайго мужа, а то можаце і без працы застацца. Аднак са школы я сышла сама. Прычына зусім не ў дзейнасці мужа. А ў тым, што настаўнікам мала плацяць, і работа гэта вельмі нервовая. Мне было цяжка ў псіхалагічным плане: калі ты настаўнік — ты заўсёды на працы. Я ставілася да сваіх абавязкаў вельмі адказна: калі з-за сямейных спраў не паспявала падрыхтавацца да ўрокаў ці праверыць сшыткі, то ўставала пасярод ночы. Мне пастаянна снілася, як я рыхтуюся да ўрокаў. І я не вытрымала, сышла. Працавала пашпартысткай, а потым, калі Сяргей здзейсніў свой учынак — сцяг на ёлцы, пайшла ў ЖЭУ дыспетчарам. І працавала там да дэкрэтнага.
— Я думаю, многім людзям цікава, які Каваленка ў звычайным жыцці, які ён бацька і гаспадар?
— Як бацька Сяргей вельмі добры. Усё, што на сёння ведае і чым займаецца наш старэйшы сын Валік, гэта заслуга ў першую чаргу не мая, а мужава. Ён прачытаў шмат літаратуры па выхаванні дзяцей. І першыя кнігі, першыя развіваючыя цацкі — усё гэта набываў Сяргей. Ён лічыць, што дзецям трэба з самага ранняга ўзросту слухаць класічную музыку. І Валік з першых дзён слухаў Чайкоўскага, Моцарта. Хлопчык у год і сем месяцаў ужо ведаў літары. Сяргей набыў азбуку ў выглядзе плаката, і хутка з ягонай дапамогай сынок ужо яе вывучыў. Увогуле, амаль усе ідэі па выхаванні дзяцей былі ягонымі. Англійская мова, маляванне ў школе ранняга развіцця, а потым скрыпка і хакей у Валіка — усё гэта прыдумаў і арганізаваў муж.
А Віка… Яна была вельмі сумная, напэўна, цэлы тыдзень, як бацьку забралі. Яна ж так любіла сядзець у яго на ручках! Ён яе гушкае, а яна ўвесь час глядзіць на яго асаблівым позіркам, як ні на каго іншага. Я яшчэ жартавала: “На цябе больш ніхто не будзе глядзець такімі закаханымі вочкамі, як дачка. А як таткі не стала, то дужа засумавала. Між іншым, дачка зараз вельмі добра есць — падбірае ўсё! Я нават думаю: можа, гэта нешта такое на ментальным узроўні адбываецца: дзіця есць і за сябе, і за бацьку, каб таму хоць трошкі лягчэй было… Віка ўвогуле вельмі падобная на Сяргея знешне — гэткая ж светлавокая і светлавалосая. А Валік больш на мяне падобны. Бацькавы толькі “ямачкі.
Сяргей заўсёды хацеў шмат дзяцей, хаця б трое. Гэта яго такая праграма-мінімум. У гэтым мы з ім на пачатку разыходзіліся. Але з гадамі светапогляд мяняецца. І зараз, калі б было ўсё добра, можа, я і нарадзіла б яшчэ адно дзіця…
— А імя Вікторыя, што значыць “перамога, гэта Сяргей дачцэ даў?
— Не, гэта дзед, Сяргееў бацька, гэтак пажадаў. Мы хацелі назваць Віку Лёляй. Так звалі бабулю Сяргея. І — славянскую багіню вясны. Але дзед вельмі нас прасіў, і мы саступілі яму. А сыну імя даў ужо Сяргей. Валянцінам звалі ягонага дзядзьку. Па словах мужа, гэта быў вельмі разумны, таленавіты і моцны характарам мужчына.
— Якія мужавы якасці цябе захапляюць? І за што ты на яго звычайна сварышся?
— Сяргей — вельмі супярэчлівы чалавек. Добрае і адмоўнае ў ім побач. Ён вельмі адкрыты, шчыры, у ім няма крывадушша. Ён максімаліст. Дрэнная рыса, якую заўважала не толькі я, — гэта запальчывасць. Але тут мы з ім — два боты пара. Увогуле ў нас шмат падобнага. Па сваіх якасцях ён — лідар. Яму важна, каб ён быў у чымсьці першым. І апошняе слова ў сям’і павінна заставацца за ім. Напачатку ў нас былі канфлікты з-за гэтага. Па маладосці хацелася паказаць свой гонар. А потым зразумела, што саступіць мужу — лепш і для сям’і, і для дзяцей. Сяргей мне казаў: “Розум жанчыны ў тым, каб умець хаця б знешне падпарадкавацца мужу. А глупства — быць вышэй за яго. Як ні круці, гэта так.
— Распавядзі пра вашы сямейныя традыцыі.
— У апошнія пяць гадоў на святочным стале ў нас увогуле няма ніякага спіртнога. Сяргей нават супраць дзіцячага шампанскага. Ён за тое, каб пітво не прапагандавалася ў сям’і, каб спіртное на стале не бачылі дзеці. Вельмі шмат увагі надае фізічнаму выхаванню сына, сочыць, каб той рабіў зарадку. Выходныя ён па магчымасці стараўся прысвяціць сям’і. Хадзіў з Валікам у музеі, цырк, заапарк.
— Зараз, канешне, калі твой муж галадае на знак пратэсту, гаварыць пра ягоныя ўлюбёныя стравы — блюзнерства… І тым не менш, вось што ён, напрыклад, любіць на сняданак? Я веру, што ты яму яшчэ абавязкова прыгатуеш нешта смачнае…
— Сяргей заўсёды імкнуўся рабіць усё правільна для здароўя. І быў накіраваны на здаровае харчаванне. Любіць нацыянальныя стравы. У нас ёсць кніга “Беларуская кухня. Моц смаку, дык гатую па ёй. Напрыклад, зразы. Я думала, гэта нейкія бульбяныя бліны. А гэта, аказваецца, такія мясныя рулецікі, у якія закручаныя кавалачак сала, смажаныя шампіньёны, морква і цыбуля. Вельмі смачна! Яшчэ любіць боршч, грэчаскі салат, садавіну, мёд. І, канешне ж, селядзец “пад шубай! Кожны Новы год ён хацеў, каб у нас была нейкая новая, арыгінальная страва. А я сама вельмі люблю Вялікдзень. Пяку тады булкі, пірагі. Праўда, атрымлівалася, што некалькі Вялікадняў Сяргея не было з намі…
— А ў храм вы ходзіце?
— Так. Сяргей — вельмі веруючы чалавек. Калі я была ў яго на мінулым спатканні, ён папрасіў, каб я хадзіла ў царкву, малілася, каб у нашай сям’і было ўсё добра. Я ведаю, што перад кожным сваім сцягам Сяргей заўсёды маліўся. І казаў мне, што гэта яму Бог дапамагае прапагандаваць нашу нацыянальную сімволіку. Было заўважна, што ён у такія моманты ўнутрана збіраецца, канцэнтруецца на тым, што збіраецца зрабіць.
— Алена, твой адказ на гэта пытанне прадказальны. Але аб чым ты зараз больш за ўсё марыш?
— Мару, каб Сяргей хутчэй быў з намі. Каб з ягоным здароўем было ўсё добра. Каб наша сям’я годна прайшла праз усё гэта. Гэтага жадае і сам Сяргей. На спатканні ён мне сказаў: “Я нічога зараз так не хачу, як быць са сваёй сям’ёй.
P.S.У лісце да намесніцы старшыні “Маладога фронту Насты Палажанкі Сяргей Каваленка пісаў: “Я без сваіх дзяцей і жонкі больш і дня жыць не магу, тым больш што ведаю, што яны таксама без мяне не могуць — пішуць мне лісты і плачуць». Ліст Наста абнародавала з прычыны таго, што справа палітвязня турбуе многіх беларусаў.
Даведка:
Сяргей Каваленка — актывіст КХП-БНФ. 16 студзеня адзначыў 37 гадоў. Нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў Віцебскі політэхнічны тэхнікум. Да зняволення быў
індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся рамонтамі кватэр. Жанаты, мае двух дзяцей — 7-гадовага сына Валянціна і 7-месячную дачку Вікторыю.
7 студзеня 2010 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на 35-метровай навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску. За што атрымаў мянушку “беларускі Бэтман і тры гады так званай “хатняй хіміі. 24 лютага 2012 года за нібыта парушэнні рэжыму адбывання гэтага пакарання атрымаў яшчэ 2 гады і 1 месяц калоніі агульнага рэжыму. З 19 снежня 2011 года трымае галадоўку пратэсту. Страціў каля 30 кілаграмаў вагі. Па словах жонкі, зараз ён важыць 56 кілаграмаў.
Акрамя свайго самага знакамітага сцяга на ёлцы, Каваленка безліч разоў уздымаў у Віцебску нацыянальныя штандары ў розных небяспечных месцах: на дахах шматпавярховых дамоў, царкве, страле будаўнічага крана, вежах электраперадач.
Паводле сайта “Народныя навіны Віцебска