Алесь Краўцэвіч: Падручнікі, якія ўвёў Лукашэнка, прарасійскія
У Цэнтры гарадскога жыцця Гродна для аматараў гісторыі пачаўся цыкл лекцый вядомага навукоўца, прафесара Алеся Краўцэвіча. Назва цыклу «Беларусь у еўрапейскім кантэксце. Гісторыя народу памежжа».
![20170216_190416.jpg 20170216_190416.jpg](/img/v1/images/20170216_190416.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На першым занятку лектар распавёў прысутным гродзенцам пра вандроўку народаў і паўстанне Беларусі.
Алесь Краўцэвіч кажа, што сістэма адукацыі ў Беларусі знаходзіцца пад пільным кантролем прарасійскіх сілаў.
— Незалежніцкія падручнікі былі забароненыя яшчэ ў 1995 годзе. Затым паціху выціскаліся з сістэмы адукацыі незалежныя гісторыкі. Людзі, якія працуюць сёння ў сістэме адукацыі, мусяць выкладаць па афіцыйных падручніках. Яны асцерагаюцца, бо ў любы момант іх могуць абвінаваціць у нелаяльнасці да рэжыму і выгнаць з працы. А падручнікі ў нас, якія ўвёў Лукашэнка ў сістэму адукацыі, прарасійскія, там беларуская гісторыя падаецца як гісторыя калоніі Расіі. Я належу да так званых суб’ектных гісторыкаў, якія лічаць, што беларусы былі ўласнымі творцамі ўласнай гісторыі.
![20170216_184243.jpg 20170216_184243.jpg](/img/v1/images/20170216_184243.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дырэктар Цэнтру гарадскога жыцця Павел Мажэйка мяркуе, што такія лекцыі будуць спрыяць таму, каб жыхары Гродна пазнавалі сваю сапраўдную гісторыю, без „белых плямаў” у мінулым.
— Не сакрэт, што беларуская гісторыя па-ранейшаму застаецца з „белымі плямамі”, з перакручанымі падзеямі, фактамі, ацэнкамі. Таму адна з мэтаў лекцый — даць магчымасць прафесійным гісторыкам выказацца, а слухачам прыняць гэтыя ацэнкі, паспрачацца з імі, падыскутаваць і ў выніку сфармаваць нейкае агульнае меркаванне.
![20170216_185000__1_.jpg 20170216_185000__1_.jpg](/img/v1/images/20170216_185000__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Цэнтры гарадскога жыцця Гродна ўжо існуе некалькі цыклаў лекцый, якія апрача Алеся Краўцэвіча, праводзяць гісторыкі Юры Гардзееў ды Генадзь Семянчук.
Наступная лекцыя Алеся Краўцэвіча адбудзецца 2 сакавіка. Яе назва: “На скрыжаваннях Еўропы. 10 ст. — сярэдзіна 13 ст.”
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара