Алесь Пушкін змагаецца за Пагоню
Вядомы мастак з Бабра Алесь Пушкін атрымаў афіцыйны адмоўны адказ на касацыйную позву ў вышэйшыя пракурорскія інстанцыі на пачатак крымінальнай справы супраць старшыні сельвыканкама Загорскага.
Загорскі сёлета публічна разарваў на Дзень Волі скапіяваную творцам выяву герба “Пагоня”, які афіцыйна з’яўляецца нацыянальна-гістарычнай каштоўнасцю краіны. Адказ быў зроблены паводле экспертызы, нібы, праведзенай Міністэрствам культуры.
Нагадаем спачатку гісторыю “пытання” вуснамі самога Алеся Пушкіна:
— 25 сакавіка я, як ужо колькі год запар, рабіў у Бабры персанальную выставу, прысвечаную БНР. Як заўжды, сядзелі назіральнікі з органаў, што нават не вылазілі з машыны. І толькі Уладзімір Аляксандравіч Загорскі, беларус, бацька трох дзяцей, новапрызначаны — бо ў нас не выбіраюць — старшыня сельсавета і адначасова сельвыканкама вырашыў “адзначыцца”. Стварыў “вобраз” мастацтва, як непатрэбнага смецця, што трэба прыбраць трактарамі. На наступны дзень звярнуўся да спадара Дзмітрыя Макарэвіча, пракурора Крупскага раёна, уручыў дыск з відэа таго, што адбылося. Праз пару дзён прыйшоў ліст, у якім паведамлялася, што справа перададзена ў следчы камітэт на ўзбуджэнне крымінальнай справы па “факту вандалізму і знявагу сімвала “Пагоня”. Заўважце, не маё азначэнне! Моўчкі чакаў вынікаў экспертызы. І — нарэшце, аблом! Паводле экспертызы, праведзенай Міністэрствам культуры РБ, было “ўстаноўлена”, што “Пагоня” з’яўляецца “нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю”, а тая выява, што зробленая Пушкіным пад капірку з былога дзяржгерба — “не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю” . А значыць, справа прыкрытая і здаецца ў архіў.
Памянёную “экспертызу” Мінкультуры падпісаў намеснік міністра Васіль Чэрнік. Да яе абмеркавання далучыўся мастак ды геральдыст, спадар Уладзімір Крукоўскі. Менавіта ён з мастаком Яўгенам Кулікам былі аўтарамі прынятага ў 1991 тагачасным Вярхоўным Саветам герба “Пагоня”, што на наступныя чатыры гады стаў дзяржаўным.
Гаворыць Уладзімір Крукоўскі:
— Як гэта не з’яўляецца малюнак Пушкіна гісторыка-культурнай каштоўнасцю, калі рашэнне аб гэтым прынятае самым Мінкультам?! Пагоня — каштоўнасць! Я ведаю, зараз пэўныя рухі ідуць, каб зрабіць “каштоўнасцю” і бел-чырвона-белы сцяг. Таму выказванне пра “не з’яўляецца” можна было б дараваць намесніку міністра аўтатранспапрту. З вуснаў жа культуролага, лічу гэта прафесійным ідыятызмам! Мы гаворым пра Пагоню, як пра гістарычны сімвал і герб ВКЛ, Беларусі ў пэўны перыяд. Намаляваў яе Пушкін ці малое дзіця, калі ён утрымлівае адпаведныя параметры ды прыкметы — гэта “каштоўнасць”! А гэта — збройны рыцар на кані ў цяжкім шаломе, з латамі, панцырам, мячом, у левай руцэ вершніка шчыт з шасціканцовым канцом, конь белы. Гэта тое, што акрэслівае гістарычную Пагоню канца 14 стагоддзя. І растаптаць нават дзіцячы малюнак, калі ён утрымлівае гэтыя сімвалы — гэта і ёсць абраза! Як і спаленне яе, рванне, таптанне. Усё гэта мусіць падвяргацца крымінальнаму пераследу.
Гаворыць Алесь Пушкін:
— Успрымаю палітычнае змаганне, як канкурэнцыю твораў мастацтва, ідэй. А такія людзі, што робяць брудныя ўчынкі, не павінны працаваць у дзяржорганах . У маім родным Бабры мусіць шанавацца Пагоня!
Алесь Пушкін ды Уладзімір Крукоўскі лічаць, што ў канцавым варыянце “кошт” пытання пра “Пагоню” — гэта культура і чалавечае сумленне беларусаў. А таксама — вердыкт будучай Гісторыі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя