Алімпіяда як асабістая параза Лукашэнкі
Гульні ў Токіа па планах уладаў павінны былі стаць выставай дасягненняў спартыўнай гаспадаркі. Выйшла наадварот.
Беларуская дэлегацыя паказала горшы за ўвесь час вынік на Алімпіядах — толькі 7 медалёў, піша ў «Салідарнасці» Міхаіл Мірановіч.
Ад стабільнасці да дэградацыі
У суверэннай спартыўнай гісторыі можна вылучыць два перыяды. У 1996-2008 гадах Беларусь стабільна прывозіла з летніх Алімпіяд 15±2 медалі. Але тады ўзнагароды здабывалі атлеты, якія выйшлі на арбіту яшчэ ў дапрэзідэнцкі перыяд.
На Гульнях у Лондане ўжо павінен быў праявіцца вынік інвестыцый у спорт, зробленых пры Аляксандры Лукашэнку. Ён асабіста планаваў знакавы рывок.
Але замест грандыёзнага поспеху здарылася «вялікая нечаканасць». На Алімпіядзе-2012 беларускія спартсмены заваявалі 10 медалёў.
Гэта можна было б палічыць выпадковасцю, але не. Менавіта з Лондана пазначылася тэндэнцыя на дэградацыю. У Рыа-2016 узнагарод аказалася ўжо 9. Прычым, адзінае золата ўдалося атрымаць у скачках на батуце — не самым высокаканкурэнтным і папулярным у публікі відзе спорту.
Да Токіа рыхтаваліся ўжо без голаснага агучвання амбіцыйных медальных планаў. Тым не менш, стаяла задача здабыць не менш за 20 месцаў на п’едэсталах. На практыцы выйшла ў тры разы менш. З узнагародамі вышэйшай пробы была б зусім бяда, але зноў жа выратаваў батут.
Другое золата Беларусь атрымала б са 100% верагоднасцю, калі б у алімпійскай праграме прысутнічаў такі від спорту, як «скандалы». Спроба датэрмінова адправіць дадому бягуню Крысціну Ціманоўскую прывяла да таго, што яна збегла на Захад. Гэтая гісторыя стала топ-навіной у галоўных сусветных медыя, з вялікім адрывам зацямніўшы ўсе іншыя «тарарамы», якія здарыліся ў Токіа. Прычым, галоўнае надзвычайнае здарэнне гульняў зладзілі на роўным месцы — дзякуючы ланцуговай рэакцыі некампетэнтнасці чыноўнікаў розных узроўняў.
У выніковым медальным заліку Беларусь заняла месца ў сярэдзіне пятага дзясятка, прапусціўшы наперад такія «спартыўныя» дзяржавы, як Уганда, Эквадор, Косава... Косава!!! І, дарэчы, многія постсавецкія дзяржавы: Узбекістан, Грузію, нашу паўднёвую суседку, у якой, па версіі прапаганды, усё развальваецца. «Хочаце як ва Украіне?» 19 медалёў вязуць украінскія спартсмены з Алімпіяды ў Японіі.
Хто вінаваты і што далей?
Лукашэнка ўжо па ходзе такійскіх гульняў выказаў сваю незадаволенасць вынікамі беларускіх спартсменаў.
Асноўны разбор палётаў, зрэшты, яшчэ наперадзе. У «прадчуванні грандыёзнага шухеру» сёй-той падаў у адстаўку, не чакаючы заканчэння Алімпіяды, — як, напрыклад, кіраўнік федэрацыі тэніса Сяргей Цяцерын, які абяцаў два залатых медаля ў сваім відзе.
Як правіла, Лукашэнка запытвае за правалы на канкрэтных кірунках з іх кіраўнікоў. Але... Ён сам узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт без малога чвэрць стагоддзя! А калі вымушаны быў усё ж такі пакінуць гэтую пасаду, перадаў яе па спадчыне — старэйшаму сыну.
Віктар Лукашэнка атрымаў гэтую пасаду ў тым ліку зыходзячы з разліку, што Такійская Алімпіяда стане трыумфам сямейнага клана. Аднак гэтыя чаканні былі не спраўджаныя, прычым жорстка.
Вядома, стрэлкі можна перавесці на міністра спорту. Але, аб’ектыўна кажучы, з Сяргея Кавальчука попыт невялікі. Усё-ткі ён па спецыяльнасці артылерыст з вопытам працы ў прэзідэнцкай службе бяспекі. Галоўнае спартыўнае дасягненне Кавальчука — трэцяе месца на чэмпіянаце па більярдзе сярод супрацоўнікаў і ветэранаў органаў бяспекі краін СНД. Так што, пытацца трэба з таго, хто прызначыў чалавека з блізкім да нулявога кіраўніцкага вопыту адразу на пасаду міністра. А гэта зноў жа Лукашэнка.
Вядома, па выніках разбору палётаў будзе дадзены шэраг «каштоўных указанняў», што трэба зрабіць, каб Беларусь на наступных Алімпіядах паказала ўсім кузькіну маці. Але, калі гэта не ўдалося зрабіць за ўсе папярэднія гады кіравання, то няма ніякіх падстаў меркаваць, што пад тым жа «мудрым кіраўніцтвам» атрымаецца пераламаць ход падзей у будучыні. 27 гадоў — дастатковы тэрмін, каб прадэманстраваць узровень сваёй (не)кампетэнтнасці.
Больш таго, на гарызонце маячыць перспектыва чарговага правалу. Менш чым праз паўгода павінна пачацца Зімовая Алімпіяда ў Пекіне. І вельмі верагодным выглядае сцэнар, у якім па выніках гэтых гульняў у графе «медалі» ў Беларусі ўпершыню будзе значыцца 0.