Аляксандр Мілінкевіч: Яны не разумеюць святасці крыжа

Палітык Аляксандр Мілінкевіч прагназуе, ці могуць улады вярнуць курапацкія крыжы тым, хто іх усталёўваў.

prezentaciya_knigi_sprava_belyackaga_02_833x400.jpg



Нагадаем, што Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што можа вярнуць крыжы, якія вывезлі з Курапатаў, калі іх уласнікі звернуцца з дакументамі, якія сведчаць пра ўласнасць на іх.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў Радыё Рацыя:

— Спадзяюся, што ва ўладзе ёсць людзі, якія разумеюць, што яны проста праваліліся з гэтай акцыяй па зносе крыжоў у Курапатах. Імідж улады пасля такіх дзеянняў і насамрэч вельмі пагоршыўся не толькі ўнутры краіны, але і за яе мяжой.

Тым больш, набліжаюцца выбары, і, можа быць, улада хацела б адкруціць сітуацыю назад, бо ў такіх выпадках вельмі важна захаваць твар, але Курапаты — гэта палітыка.

З аднаго боку, яны можа і не супраць выправіць свае памылкі, а з іншага хочуць паказаць сваю моц і магчымасці поўнага кантролю над усім. Таму, відаць, і не хочуць наступаць на горла ўласнай песні.

— Ці могуць вярнуць крыжы іх уласнікам?

— Могуць, але тут трэба разумець, што наша вярхоўная ўлада жыве ў сваім савецкім свеце, яны не разумеюць святасці крыжа. Нават для людзей няверуючых крыж — гэта вялікі сімвал. А падзяляць крыжы на “дазволеныя” і “недазволеныя” — гэта наогул поўны анахранізм. Адразу прыпамінаюцца крыжы, якія камуністы і камсамольцы знішчалі, скідвалі з цэркваў званы.

Гэтая сітуацыя для ўладаў вельмі крытычная, але лепш выпраўляць памылкі, чым настойваць на тым, што ўсё робіш слушна. Калі вы заяўляеце, што Беларусь — еўрапейская дзяржава, то трэба ісці далей, а не паступаць як пры таталітарных рэжымах.

— Навошта было наогул абвастраць сітуацыю?

— Няма інтуіцыі, бо калі робіш такія крокі, то трэба было б пралічыць і рэакцыю на іх. Улада, як ужо казаў, жыве ў сваім свеце, а людзі ў сваім. Улада не адчувае сувязі з людзьмі, няма камунікацыі. Паміж імі — бездань.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя