На мяжы выбараў

Ціск на грамадзянскую супольнасць — прыкмета пачатку палітычнай кампаніі.

strugackija_1_logo.gif


Улады пачалі, здавалася б, незразумелы наступ на грамадзянскую суполь­насць. Знос крыжоў у Курапатах — нахабная дэманстрацыя «свайго месца» для апазіцыі. Рэпрэсіі ў Брэсце, датычныя пратэстоўцаў супраць пуску акумулятарнага завода. Забарона шырокага святкавання Дня Волі ў Мінску. Уціск незалежнага прафсаюзу гарнякоў на «Беларуськаліі». І, канешне, ператрус у мінскім офісе тэлеканала «Белсат».

Зазвычай улада дзейнічае такім чынам выключна перад нейкімі вельмі важнымі падзеямі. Найчасцей — перад маштабнай палітычнай кампаніяй.

Асабліва цікава тое, што і забарона Дня Волі, і знос крыжоў у Курапатах падкрэслена адбываліся нібыта «па загадзе» персанальна Аляксандра Лукашэнкі. У часе «вялікай размовы» той казаў і пра святкаванне ўгодкаў БНР, і пра «навядзенне парадку» ў Курапатах. Выглядае, што іншыя прадстаўнікі выканаўчай улады ўсяляк імкнуцца прадэманстраваць: кіраўнік дзяржавы трымае руку на пульсе, яму да ўсяго ёсць справа, ён кантралюе любую сітуацыю.

Застаецца толькі варажыць: якая палітычная кампанія нас чакае. На носе іх дзве: выбары парламенцкія і прэзідэнцкія.

Парламенцкія выбары — не такая значная падзея, каб дзеля яе пачынаць хвалю рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ды дэманстратыўна руйнаваць Народны мемарыял у Нацыянальным некропалі. Дзеля парламенцкай кампаніі ўлады наўрад ці будуць сварыцца з Польшчай, з якой толькі-толькі наладзілі шчыльны кантакт, праз уціск тэлеканала «Белсат» (які фармальна ёсць структурай польскага TVP). І, канешне ж, парламенцкія выбары — не нагода для таго, каб паўсюль падкрэсліваць значнасць кіраўніка дзяржавы.

Імаверна, узімку гэтага года нас чакае прэзідэнцкая кампанія.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына апошнім часам пастаянна падкрэслівала: ЦВК рыхтуецца да «разведзеных па часе» выбарчых кампаній, адна з якіх пройдзе напрыканцы гэтага года. Якая гэта будзе кампанія — парламенцкая альбо прэзідэнцкая, — яна не ведае. Аднак парламенцкую кампанію ў гэты час правесці складана.

Па-першае, калі абіраць у гэты час новы склад Палаты прадстаўнікоў — гэта азначае ці не на год скараціць паўнамоцтвы дзеючага парламента. Такі крок з пункту гледжання права вельмі сумнеўны. Па-другое, у такім выпадку перадвыбарчая кампанія прыпадае якраз на напружаную сесію ППНС, на якой зазвычай прымаецца бюджэт на наступны год. То-бок, праводзіць у 2019-м выбары ў парламент азначае адно з двух: альбо пазбавіць дзеючых дэпутатаў магчымасці агітацыі, альбо застацца без бюджэту.

Іншая справа — прэзідэнцкія выбары. Іх можна правесці раней «дзеля зручнасці» і не толькі. Заўчасныя прэзідэнцкія выбары — не будзем забывацца — гэта фішка Аляксандра Рыгоравіча. Так было і раней. Напрыклад, прэзідэнцкія выбары 2006 года павінны былі быць праведзеныя ў ліпені, а прайшлі ў сакавіку. Выбары снежня 2010 года павінны былі адбыцца на самай справе ў лютым 2011 года. Нарэшце, апошнія па часе прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015 года па законе павінны былі праводзіцца не раней за лістапад 2015 года.

Лукашэнка стала пасоўвае падаўжэнне свайго тэрміна на «раней». Не выключана, што і цяпер ён зробіць тое ж самае. Па-першае, ён такім чынам «сціскае час» для сваіх апанентаў на падрыхтоўку (калі прэзідэнцкія выбары будуць абвешчаныя на студзень, пра «праймерыз» правацэнтрысцкай кааліцыі, напрыклад, ужо можна забыцца). Па-другое, зразумела, што эканамічная сітуацыя будзе толькі пагаршацца. І таму пралангацыю кіравання Лукашэнкі право­дзіць трэба чым раней, тым лепей.

У прэзідэнцкіх выбарах — 2019 ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Калі яны пройдуць у 2019-м, то наступныя, праз пяць гадоў, па часе супада­юць з расійскімі прэзідэнцкімі выбарамі 2024 года. Пра тыя расійскія выбары ўжо кажуць як пра «дылему Пуціна» — ён павінен або сысці, або нейкімі выкрутасамі застацца на сваёй пасадзе. Адным з такіх выкрутасаў называюць стварэнне паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на чале якой і стане Пуцін. Калі ж беларускія прэзідэнцкія выбары супадаюць па часе з расійскімі — расійскае кіраўніцтва будзе занадта занятае сваімі праблемамі, каб ціснуць на Лукашэнку.

Чакаецца, што пра выбары кіраўнік дзяржавы нешта скажа 19 красавіка, падчас паслання народу і парламенту. Да гэтага моманту засталося няшмат часу. Пачакаем.